Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 чэрвеня 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Як беларускія пісьменьнікі камэнтуюць просьбу старшыні Саюзу Пісьменьнікаў Уладзімера Някляева даць яму палітычны прытулак у Польшчы?

Пакуль — да высьвятленьня абставінаў і матываў учынку старшыні пісьменьніцкага саюзу — ягоныя калегі пісьменьнікі ўстрымваюцца ад разгорнутых камэнтароў.

«Там усё дужа туманнае.  Я не разумею ягоных матываў і не магу ацэньваць», — паведаміў у інтэрвію для Радыё Свабода Рыгор Барадулін.  Ён сказаў, што паважае Някляева.  «Мне шкада яго», — дадаў Барадулін.  Пры гэтым ён адзначыў, што сам факт таго, што старшыня пісьменьніцкага саюзу папрасіў палітычнага прытулку за мяжой, сьведчыць пра стан справаў у краіне.

«Я не магу ачомацца ад гэтай весткі», — так ахарактарызаваў свае пачуцьці Генадзь Бураўкін.  Ён сказаў, што чакае больш дакладных зьвестак, чакае — што скажа Някляеў на прэсавай канфэрэнцыі.  Бураўкін заўважыў, што не чакае ад гэтай сытуацыі нічога добрага, і дадаў, што лічыць антызамяталінскі артыкул Някляева ў «Народнай Волі» — «Антыподы і эфіёпы» — мужным учынкам.

Сёньня было скліканае надзвычайнае паседжаньне Рады Саюзу Пісьменьнікаў.  Абавязкі старшыні саюзу цяпер выконвае паэтка Вольга Іпатава.  Яна паведаміла, што Рада рыхтуе заяву аб узьніклай сытуацыі.  У інтэрвію для Радыё Свабода сп-ня Іпатава сказала: «Зараз трэба не судзіць ці ўхваляць кагосьці, а думаць пра тое — як жыць пісьменьніцкаму саюзу далей, як захаваць гэтую арганізацыю, якая зьяўляецца духоўным асяродкам і якая, можа быць, адзіная гаворыць нашаму народу пра ягоныя вартасьці, мову й культуру.  Гэта больш важна, чым усё астатняе».

На просьбу ўсё ж ацаніць учынак Някляева Вольга Іпатава сказала, што кожны чалавек мае права на свой выбар і робіць яго.  Яна дадала, што старшыня Саюзу Пісьменьнікаў — гэта толькі адна іпастась паэта Някляева.  Ён шырэйшы за гэтую пасаду, лічыць Вольга Іпатава.

Фармальна Ўладзімер Някляеў да 6 ліпеня знаходзіцца ў адпачынку, і абавязкі старшыні выконвае сп-ня Іпатава.

Што будзе далей — пісьменьніцкая Рада пакуль ня вырашыла.  Ня вызначаны і тэрмін надзвычайнага зьезду, які толькі й можа абраць новага старшыню.

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG