Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 ліпеня 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Самай вялікай нечаканасьцю суботняга Сойму Беларускага Народнага Фронту сталі заявы Зянона Пазьняка, які, фактычна, адмовіўся ад ранейшых прапановаў аб увядзеньні жорсткай сыстэмы кіраваньня і заявіў пра дэлегаваньне часткі сваіх паўнамоцтваў калектыўнаму воргану – Сойму.

Раней, нагадаю, Зянон Пазьняк выступаў за ўвядзеньне пасады аднаго першага намесьніка, якога б прызначаў старшыня.

Заявы прагучалі напярэдадні з'езду БНФ, які заплянаваны на канец ліпеня.

Калі старшыня БНФ будзе за мяжой, — гаворыцца ў дакладзе Пазьняка, — то павінна быць актывізаваная дзейнасьць кіруючых асобаў і кіруючых ворганаў Фронту. Усе канкрэтныя задачы і праблемы працы павінны вырашацца ў Беларусі, а Старшыня БНФ мусіць узяць на сабе агульныя пытаньні стратэгіі, выступаць з прапановамі, курыраваць палітыку БНФ і замежную дзейнасьць Фронту.

"Асабліва цяжка, — гаворыць Зянон Пазьняк, — займацца разьвязаньнем канфліктаў, якія, да сораму нашага, пастаянна ўзьнікалі ў кіраўніцтве. Таму выпраўленьне сітуацыі трэба бачыць у аднаўленьні кіраўніцтва БНФ у Беларусі. Яно павінна быць неканфліктным".

Пазьняк прапануе ўтварыць палітычны камітэт фронту, які павінен быць дарадчым ворганам пры Сойме і старшыні БНФ. Палітычны камітэт павінен узначальваць сам Зянон Пазьняк.

Усе гэтыя прапановы павінны быць зацьверджаныя на чарговым, 6-ым з'езьдзе БНФ, які адбудзецца 31 ліпеня – 1 жніўня. З'езд абяцае шмат нечаканасьцяў, бо менавіта на ім будуць, так бы мовіць, высьвятляць адносіны прадстаўнікі розных поглядаў у кіраўніцтве БНФ.

З аднаго боку, як вядома, стаяць намесьнікі старшыні БНФ Вінцук Вячорка, Юрась Хадыка, адказны сакратар Управы Вячаслаў Сіўчык, кіраўнікі Магілеўскай і Гарадзенскай абласных арганізацыяў БНФ. З другога боку – намесьнікі старшыні Сяргей папкоў і Юрась Беленькі, адказны сакратар Анатоль Крыварот, якія да апошняга часу рэтрансьлявалі думкі самога Зянона Пазьняка.

(Вядучы: ) "Юрась, скажы, калі ласка, а якія новыя функцыі набудзе гэты новы ворган, палітычны камітэт, а таксама, што прапануе Пазьняк, пашыраная Управа? Ці можа гэта азначаць, што частка новых функцыяў пераразьмяркуецца на карысьць новых ворганаў?"

(Карманаў: ) "Гэта будуць, пераважна, дарадчыя ворганы, і, паводле прапановы Пазьняка, палітычны камітэт павінен быць дарадчым ворганам пры Сойме і старшыні БНФ. Склад палітычнага кмітэту фармуе Сойм і старшыня БНФ, але зацьвярджае Сойм. Кіраўніком жа палітычнага камітэту з'яўляецца, паводле прапановы Пазьняка, сам старшыня БНФ. Ітам ёсьць агаворка, што ён можа быць кіраўніком толькі ў выпадку знаходжаньня ў Беларусі, а калі старшыня за мяжой, дык кіруе палітычным камітэтам выконваючы абавязкі старшыні, а старшыня з'яўляецца толькі намінальным кіраўніком. Палітычны камітэт, паводле прапановы Пазьняка, аналізуе палітычную сытуацыю, робіць прапановы, палітычныя распрацоўкі, ацэнкі і рэкамэндацыі для Сойму БНФ. Другі ж ворган, які таксама прапануе ўтварыць Пазьняк – гэта пашыраная Ўправа БНФ. Яна складаецца зь сяброў Управы Сойму БНФ, кіраўнікоў абласных арганізацыяў і кіраўнікоў Радаў двух буйных гарадоў з кожнай вобласьці.

(Вядучы: ) "Ці можна сказаць, што Зянон Пазьняк пайшоў на пэўнае зьмяньшэньне сваёй ролі ў Фронце і на большую дэмакратызацыю жыцьця БНФ? Ці можна сказаць, што лідар БНФ пайшоў на пэўны кампраміс дзеля адзінства Фронту, прапаноўваючы вось такія зьмены?"

(Карманаў: ) У сітуацыі, у якой зараз знаходзіцца БНФ, прыняцьцё кампраміснага рашэньня, безумоўна, будзе з'яўляцца прыкметай дэмакратызацыі гэтай арганізацыі. Нагадаю, што існаваньне жорсткай структуры кіраваньня можа быць апраўдана толькі ў сытуацыі, калі арганізацыя знаходзіцца ў глыбокім падпольлі і дзейнічае нелегальна. Пакуль што Фронт дзейнічае адкрыта. І той факт, што рашэньні ў БНФ будуць прымацца калектыўна, а не адным чалавекам, і тут, у Беларусі, а таксама той факт, што з'явіцца палітычны камітэт, які будзе аналізаваць розныя сытуацыйныя варыянты рэагаваньня на палітычную каньюнктуру, — ілюструюць, што пытаньне, так бы мовіць, "важдзізму" робіцца для БНФ неактуальным.

(Вядучы: ) "Аднак ці можна сказаць, што пасьля прыняцьця гэтых прапановаў будзе зьнятая пагрозза пра раскол Фронту, пра якую так шмат кажуць у апошнія месяцы? Ці можна сказаць, што менавіта з'яўленьне гэтых прапановаў можа пазбавіць БНФ ад расколу?"

(Карманаў: ) Пакуль што выглядае, што на 6-ым з'езьдзе пытаньне расколу будзе ўсё ж зьнятае. Усе разумеюць, што калі Зянон Пазьняк ня будзе пераабраны старшынём БНФ, то нават і без ягонага жаданьня зьнізу пойдзе ініцыятыва прыхільнікаў Пазьняка пра стварэньне новай партыі на чале з Зянонам Станіслававічам. Рэальна гэта можа азначаць, што ўзьнікне дзьве непрымірымыя партыі з аднолькавай стратэгіяй. Непажаданасьць гэтага варыянту разьвіцьця падзеяў разумеюць усе. І менавіта таму Пазьняк, што называецца, перакрочыў праз сябе і сам выступіў з прапановай залагоджваньня войстрых вуглоў, перадаўшы частку паўнамоцтваў калектыўным ворганам кіраваньня і захаваўшы пры гэтым за сабой прадстаўнічыя функцыі і вельмі важныя функцыі выпрацоўкі стратэгіі БНФ. Нагадаю, што менавіта Пазьняк папярэджвае зараз нацыянальна арыентаваную частку грамадзтва пра небясьпеку стварэньня ў Беларусі прарасейскай, але – дэмакратычнай апазыцыі, якая праз крэмль можа пераняць уладу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG