Мы папрасілі дарадніка Палітычнага Камітэту Рады Эўропы Івана Каеджыкава пракамэнтаваць прынятую Радай заяву. Перш за ўсё мы зьвярнуліся да сп. Каеджыкава з пытаньнем — чаму Рада Эўропы толькі цяпер выступіла з заклікам да вызваленьня Міхаіла Чыгіра? (Каеджыкаў:) «Дэклярацыя наконт падзеяў у Беларусі была выкліканая больш у адказ на сытуацыю, узьніклую ў сувязі з выбарамі ў Беларусі, чымся ў сувязі з затрыманьнем кандыдата Міхаіла Чыгіра. Рада Эўропы палічыла неабходным сфармуляваць умовы, нашыя стандарты, тое, што мы лічым свабоднымі справядлівымі выбарамі, і заклікаць усе апазыцыйныя сілы ў Беларусі прыняць гэты вынік такіх жа справядлівых выбараў і ў выніку — даць беларускаму народу магчымасьць самому выбраць сваіх прадстаўнікоў. Гэта была асноўная прычына апублікаваньня гэтай дэклярацыі. Ну й таксама — заклікаць беларускі ўрад вызваліць сп. Чыгіра». (Бандарук:) Паколькі беларускі ўрад заявіў, што не пашле сваіх прадстаўнікоў на сустрэчу ў Бухарэсьце, ці паедзе туды Вольфганг Бэрэнт, прадстаўнік Рады Эўропы? (Каеджыкаў:) «Сп. Бэрэнт — сябар нашай Парлямэнцкай Асамблеі. Падчас нядаўняга паседжаньня ў Страсбуры, на якім прысутнічалі і прадстаўнікі прэзыдэнтавага «парлямэнту» Беларусі, і дэпутаты Вярхоўнага Савету XIII скліканьня, гэтая асамблея папрасіла яго паехаць на канфэрэнцыю пад эгідай АБСЭ ў Бухарэсьце. Пазыцыя Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы ясная — яна заклікае да дыялёгу паміж бакамі дзеля вырашэньня канстытуцыйнага крызысу ў Беларусі. Але я думаю, што сп. Бэрэнт павінен сам вырашыць — ці ён паедзе на канфэрэнцыю ў Бухарэсьце». (Бандарук:) Скажыце, калі ласка, якое будзе стаўленьне Рады Эўропы да Аляксандра Лукашэнкі пасьля 20 ліпеня? (Каеджыкаў:) «Няма афіцыйнай пазыцыі. Гэтае пытаньне пакуль не разглядалася ў афіцыйных структурах Рады Эўропы. Але паколькі гэта арганізацыя дэмакратычных краінаў, дык статус Лукашэнкі будзе мець уплыў на аднаўленьне сувязяў паміж Радай Эўропы і Беларусьсю, у прыватнасьці на ейны асацыяваны статус у Радзе. Гэта будзе мець уплыў на сытуацыю».
Самае папулярнае
1