Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 чэрвеня 1999 г.


Сяргей Шупа, Прага

Афіцыйныя дакумэнты, якія рэглямэнтавалі нацыстоўскую дыскрымінацыю супраць гэбраяў - гэтак званыя «Нюрнбэрскія законы», будуць выстаўленыя для публічнага агляду - упершыню ад таго часу, калі генэрал Джордж Патан падараваў іх у канцы Другой сусьветнай вайны аднаму невялічкаму музэю ў Каліфорніі.

Гэтак званыя Нюрнбэрскія законы, падпісаныя Адольфам Гітлерам у 1935 годзе, ад 1945 году захоўваліся ў Гантынгтанскай бібліятэцы, пра месца іх захаваньня ня ведалі нават дасьледнікі Галакосту. Такое запозьненае адкрыцьцё доступу да гэтых матэрыялаў у пэўных колах выклікала зьдзіўленьне.

«Дзіўна, чаму яны не адкрылі гэтыя дакумэнты раней, шмат гадоў таму, - пытаецца Сол Фрыдлэндэр, прафэсар гісторыі Каліфарнійскага Ўнівэрсытэту ў Лос Анджэлесе, - яны нагэтулькі важныя для ахвяраў і дазваляюць аднавіць поўную карціну тагачасных падзеяў, якія з часам пачынаюць сьцірацца з памяці».

Сёньня бібліятэка абвесьціць аб пазычэньні рукапісаў на нявызначаны час Культурнаму Цэнтру Скэрбал у Лос Анджэлесе. Скэрбалаўскі культурны цэнтар прысьвечаны гісторыі гэбрайскай эміграцыі ў Злучаных Штатах Амэрыкі.

Робэрт Мідлкаўф, які быў прэзыдэнтам Гантынгтанскага музэю ад 1983 да 1988 году, сказаў, што бібліятэка ніколі й ня думала хаваць гістарычную інфармацыю ад шырокай публікі.

«Нам зусім не здавалася, што мы трымаем пад замком нейкія таямніцы, бо тэкст законаў быў даўно апублікаваны», - сказаў Мідлкаўф - «А дзеля таго, што праблема Галакосту і масавага генацыду ўсё яшчэ надзвычай хвалюе сьвет, знайсьці адпаведнае месца для экспазыцыі было ня так проста».

Робэрт Скотгайм, цяперашні прэзыдэнт Гантынгтанскага музэю, сказаў, што ведаў пра дакумэнты, аднак ня думаў іх выстаўляць.

«Мне гэта проста не прыходзіла ў галаву, - прызнаўся ён, - можа быць, мне не хапала на гэта фантазіі. Калі я заступіў на пасаду дырэктара, мне сказалі пра дакумэнты, але я ніколі сам іх ня бачыў...»

Гантынгтанскі музэй быў заснаваны чыгуначным магнатам Генры Гантынгтанам, у ім захоўваюцца калекцыі брытанскага і амэрыканскага мастацтва, пры ім таксама працуе дасьледніцкая бібліятэка.

Нюрнбэргскія законы, надрукаваныя па нямецку на чатырох звычайных аркушах белай паперы, захоўваліся ў бібіятэцы ад таго дня, калі Пэтан, сусед Гантынгтанаў, падараваў іх гэтай установе.

«Калі Пэтан падараваў бібліятэцы гэтыя дакумэнты, яшчэ не было Скэрбалаўскага Цэнтру, не было музэю Галакосту, не было дзяржавы Ізраіль», - сказаў дырэктар бібліятэкі Дэйвід Зэйдбэрг.

«Мы маглі б зрабіць для іх адмысловую вітрыну, выставіць іх у такім месцы, што ўсе б казалі: «Во, паглядзіце што гэта». Аднак гэта было б так недарэчна побач з рукапісам Чосэравых «Кентэрбэрыйскіх Аповесьцяў», які таксама захоўваецца ў бібліятэцы».

Нюрнбэрскія законы былі знойдзеныя вайсковымі аддзеламі генэрал-маёра Ван Фліта падчас ааблогі мястэчка Айхштадт за 65 кілямэтраў на поўдзень ад Нюрнбэргу. Генэрал ван Фліт падараваў іх Джорджу Пэтану.

Тэксты трох законаў, прынятых у верасьні 1935 году, былі складзеныя на нарадзе кіраўнікоў Нямецкага Райху. У першым зь іх вызначаецца статус грамадзяніна Нямеччыны, у другім забараняецца шлюб, супольнае жыцьцё ды іншыя дачыненьні арыйцаў і гэбраяў, а ў трэцім замацоўваецца абавязак вернасьці нацыстоўскаму сьцягу.

Вось, для прыкладу, што гаварылася ў друугім з згаданых законаў:

Закон захаваньня нямецкай крыві і нямецкага гонару

З поўным веданьнем таго, што чысьціня нямецкай крыві ёсьць жыцьцёва неабходнай умовай працягу існаваньня нямецкага народу, зь непахіснай воляй гарантаваць бясьпеку нямецкай нацыі на будучыя часы, Райхстаг аднадушна прыняў наступны закон:

1. Шлюбы паміж гэбраямі і грамадзянамі нямецкай або спародненай крыві забараняюцца. Шлюбы, узятыя насуперак гэтаму закону, нават калі яны былі ўзятыя за мяжою, абвяшчаюцца незаконнымі.

2. Пазашлюбныя полавыя дачыненьні паміж гэбраямі і грамадзянамі нямецкай або спародненай крыві забараняюцца.

3. Гэбраям не дазваляецца наймаць для працы ў сям'і грамадзянак нямецкай або спародненай крыві векам да 45 гадоў.

4. Гэбраям забараняецца ўзьнімаць нацыянальны сьцяг, яны ня маюць права ўжываць нацыянальныя колеры.

У дадатак да Нюрнбэрскіх законаў у Скэрбалаўскім цэнтры будзе выстаўлены асобнік Гітлеравай кнігі «Майн Кампф», якую Пэтан падараваў бібліятэцы з сваім дарчым надпісам.

Прэзыдэнт Цэнтру Скэрбал Уры Гершэр сказаў, што калі ён у сакавіку ўпершыню пабачыў гэтыя дакумэнты, ягоным першым пачуцьцём была агіда. 18 блізкіх і сваякоў Гершэра загінулі падчас Галакосту.

«У мяне было пачуцьцё, што я трымаю ў руках чарнавік сьмяротнага прысуду для трэцяй часткі сусьветнага гэбрайства», - сказаў ён. - «Аднак пасьля, я адчуў смак перамогі. Тэксты, у якіх было задуманае г. зв. канчатковае вырашэньне, трапілі ў рукі асуджаных на сьмерць. Ён хацеў пакласьці канец нашай гісрорыі, аднак апошняе слова засталося за намі» - паведаміў Уры Гершэр, прэзыдэнт Культурнага Цэнтру Скэрбал у Лос Анджэлесе, дзе ўпершыню будуць выстаўленыя для публічнага агляду машынапісныя тэксты Нюрнбэрскіх законаў за подпісам Адольфа Гітлера.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG