Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 чэрвеня 1999 г.


Уладзімер Глод, Менск

Свой погляд на чарнобыльскую трагедыю выклаў пад час прэзэнтацыі сваёй кніжкі "Урокі Чарнобыля. Як гэта было." член-карэспандэнт Акадэміі навук Іван Нікітчанка. Адметнасьць гэтай кніжкі ў тым, што ў ёй упершыню выкарыстаны шэраг засакрэчаных матэрыялаў з архіваў КДБ.

Кніжка Івана Мікалаевіча Нікітчанкі паабудаваная наступным чынам. Бярэцца той ці іншы дакумэнт, і да яго дадаецца аўтарскі камэнтар. Прычым дзьве траціны тэксту складаюць непасрэдна дакумэнты, адну траціну - развагі аўтара. Такая прапорцыя выкарыстаная пўтарам невыпадкова. Пад кожным дакумэнтам стаяць подпісы тых канкрэтных людзей, якія пэрсанальна вырашалі тое альбо іншае чарнобыльскае пытаньне. А камэнтар Нікітчанкі толькі дапамагае чытачу лепш зразумець праблему.

У кніжцы шмат прозьвішчаў людзей, якія нясуць пэрсанальную адказнасьць за наступствы чарнобыльскай катастрофы. Адны зь іх ужо добра вядомыя. Гэта, напрыклад, Сьлюнькоў, Камай, Сакалоў, Грахоўскі. Іншыя, як, напрыклад, былы галоўны санітарны лекар СССР Бургасаў, альбо былы намесьнік старшыні Дзяржаграпраму СССР Кузьняцоў, ужо прызабыліся. Але кожны зь іх мае адпаведнае месца у чарнобыльскай гісторыі. І праз 13 год мы вымушаныя канстатаваць, што ніхто зь іх пэрсанальнай адказнасьці за свае ўчынкі не панёс.

І сёньня ўлады не зацікаўленыя ў абнародваньні сакрэтных дакумэнтаў. Нездарма кніжка Івана Нікітчанкі надрукаваная ў Львове, на Украіне. Дарэчы, большасьць сакрэтных дакумэнтаў, як распавёў на прэзэнтацыі аўтар, павінная была быць зьнішчаная ў КДБ, але некаторыя супрацоўнікі гэтай установы захавалі іх для гісторыі.

Цудам, напрыклад, захаваўся ліст былога сакратара Гомельскага абкаму КПБ Грахоўскага да тагачаснага першага сакратара ЦК КПБ Сакалова ад 19 студзеня 1990 году. У ім кіраўнік гомельскай арганізацыі камуністаў крытыкуе групу беларускіх навукоўцаў, якія наважыліся сказаць праўду па беларускаму радыё пра наступствы Чарнобыля. Як піша Грахоўскі, "пасьля гэтага ў шмат якіх працоўных калектывах вобласьці адбыліся сходы, і на шэразк зь іх былі прынятыя рашэньні аб правядзеньні страйкаў, і высунутыя патрабаваньні аб высяленьні насельніцтва. У прыватнасьці, такі сход адбыўся на Нараўлянскім заводзе гідраапаратаў". Абураны гэтым, Грахоўскі запатрабаваў ад Сакалова пазбавіць навуковых ступеняў навукоўцаў, што адкрыта распавялі праўду.

Праз 13 гадоў палітыка, якую праводзілі камуністы, працягваецца. Пераемнікам камуністаў у чарнобыльскім пытаньні стаў прэзыдэнт Лукашэнка. Менавіта ён падпісаў Дзяржаўны бюджэт Беларусі на 1999 год, у якім значна скарочаныя чарнобыльскія выдаткі. Іван Нікітчанка з гэтай нагоды заўважае:

(Нікітчанка: ) "За гэтыя грошы нічога ня купіш. Тая сацыяльная дапамога, якую павінна дзяржава даваць людзям, якія жывуць да гэтага часу ў той зоне, сьмешная. Напрыклад, для студэнта прадугледжаная ў месяц дапамога, за якую ён можа набыць толькі паўтары боханы хлеба. І самая вялікая дапамога - 143 тысячы рублёў. Што за гэта можна набыць? Нічога!".

Афіцыйныя ўлады кажуць, што да 2001 году чарнобыльская праблема ў Беларусі будзе вырашаная. Гэтая фантастычная заява выклікае ў сур'ёзных навукоўцаў, як мінімум, зьдзіўленьне. І беларускія, і замежныя экспэрты сьцьвярджаюць, што асноўныя наступствы трагедыі яшчэ наперадзе.

Кніжка Івана Нікітчанкі выдадзеная за грошы Камітэта абароны правоў працоўных першым накладам паўтары тысячы асобнікаў. У Камітэта ёсьць намер перавыдаць кніжку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG