Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 09 ліпеня 1999 г.


Мікола Іваноў, Прага

У СЬВЕТ НА ЗАРОБКІ. Эўрапейскі саюз – гэта 15 краінаў Эўропы, якія праводзяць скаардынаваную фінансавую, эканамічную і нават вонкавую палітыку. Саюз гэты, хаця і падзелены нацыянальнымі межамі, але для патэнцыйных шукальнікаў заробку з Беларусі, з'яўляецца адзінай прастарой зацікаўленьня. Таму што палітыка ўсіх краінаў ЭС у дачыненьні да заробкавых эмігрантаў агульная.

Наш агляд заробкавых пэрспэктываў для беларусаў у Зўрапэйскім Саюзе мы вырашылі пачаць з Фінляндыі. Гэта адзіная краіна саюзу, якая мае супольную мяжу з былым СССР, да таго ж у савецкія часы яна была вельмі цесна зьвязаная з ім. Фінляндыя адносна малады член ЭС, і зусім нядаўна яна прывяла сваё законадаўства ў адпаведнасць з патрабаваньнямі эўрапэйскай вуніі.

Даволі істотным для нашага выбару было і тое, што менавіта ў Фінляндыі на працягу апошніх амаль шасці гадоў жыве і працуе беларускі літаратар і перакладчык Якуб Лапатка, які стаў экспэртам і кансультантам у справах нашага зацікаўленьня.

Фінляндскі час адпавядае беларускаму, і калі я раніцай пазваніў у Гельсынкі да Якуба Лапаткі, ён як раз зьбіраўся на працу. Працуе Якуб у сталіцы Фінляндыі перакладчыкам, і як сцвярджае, попыт на людзей гэтай прафэсіі тут даволі значны. Попыт гэты, аднак, зусім не азначае, што аўтаматычна кожны знаўца фінскай мовы можа знайсьці тут працу. А вось што сам Якуб Лапатка гаворыць пра агульные пэрспэктывы працаўладкаваньня ў Фінляндыі:

(Лапатка:) " У Фінляндыі даволі шмат людзей з былога Савецкага Саюзу, якія прыехалі сюды больш для жыцьця, чымся дзеля заробкаў. Але ўладкавацца тут на працу не так легка, таму, што расказы пра тое, што нашыя танныя рабочыя рукі ўсюды патрэбныя – гэта міф. Бог яго ведае, хто яго стварыў.
Справа ў тым, што на Захадзе, і ў Фінляндыі таксама, дзеля таго, каб працаваць трэба мець запрашэньне нейкай фірмы і дзвол на працу ад паліцыі. І таму сюды не надта разгонішся ехаць на заробкі. Праўда, ёсьць такая катэгорыя працы як летняя. Вось летам тут шмат працы. Зьбіраюць шмат клубнікі, розных ягадаў. Людзей афіцыйна наймаюць і добра плацяць".

Фінляндыя адна з багатых эўрапэйскіх краінаў. Нацыянальны даход на душу насельніцтва тут перавышае 23 тысячы даляраў. Гэта амаль у 7 разоў болей, чымся ў Беларусі. Фінляндыі таксама адна з самых маланаселеных краінаў Эўропы. Яе насельніцтва не перавышае і 4 млн. чалавек, і здавалася б тут павінен існаваць недахоп працоўных рук. У сапраўднасьці ж, усё зусім інакш. Напрыклад, надзвычай разьвітая дрэваапрацоўчая прамысловасць краіны (фінскае дрэва і папера прадаецца па ўсяму сьвету) нагэтулькі механізаваная, што працуе там вельмі абмежаваная колькасць рабочых.

Узровень беспрацоўя ў Фінляндыі – самы высокі сярод краінаў Эўрапэйскага Саюзу. Без працы тут застаецца апошнімі гадамі да 15% працаздольнага насельніцтва. І гэта, бясспрэчна, вельмі негатыўны чыньнік для тых, хто хоча прыехаць сюды на заробкі. Але на пэрспэктывы летняй працы гэтая неспрыяльная акалічнасць не распаўсюджваецца. Штогод улетку сюды прыязджаюць тысячы так званых сязонных рабочых з Польшчы, Прыбалтыйскіх краінаў, а апошнім часам і з Расеі. Беларусаў сярод сязоньнікаў няшмат, хаця магчымасьці ў іх абсалютна роўныя з тымі, хто такую працу атрымлівае. І таму я запытаўся ў Якуба Лапаткі: як жа найбольш эфэктыўна шукаць гэтую працу? Вось што ён мне адказаў:

(Лапатка : ) "Каб атрымаць летнюю працу трэба звяртацца перш за ўсё да пасярэдніцкіх кантораў. Такія канторы існуюць у Мурманску, Петразаводску, Санкт-Пецербургу, яны за невялічкую платы арганізоўваюць афіцыйны прыезд на заробкі сюды. У іх ёсць дамоўленасць з фінскімі фірмамі, якія займаюцца пастаўкамі клубнікі, а таксама пастаўкамі розных ягадаў. Там яны афармляюцца і едуць сюды на месяц – два – тры. Бо зьбіраюць тут гэтую клубнікі пастаянна, і яна канчаецца толькі ў жніўні. Шукаць летнюю працу можна таксама праз інтэрнэт. Я ведаю, што ў самой Фінляндыі на біржах працы стаяць камутары, і кожны, хто зацікаўлены ў летняй працы, пераважна студэнты, можа там знайсьці прапановы".

Якуб Лапатка ў Фінляндыі працуе перакладчыкам. Перакладае з фінскай і на фінскую мовы з беларускай, расейскай, ангельскай. Спачатку, калі амаль 6 гадоў таму ён прыехаў у Фінляндыю, атрымаўшы стыпендыю фінскага ўраду, ён спэцыялізаваўся на перакладах фінскай літаратуры на беларускую мову, але з часам ягоныя перакладчыцкія абавязкі пашырыліся. І цяпер у рамках сваёй перакладчыцкай працы яму даводзіцца сустракацца з новымі эмігрантамі-лекарамі, інжынэрамі і інш. Які шлях падобных высокакваліфікаваных спэцыялістаў на фінскі рынак працы? Як трактуе іх фінскае законадаўства? І ўвогуле: як можна ахарэктарызаваць фінскае працоўнае законадаўства?

(Лапатка : ) Калі нехта з такіх людзей прыехаў сам, ці падаўся ў бежанцтва, можа быць ён доктар, ці інжынер, нікога лёс такіх людзей тут не цікавіць. Яму трэба самому шукаць, прапанаваць, але не ведаючы мовы, ну што ты тут будзеш рабіць. Іншая справа, калі нейкая фірма запрашае, тады яна афармляе дазвол на працу, афармляе ў паліцыі, і чалавек тут працуе на пэўных умовах і гэтак далей.
Я, напрыклад, ведаю тут аднаго лекара, які прыехаў сюды са сваёй жонкаю, але ягоны дыплём тут не прызналі. Практыкаваць яму тут нельга, трэба здаваць экзамен мовы, трэба здаваць таксама адпаведныя экзамены, якія пацвярджаюць гэты дыплём. Праўда, існавала нейкая дамоўленасць паміж былым Савецкім Саюзам і Фінляндыяй аб узаемным прызнаньні дыплёмаў, і тэарэтычна можна скласьці адпаведныя неабходныя паперы ў міністэрства адукацыі, яны там праводзяць ідэнтыфікацыю і выдаюць табе пасведчаньне, што дыплём адпаведае фінскаму. Але гэта толькі тэарэтычна".

Якуб Лапатка – эмігрант са стажам, хаця ён і адмаўляецца адназначна сцвердзіць, што пакінуў Бацькаўшчыну назаўсёды. Яго зьвязваюць з Беларусьсю шматлікія бачныя і небачныя ніці. Ён таксама перакананы, што кожнаму павінна быць загарантаваны годны і стабільны заробак дома, і што амаль кожная эміграцыя, няхай сабе і часовая, - гэта малая трагедыя.

Але як зрабіць так, каб выязд на заробкі быў натуральнай з'явай чалавечага існаваньня, каб беларусы за мяжой не адчувалі сябе паніжанымі? Што трэба зрабіць, каб беларусы маглі свабодна выязджаць за мяжу на заробкі і свабодна вяртацца дамоў? Адказы сталага жыхара фінскай сталіцы Гельсінкі Якуба Лапаткі на гэтыя і іншыя пытаньні – у наступнай перадачы сэрыі "У сьвет на заробкі".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG