Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 ліпеня 1999 г.


Юры Дракахруст, Санкт-Пецярбург

Сёньня на паседжаньні камісіі АБСЭ ў справе правоў чалавека выступіў беларускі дэпутат Анатоль Лябедзька. Ён выказаўся за падвышэньне ролі АБСЭ ў вырашэньні палітычнага канфлікту ў Беларусі.

Тэма восьмай сэсіі парлямэнцкай асамблеі АБСЭ – агульная бясьпека і дэмакратыя ў ХХ1 стагодзьдзі. Сёлета ў лістападзе на саміце гэтай арганізацыі, які адбудзецца ў Стамбуле, мяркуецца прыняць Хартыю эўрапейскай бясьпекі. На сваёй сэсіі парляманцкая асамблея выпрацоўвае прапановы для Хартыі. Частка зь іх была агучаная ў выступе прадстаўніка ў справе палітычных пытаньняў Элсі Гацінгса.

У прыватнасьці, размова ідзе аб тым, каб пры прыняцьці рашэньняў у АБСЭ ўвесьці прынцып прыблізнага кансэнсусу. Гэта значыць, каб арганізацыя магла дзейнічаць, калі нават адна краіна-удзельніца выказваецца супраць гэтага. Прапануецца таксама ўвесьці інстытут групаў дэмакратызацыі, складзеных з парлямэнтараў розных краінаў, якія маглі б выяжжаць у крызісныя рэгіёны і спрыяць вырашэньню крызісаў і ўсталяваньню дэмакратыі. Выказваецца таксама ідэя стварэньня шматбаковых узброеных сілаў АБСЭ.

Пад час дэбатаў супраць некаторых з гэтых ініцыятываў выказаліся расейскія прадстаўнікі. Яшчэ ўчора сьпікер Дзярждумы Генадзь Селязьнёў заявіў, што прынцып абсалютнага касэнсусу павінен заставацца непахісным.

А сёньня, выступаючы на паседжаньні пастаяннага камітэту, дэпутат фракцыі "Яблык" Дзярждумы Алена Мізуліна выказалася супраць стварэньня каманды ў справе ўсталяваньня дэмакратыі. Яна назвала гэта вельмі небясьпечным і дадала, што да выкананьня правоў чалавека прымушаць нельга.

Пазіцыя Расеі падаецца супярэчлівай. З аднаго боку, яна выступае за тое, каб галоўным апірышчам эўрапэйскай бясьпекі была менавіта АБСЭ, а не НАТО. А з другога боку, выступае супраць прапановаў, якія на самой справе маглі б зрабіць АБСЭ эфэктыўнай арганізацыяй, здольнай прымаць рашэньні і выконваць іх.

Незадавальненьне расейскіх дэпутатаў выклікаў і праект рэзалюцыі ў справе Аляксандра Нікіціна, расейскага афіцэра, якога абвінавачваюць у шпіянажы. Сьледства ў ягонай справе было спынена. Парлямэнтары заходніх краінаў разглядаюць гэтую справу як прыклад недаксканаласьці расейскай судовай сыстэмы і заклікаюць да яе рэфармаваньня.

Сёньня на паседжаньні камісіі АБСЭ ў справе правоў чалавека выступіў беларускі дэпутат Анатоль Лябедзька. Ён выказаўся за падвышэньне ролі АБСЭ ў вырашэньні палітычнага канфлікту ў Беларусі. Інакш, сказаў ён, праз пару гадоў у парлямэнцкай асамблеі будуць абмяркоўваць беларускую тэму гэтак сама, як зараз абмяркоўваюць Косава.

Параўноўваючы сытуацыю з расейскай, сп.Лябедзька сказаў, што фізычна хворы прэзыдэнт – гэта, зразумела, нядобра. Але значна горш, калі прэзыдэнт заражаны вірусам улады. Дэпутат вітаў дзейнасьць у Беларусі наглядальнай місіі АБСЭ і адмысловай групы парлямэнцкай асамблеі. Але, на думку Лябедзькі, арганізацыя павінна больш рашуча дамагацца дыялёгу паміж уладамі і апазыцыяй у Беларусі. Ён прапанаваў дадаць у рэзалюцыю ў справе Беларусі згадку пра парушэньне правоў чалавека і зьнікненьне людзей. Свой выступ дэпутат закончыў словамі: "У 1997 годзе ў Капэнгагэне мы дасылалі вам сігнал "SOS", зараз мы заклікаем вас да дзеяньняў".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG