Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 ліпеня 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

У выніковы дакумант восьмай сэсія парлямэнцкай асамблеі АБСЭ ўвайшла рэзалюцыя ў справе сытуацыі ў Беларусі, якая дэманструе рашучы намер АБСЭ дамагчыся правядзеньня ў Беларусі вольных выбараў.

У выніковых дакумэнтах сэсіі ішла размова пра тое, што ўсе краіны АБСЭ павінны перасьледваць і арыштоўваць асобаў, абвешчаных у якасьці ваенных злачынцаў трыбуналам у справе былой Югаславіі. Гэта значыць, Мілошавіча ды іншых.

Расея рэзка выступала супраць гэтага пункту. Расейская дэлегацыя з гэтай прычыны не галасавала за ўсю "косаўскую" рэзалюцыю, але – апынулася ў адзіноце.

Вельмі балючы ўкол атрымала Расея і калі была прынятая рэзалюцыя ў справе Аляксандра Нікіціна, расейскага афіцэра, якога абвінавачваюць у шпіянажы. У рэзалюцыі "справа Нікіціна" кваліфікуецца як парушэньне расейскай Канстытуцыі і правоў чалавека. Расейцы шмат разоў заяўлялі, што прыняцьцё такой рэзалюцыі – умяшальніцтва ва ўнутраныя справы Расеі, але бязвынікова. Невялікай, але ўсё ж большасьцю рэзалюцыя была прынятая.

Ну, і нарэшце рэзалюцыя ў справе Беларусі. Тут беларускія афіцыйныя СМІ крыху маюць рацыю: у ёй сапраўды а ні словам не ўзгадваецца калізія паміж канстытуцыямі 1994 і 1996 гадоў, а ні сканчэньне ў ліпені легітымных прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі.

Але сэнс рэзалюцыі ня ў тым, як гэта падаюць беларускія дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі. Што, маўляў, дастаткова правесьці на Беларусі парламэнцкія выбары ў 2000 годзе, — і усё будзе ў парадку. Перад краінай адчыняцца ўсе дзьверы ў Эўропе.

У рэзалюцыі ўтрымліваецца заклік да ўраду Беларусі, каб выбары прайшлі ў адпаведнасьці з прынцыпамі АБСЭ, каб палітычныя партыі і апазыцыйныя групы атрымалі час на дзяржаўным радыё і тэлебачаньні. Дарэчы, расейцы прапаноўвалі зьмяніць словы "апазыцыйныя групы" на "апазыцыйныя рухі", інакш, маўляў, кожны апазыцыянэр запатрабуе для сабе трыбуну. Але і гэтая прапанова Расеі была ветліва адхіленая.

Такім чынам, размова ідзе пра правядзеньне не абы-якіх парламэнцкіх выбараў, а – толькі вольных і справядлівых, пад пільным наглядам АБСЭ. Больш таго, у рэзалюцыі ёсьць сказ: "Пашыраць межы палітычнага дыялёгу ў Беларусі з тым, каб правесьці выбары ва ўмовах, аб якіх здоляюць дамовіцца ўсе палітычныя бакі, і здольных прывесьці да ўзаемапрымальных вынікаў".

Такім чынам, умовы вольных выбараў павінныя стаць вынікам перамоваў улады з апазыцяяй, а прадметам перамоваў могуць быць і канстытуцыйныя пытаньні.

Паўтарэньне на парламэнцкім узроўні сцэнару выбараў у мясцовыя саветы ня зьменьшыць ізаляцыю Беларусі. Не свабодна абраны заканадаўчы ворган будзе не прызнаны гэтак жа, як зараз не прызнаюць "нацыянальны сход".

Улада можа хітрыкамі, праз 2чорны ход" правесьці свайго прадстаўніка на сэсію парламэнцкай асамблеі ў якасьці госьця.

Але ў Эўропу такім шляхам патрапіць нельга.

Варта адзначыць, што афіцыйны Менск можа разьлічваць на Расею толькі часткова. Так, расейцы шмат у чым былі назгодныя з большасьцю прапановаў, але нарэшце прагаласавалі і за "беларускую" рэзалюцыю, і за санкт-пецярбурскую дэклярацыю ў цэлым. І, відаць, не здарма кіраўнік амэрыканскай дэлегацыі Крыстафэр Сьміт заявіў, што пры дапамозе менавіта расейскіх сяброў АБСЭ прымусіць беларускія ўлады пайсьці на дыялёг.

Пасьля сэрыі паразаў, якія пацярпелі расейцы на сэсіі, гэты сказ гучаў даволі іранічна. Але, відаць, беларускае пытаньне робіцца прадметам перамоваў аб аказаньні эканамічнай дапамогі Расеі.

І толькі у крывым люстэрку беларускіх дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі сэсія парламэнцкай асамблеі АБСЭ можа выглядаць як перамога афіцыйнага Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG