Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 чэрвеня 1999 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Улады Рэспублікі Беларусь цалкам праігнаравалі 75 - гадовы юбілей народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава, які адзначаўся 19 чэрвеня.

Ніводзін дзяржаўны чыноўнік не прыйшоў учора ў Менскі Дом літаратара, дзе пісьменьнікі і чытачы арганізавалі вечарыну з нагоды юбілею.

Пачаткова плянавалася, што ўдзел у гэтым мерапрыемстве возьме сам славуты пісьменьнік, які ўжо больш за год жыве і працуе ў Фінляндыі. Аднак пазьней высьветлілася, што гэта не зусім так. Як паведаміў вядучы вечарыны, галоўны рэдактар часопісу "Полымя" Сяргей Законьнікаў, які нядаўна сустракаўся з Васілём Быкавым у Бэрліне, магчыма, што Васіль Уладзімеравіч прыедзе ў Беларусь трохі пазьней. Цяпер ён езьдзіць па Фінляндыі і праводзіць творчыя сустрэчы з фінскімі чытачамі. Аказваецца, творчасьць пісьменьніка добра вядомая ў гэтай краіне.

Паводле словаў Сяргея Законьнікава, Васіль Быкаў адчувае сябе значна лепей, і шле прывітаньне ўсім сябрам, знаёмым і проста прыхільнікам.

На вечарыне ў Доме літаратара гаварылася шмат цёплых словаў пра пісьменьніка. Але як падкрэсьлівалі шмат якія выступоўцы, казаць нешта новае пра Быкава цяжка. Усё самае добрае пра яго ўжо сказана, галоўным чынам - чытачамі як у Беларусі, так і па ўсім сьвеце. Выступоўцы больш рабілі ўхіл на іншую акалічнасьць. Васіль Быкаў, можа, таму і з'ехаў у працяглую камандзіроўку за мяжу, што ня мог цалкам зрэалізаваць свой творчы патэнцыял на Радзіме ў цяперашніх варунках.

Найбольш дакладна ахарактарызаваў стаўленьне ўладаў да Быкава ягоны сябра паэт Генадзь Бураўкін. Паводле ягоных словаў, хамская неадукваная і нахабная сёньняшняя ўлада можа займацца чым заўгодна - інтэграцыяй, дапамогай праваслаўным сэрбам, спартовымі шоў і іншымі прапагандысцкімі акцыямі, але дачакацца ад яе хаця б некалькі словаў павагі і ўдзячнасьць на адрас Быкава ці Янкі Брыля, які нядаўна адзначаў сваё 80-годьдзе, - немагчыма. І Быкаў, і Брыль - прыхільнікі цывілізаванай, эўрапейскай, дэмакратычнай Беларусі. А ў прэзыдэнта Лукашэнкі і ў ягоных чыноўнікаў - зусім іншыя пляны адносна нашай Бацькаўшчыны, - дадаў Генадзь Бураўкін. Таму, паводле словаў Бураўкіна, Аляксандар Лукашэнка лічыць больш важным для сябе павіншаваць калектыў расейскай парлямэнцкай газэты зь першай гадавінай з дня выхаду, чым узгадваць пра Васіля Быкава. Дарэчы. На думку Бураўкіна, галоўнаму рэдактару гэтага друкаванага воргану Дзярждумы, былому літаратурнаму паплечніку Быкава, пісьменьніку Юрыю Бондараву, павінна стаць сорамна за такое віншаваньне ад Лукашэнкі.

Адзіная дзяржаўная структура, якая павіншавала Васіля Ўладзіміравіча з юбілеем - выдавецтва "Мастацкая літаратура". Праўда, сам шэф выдавецтва, Георгій Марчук, той самы, які два гады таму адмовіўся рыхтаваць да друку зборнік апавяданьняў Васіля Быкава "Сьцяна", на імпрэзу не прыйшоў. Замест яго выступаў супрацоўнік выдавецтва і лідэр беларускіх курдаў Чарказян, які, відаць, у якасьці сваеасаблівага апраўданьня сваёй фірмы перад славутым пісьменьнікам паведаміў прысутным, што да юбілею Быкава "Мастацкая літаратура" выдала зборнік ягоных аповесьцяў пад назовам "Знак бяды". Выказаў Чарказян і сваё меркаваньне адносна стаўленьня ўладаў да асобы Васіля Быкава. На ягоную думку, беларускія чыноўнікі яшчэ проста не дарасьлі да таго ўзроўню, каб ацаніць такіх творцаў, як Быкаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG