Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 чэрвеня 1999 г.


Сьмерць Альбэрта Эйнштэйна ў 1955 годзе не спыніла самастойнага жывога існаваньня ягонага мозгу.

Нядаўна Эйнштэйнаў мозг «наведаў» Унівэрсытэт МакМастэр у канадыйскім штаце Антарыё, вынікам чаго стаўся артыкул ў брытанскім мэдыцынскім часапіце Lancet за 19 чэрвеня. У артыкуле сьцьвярджаецца, што можа быць - толькі можа быць - частковаю прычынаю адкрыцьця тэорыі адноснасьці было незвычайнае разьвіцьцё часткі мозгу, якая адказвае за матэматычнае мысьленьне. Можа быць, а можа быць і не.

Гэта ўсяго толькі яшчэ адзін разьдзел у блытаным жыцьцяпісе мозгу, які нарадзіўся ў 1879 годзе, выгадаваў тэорыю адноснасьці ў 1905-ым, а праз 50 гадоў быў вызвалены зь цела, якому належаў, невядомым паталяга-анатамам у Прынстане. Ад таго часу пра яго не было ніякіх вестак, аж пакуль у 1978 годзе на сцэне не зьявіўся журналіст Стывэн Ліві. Рэдактар правінцыйнага часапісу, у якім ён працаваў Ліві, даў яму заданьне - знайсьці Эйнштэйнаў мозг. Пасьля кароткіх развагаў Ліві выправіўся шукаць яго ў таго самага паталяга, доктара Томаса Гарві. Ён знайшоў д-ра Гарві ў мястэчку Вічыта, штат Канзас, дзе пасьля доўгіх выпросінаў, той глыбока ўздыхнуў і дастаў з кардоннай скрыні два шкляныя слоікі з прэпараванымі часткамі Эйнштэйнава мозгу. На той час, паводле д-ра Гарві, у мозгу не было выяўлена ніякіх адхіленьняў ад нормы.

Напісаны тады Стывэнам Ліві артыкул заахвоціў нэўраанатама з Бэрклі Мэрыян Дайманд узяць у д-ра Гарві некалькі пробаў мозгу. У выніку дасьледаваньняў яна налічыла ў іх на 73% болей за норму гэтак званых гліяльных клетак (гліяльныя клеткі падтрымваюць дзейнасьць сеткі нэўронаў). У 1996 годзе ў выніку іншага дасьледаваньня выявілася, што караз мозгу нобэлеўскіх ляўрэатаў «значна гусьцей заселеная нэўронамі». Аднак гэтая гушчыня яшчэ не вяла дназначна да формулы Е=mc2.

Працяг гісторыі з Эйнштэйнавым мозгам Стывэн Ліві апісаў у артыкуле, зьмешчаным у нумары тыднёвіка Newsweek за 28 чэрвеня сёлета.

У артыкуле Ліві распавядае, што дасьледнікі ва ўнівэрсытэце МакМастэр пад кіраўніцтвам Сандры Ўітэлсан пачалі сваю працу, калі доктар Гарві ў 1996 годзе даслаў ім некалькі пробаў, а таксама фатаздымак мозгу да ягонага ўскрыцьця. У адрозьненьне ад іншых мазгоў з кантрольнай групы, Эйнштэйнаў меў карацейшую Сыльвійскую расколіну (лагчынка ў бакавой частцы мозгу), а частка мозгу, якая завецца operculum была недаразьвітая. Гэта магло дазволіць цемевым долям Эйнштэйнавага мозгу, якія ўплываюць на матэматычнае мысьленьне, а таксама музычнае і зрокавае ўспрыманьне, вырасьці на 15% больш за норму. «Зварачае на сябе ўвагу тое, - паведамляе Сандра Ўітэлсан, - што гэтае адхіленьне знойдзенае ў частцы мозгу, якія падтрымвае псыхалягічныя функцыі, якімі якраз і вызначаўся Эйнштэйн».

Паведамленьне ў часапісе Lancet пра гэтыя знаходкі можа стацца каштоўным імпульсам для далейшых дасьледаваньняў. Аднак ці адно толькі вымярэньне цемевых доляў сапраўды можа нам растлумачыць - чаму Эйнштэйн апынуўся на вяршыні навуковага пантэону? Ягоная геніяльнасьць унікальная. Вось чаму дагэтуль нас так вабіць ягоны мозг, які за гэтыя гады стаўся тэмай розных раманаў, вершаў, п'есаў і паранаідальных праектаў клянаваньня. І вось чаму, кажа Стывэн Ліві, калі я глядзеў на тое, як шэрае рэчыва Эйнштэйнавага мозгу плавае ў фармальдэгідзе, мае думкі кружыліся ў зьдзіўленьні й захапленьні. Калі ўжо ацэньваць самы знакаміты мозг нашага стагодзьдзя, дык гэта ня цела, гэта само пачуцьцё.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG