Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 чэрвеня 1999 г.


Уладзімер Глод, Менск

Кажуць, што цяпер у Беларусі існуюць некалькі ўрадаў: афіцыйны начале зь Лінгам, "ценявы" Беларускага Народнага Фронту, "ценявы" пад назовам "Нацыянальны Выканаўчы камітэт". Выглядае, што ў гэтым шэрагу неўзабаве зьявіцца яшчэ адзін - яго фармуе Вярхоўны Савет Х111 скліканьня.

Мяркуецца, што пасьля таго, як старшыня ВС Х111 скліканьня Сямён Шарэцкі пачне выконваць абавязкі прэзыдэнта краіны, ён заявіць аб новым урадзе. І гэта патрабуе і адпаведных ворганаў кіраваньня.

Фармаваньнем новага Кабінету міністраў і займаецца цяпер сп.Шарэцкі і ягонае бліжэйшае атачэньне. Сьцьвярджаюць, што пакуль адзіным кандыдатам на пасаду кіраўніка ўраду з'яўляецца Анатоль Лашкевіч.

Што гэта за чалавек?

Калі зьвяртаць увагу толькі на анкетныя дадзеныя, дык Анатоль Уладзімеравіч Лашкевіч - тыповы партыйны функцыянэр. Ён працаваў у менскіх райкамах КПБ, у менскіх райсаветах, затым - непасрэдна ў гаркаме. Перабудова выштурхнула Лашкевіча ў апарат менскага абкаму КПБ, дзе ён дарос да пасады сакратара абкаму ў справах прамысловасьці.

Пасьля вядомых падзеяў (распад Савецкага Саюза, забарона Вярхоўным Саветам Х11 скліканьня дзейнасьці КПСС-КПБ) Лашкевіч заняўся камэрцыяй. Ён заставаўся ў камуністычнай партыі, калі яна яшчэ не падзялілася на "калякінцаў" і "чыкінцаў". Больш таго - менавіта Лашкевіча лічылі банкірам партыі. І ён ім быў сапраўды.

Дзьве падзеі - раскол КПБ і стварэньне на ейнай базе дзвюх камуністычных партыяў, і пагрозы з боку Лукашэнкі, які некалькі разоў казаў пра тое, што ён ведае пра пэўныя махлярствы камуністаў з калійнымі ўгнаеньнямі і нафтай, - прымусілі Лашкевіча пакінуць Беларусь. Ён пераехаў у Маскву. Тут ён, дарэчы, працуе і зараз. І не абы кім, а генэральным дырэктарам тэлевізыйнага заводу, на якім вырабляюць славутыя ў савецкія часы каляровыя тэлевізары "Рубін".

Паводле сваіх поглядаў Анатоль Лашкевіч спалучае камуністычныя прынцыпы і рынкавую эканоміку.

Людзі, якія яго добра ведаюць, сьцьвярджаюць, што Лашкевіч - гэта не камуніст у клясычным сэнсе гэтага слова. Яго больш правільна аднесьці дав сацыял-дэмакратаў з камуністычным мінулым. Бо калі ў Лашкевіча быў выбар - падтрымаць Калякіна альбо Чыкіна, - ён бяз усялякіх ваганьняў заняў бок Калякіна.

Праўда, адзін з блізкіх сябраў Лашкевіча з гэтай нагоды казаў мне так: "Больш правільна, мабыць, лічыць, што Анатоль ад камуністаў адышоў, але да сацыял-дэмакратаў, па заходніх мерках, яшчэ не дайшоў."

Думаецца, вопыт бізнэсоўца, кіраўніка вялікага прадпрыемства, пэўныя сувязі з Масквой, у першую чаргу паўплывалі на намер Сямёна Шарэцкага бачыць у Лашкевічы новага кіраўніка ўраду. Што ж датычыцца іншых вылучэнцаў на высокія пасады, дык у кулуарах кажуць пра тое, што Станіслаў Багданкевіч узначаліць Нацыянальны банк, Мячыслаў Грыб зойме пасаду Генэральнага пракурора, Уладзімер Нісьцюк узначаліць Камітэт дзяржаўнага кантролю. Ёсьць і іншыя прапановы. Так што пакуль застаецца чакаць.

(Вядучы ў праскай студыі: ) "Уладзімір, тут напрошваецца пытаньне, які сэнс мае стварэньне чарговага ўраду, які ня будзе мець рэальнай улады?".

Я пагаджаюся з тым, што гэты ўрад ня будзе мець рэальнай улады, але я ўжо казаў, што апазыцыя лічыць, што з 21 ліпеня будзе двоеўладьдзе юрыдычнае. А паколькі двуўладьзе патрабуе паралельных апаратаў кіраваньня, значыць, павінны быць і так званы ўрад. Я думаю, што перш за ўсё з гэтага сыходзяць кіраўнікі цяперашняга Вярхоўнага Савета, калі яны займаюцца стварэньнем новага кабінэту міністраў.

(Вядучы у праскай студыі: ) "Уладзімір, у шмат каго можа выклікаць зьдзіўленьне, што бізнэсовец, пра якога гаворыцца, што ён цалкам пасьпяхова працаваў там, у Маскве, які мае рэальную пасаду - ідзе на вельмі няпэўны занятак?"

Ну вось гэта таксама пытаньне зразумелае, бо асабліва пасьля таго, як трапіў за краты Міхаіл Чыгір, шмат хто кажа: "Ну вось Чыгір сядзеў у Маскве, меў фантастычны, паводле беларускіх крытэрыяў, заробак...". Але я думаю, што Лашкевіч ня столькі бізнэсовец, колькі палітычны чалавек. І ён усё ж прайшоў добрую школу (альбо дрэнную школу), але вялікую школу партыйную. І я думаю, што ў крыві ў Лашкевіча кіраваньне вялікімі такімі тэрыторыямі, скажам, і на ўзроўні ўсёй Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG