Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 чэрвеня 1999 г.


Алесь Мікалайчанка, Менск

Старшыня менскай абласной рады БНФ Генадзь Банкевіч і актывіст БНФ Мікола Анцыповіч атрымалі пастанову Вярхоўнага Суду.

Гэтая пастанова адмяняе тое рашэньне, якім 21 студзеня судзьдзя Слуцкага суду Сьвятлана Пастухова пакарала гэтых менчукоў буйнымі штрафамі за адміністрацыйныя парушэньні, якія нібыта мелі месца летась 29 лістапада падчас сьвяткаваньня 78 угодкаў Слуцкага паўстаньня.

Нагадаю, што сума штрафу, накладзенага на Генадзя Банкевіча, склала 40 мільёнаў, а на Міколу Анцыповіча - 20 мільёнаў беларускіх рублёў. Натуральна, што спадары Банкевіч і Анцыповіч выплочваць грошы не сьпяшаліся, але абскардзілі рашэньне Сьвятланы Пастуховай спачатку ў Менскім абласным судзе, затым, калі гэтая інстанцыя не адмяніла рашэньня, — у Вярхоўным Судзе Рэспублікі Беларусь.

У пастанове Вярхоўнага Суду, падпісанай выконваючым абавязкі ягонага старшыні Пташнікам, у прыватнасьці, гаворыцца: "Парушаючы патрабаваньне закону, справа разглядалася без прысутнасьці Банкевіча. З пратаколу судовага паседжаньня бачна, што судзьдзя задаволіла хадайніцтва Анцыповіча пра ўдзел у разглядзе справы адваката Лунёвай у якасьці грамадзскага абаронцы, аднак ёй не была дадзеная магчымасьць выступіць у абарону інтарэсаў Анцыповіча. У пастанове судзьдзі ня ўказана, паводле якой часткі артыкула 167-1 Кадэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях Банкевіч і Анцыповіч прыцягнутыя да адказнасьці".

Заключная частка дакумэнту нагадвае, што пастанова судзьдзі Сьвятланы Пастуховай у адноінах да Банкевіча і Анцыповіча скасоўваецца, а справа накіроўваецца ў той самы Слуцкі суд, але ўжо на разгляд да іншага судзьдзі.

Трэба адзначыць, што цяпер Вярхоўны Суд рэдка адмяняе рашэньні рэгіянальных судоў, калі гаворка ідзе пра адміністрацыйныя правапарушэньні, якія нібыта зьдзяйсьняюць удзельнікі мітынгаў і вулічных шэсьцяў. Таму карэспандэнт радыё "Свабода" папраіў даць свой камэнтар да гэтай пастановы юрыста правааабарончай арганізацыі "Вясна-96" Валянціна Стэфановіча. Тым больш, ён дапамагаў Генадзю Банкевічу і Міколу Анцыповічу рыхтаваць скаргі ў абласны і Вярхоўны суды.

(Стэфановіч: ) "Сама пастанова, па сутнасьці, не адмяняе рашэньня Слуцкага суда, а адмяняе яго чыста толькі па фармальных некаторых момантах. Але кваліфікацыю прысуду ён не чапаў і не кранаў".

(Карэспандэнт: ) Ці ёсьць у Вас нейкае спадзяваньне, як у юрыста, што дадзенае рашэньне будзе перагледжанае на карысьць Анцыповіча і Банкевіча?

(Стэфановіч: ) " Вельмі цяжка сказаць. Напэўна, я буду ўдзельнічаць у разглядзе справы. Мы будзем намагацца давесьці да судзьдзі, што тое, што адбывалася ў Слуцку, была экскурсія па месцах баёў Слуцкага Збройнага Чыну, і ніяк не трапляе пад артыкул аб шэсьцях, мітынгах і дэманстрацыях.А наколькі нам гэта ўдасца - будзе, канечне, залежыць ад судзьдзі.

Як паведаміў мне спадар Стэфановіч, 2 ліпеня ў Слуцкім судзе адбудзецца пераразгляд гэтай адміністрацыйнай справы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG