Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 ліпеня 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Дэпутат Андрэй Клімаў мае шанец праз паўтара гады пасьля арышту нарэшце апынуцца ў судзе на разглядзе сваёй справы. Сёньня ў канцылярыі Ленінскага суду пацьвердзілі, што справа Клімава сьледчымі пракуратуры падрыхтаваная і перададзеная ў суд для разгляду (эфір 5 ліпеня).

Нагадаем, што Андрэй Клімаў пасьля арышту адмовіўся ўдзельнічаць у сьледчых дзеяньнях, пратэстуючы супраць парушэньняў ягонай дэпутацкай недатыкальнасьці, але адразу пагаджаўся зьявіцца на працэс, каб даказаць невінаватасьць.

Тэарэтычна такая магчымасьць у яго зараз з'яўляецца. Але калі ён яе можа выкарыстаць – яшчэ невядома. Пакуль прозьвішча судзьдзі, які будзе весьці працэс, не названае. Адпаведна, ня вызначаны і час працэсу. Справа Клімава зараз знаходзіцца ў старшыні Ленінскага раённага суду Любові Жаўнерчык. Дарэчы, ня выключана, што судзьдзя, калі азнаёміцца са справай, адашле яе на дасьледваньне.

Адвакат Клімава ўпэўненая, што гэтак і трэба зрабіць, бо ў матэрыялах, сабраных сьледчымі, няма ніякіх доказаў віны Клімава.

Па-ранейшаму ў чаканьні марнуе сваі дні ў менскім сьледчым ізалятары былы міністар сельскай гаспадаркі Васіль Лявонаў. Час суду над ім таксама ня вызначаны. Судзьдзя Чартовіч ніяк ня знойдзе дзеля гэтага "фортку" ў сваім раскладзе. Паводле інфармацыі адвакаткі Лявонава Вольгі Зудавай, дагэтуль Лявонаў не прайшоў абсьледваньне на апараце УЗІ. Яшчэ месяц таму апарат быццам бы адправілі рэмантаваць, і дагэтуль у шпіталь не завезьлі. Ва ўсялякім разе, так тлумачаць у адміністрацыі сьледчага ізалятару.

Тым часам, здароў'е экс-міністара пагаршаецца, -- сьцьвярджае Вольга Зудава, грунтуючыся на сваіх уражаньнях ад наведваньня Лявонава.

Два месяцы споўнілася, як у Кіраўску Магілеўскай вобласьці быў вынесены прысуд старшыні акцыянэрнага таварыства "Расьсьвет" Васілю Старавойтаву. Старавойтаў атрымаў два гады калёніі, хаця і не прызнаў сябе вінаватым ў большасьць інкрымінаваных яму эканамічных злачынстваў і патлумачыў судовы перасьлед супраць сябепалітычнымі прычынамі.

На мінулым тыдні стала вядома, што месцам, дзе Старавойтаў будзе адбываць пакараньне, абраны Менск, калёнія УЖ 15-1. Аднак Старавойтава туды дагэтуль не павезьлі. Ён па-ранейшаму знаходзіцца ў Бабруйскім сьледчым ізалятары. Жонка Старавойтава Валянціна назвала гэта працягам зьдзеку над ім з боку ўладаў. Яна ня можа адшукаць прычыну таго, чаму ейнага мужа дагэтуль не перавялі ў калёнію, дзе яму было б значна лягчэй.

Судзьдзя Надзея Чмара сьцьвярджае, што яшчэ тыдзень таму падала неабходныя паперы ў Бабруйскі ізалятар. Аднак начальнік ізалятару адказвае Валянціне Старавойтавай, што з суду яшчэ не прыйшлі ўсе патрэбныя паперы. У выніку гэтай неразьбярыхі 75-гадовы чалавек пакуе ў сьпякоце. Ён нават не выходзіць на прагулкі, бо няма сілаў.

"Я ня ведаю, як ён пратрымаецца гэтыя чатыры месяцы, якія яму засталіся", — сказала мне Валянціна Старавойтава.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG