Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 чэрвеня 1999 г.


Казімір Яноўскі, Гомля

Сёньня намесьнік старшыні суду Цэнтральнага раёну Гомлі Аляксандар Кострыкаў прысудзіў праваабаронца Яўгену Мурашку да году пазбаўленьня волі на адзін год з адтэрміноўкай на 12 месяцаў.

Крымінальная справа ўзбуджаная за арганізацыю ў лютым сустрэчы са старшынёй Цэнтравыбаркаму Віктарам Ганчаром. Уражаньне такое, што міліцэйскія чыны і, найперш, намесьнік начальніка абласной управы Анатоль Салаў'ёў і начальнік цэнтральнага РАУСу Іван Смолікаў напалохаліся санкцыяў "зьверху" і паспрыялі ўзбуджэньню крымінальнай справы, хаця а ні акту, ні пратаколу правядзеньня так званага "сходу" з удзелам Ганчара ў матэрыялах справы не фігуравала. Затое была іншая зачэпка - ранейшыя штраф і арышт Мурашкі на 10 сутак за правядзеньне несанкцыянаваных пікетаў. Відаць, таму судьдзя Кострыкаў мала зьвяртаў увагі на доказы, дакумэнты, паказаньні сьведкаў з боку падсуднага, якіх, на думку адваката, Сьвятланы Заранчук, было дастаткова, каб вынесьці апраўдаўчае рашэньне. Аднак рэпрэсіўная машына была запушчаная, і Аляксандар Кострыкаў давяршыў яе роўны ход.

Вось што сказаў з нагоды судовага разьбіральніцтва грамадзкі абаронца Мурашкі лідэр праваабарончай арганізацыі "Вясна-96" Алесь Бяляцкі.

(Бяляцкі: ) "Калі чалавека судзяць за нейкія актыўныя грамадзскія дзеяньні, — гэта парушэньне нават таго заканадаўства, якое зараз у нас існуе".

Сваё ўражаньне выказаў і прадстаўнік Беларускага Гельсынскага камітэту Анатоль Фёдараў.

(Фёдараў: ) "Нягледзячы на тое, што ў судзе відавочна не была даказаная віна падсуднага (ён не арганізоўваў гэты "сход", ды гэта і ня быў сход), — тым ня менш, ён асуджаны да пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай. Гэта відавочна заказное рашэньне, якое ажыцьцявіў судьдзя Кострыкаў. Таму яно незаконнае. Гэта відавочна палітычная справа".

Сам жа Яўген Мурашка, нягледзячы на прысуд, які будзе трымаць яго год "на кручку", не выракаецца грамадзкай актыўнасьці.

(Мурашка: ) "Ды не, ні ў якім разе ня буду зьніжаць палітычную актыўнасьць, таму што сытуацыя ў краіне не дазваляе стаяць у баку. Буду працягваць, наколькі мне дазволіць і гэты прысуд, і маё здароў'е. А грамадзянскай мужнасьці мне хопіць яшчэ на сотню такіх працэсаў, як сёньня".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG