Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 чэрвеня 1999 г.


Кастусь Бандарук, Прага

Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША паведаміў, што сёньня міністры замежных справаў краін Вялікай Сямёркі і Расеі дамовіліся у Кёльне наконт тэксту рэзалюцыі Рады Бясьпекі у пытаньні Косава. Гэткім чынам пасьля краху ранейшых перамоваў паміж НАТО і камандаваньнем югаслаўскай арміі, зьявілася надзея на прарыў у косаўскім крызысе.

Прадстаўнік Дзярждэпаратамэнту Джэймс Рубін заявіў, што рэзалюцыя будзе ўлічваць усе асноўныя мэты НАТО. У прыватнасьці, у тэксьце знойдзецца фармулёўка, што міжнародныя сілы у Косаве будуць знаходзіцца пад аб'яднаным камандаваньнем і кантролем. Акрамя таго, іх асноўнае ядро складуць сілы НАТО. Рубін адзначыў, што да 40 тысяч вайскоўцаў з краінаў НАТО далучацца таксама 10 тысячаў расейскіх вайскоўцаў. Расейскія СМІ таксама пацьвердзілі, што другі дзень перамоваў закончыўся дамоўленасьцю. А вось што заявіў пасьля дасягненьня дамоўленасьці міністар замежных справаў Нямеччыны Ёшка Фішэр:

(Фішэр:) «Пасьля працяглых дэбатаў учора і сёньня, якія праходзілі ў вельмі канструктыўнай і дзелавой атмасфэры, мы дамовіліся наконт праекту рэзалюцыі. Я хацеў бы падзякаваць у прыватнасьці дзяржаўнаму сакратару ЗША Олбрайт і міністру Іванову. Мы здолелі тут зрабіць рашучы крок у напрамку міру і зараз далейшы крок належыць Радзе Бясьпекі ААН. Акрамя таго нашы партнэры ў Македоніі павінны завяршыць вайскова-тэхнічнае пагадненьне, на падставе якога пачнецца вывад войскаў. Разам з бачным вывадам войскаў бамбаваньне будзе прыпыненае».

Нагадаем, што ўчорашнія перамовы «васьмёркі» не прадвяшчалі посьпеху. Расейскі міністар Іваноў сказаў, што перш чым працягнуць перамовы, ён павінен правесьці кансультацыі з Крамлём. У міжчасе брытанская газэта Daily Telegraph напісала, што перамовы былі адкладзеныя, паколькі Іваноў ня здолеў зьвязацца па тэлефону з Барысам Ельцыным. Паводле газэты, Ельцын ужо спа, або так ці інакш быў у той час недасягальны. Крэмль афіцыйна запярэчыў інфармацыі Daily Telegraph.

Пагадненьне, дасягнутае міністрамі замежных справаў 8 краінаў, вітаў прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан. У прамове ў часе прывітаньня ў Вашангтоне прэзыдэнта Вугоршчыны Арпада Гёнца ён сказаў:

(Клінтан:) «На працягу 77 дзён мы працавалі дзеля дасягненьня простых мэтаў: бясьпечнага вяртаньня косаўскіх уцекачоў, іхнай аўтаноміі, вываду усіх сэрбскіх сілаў і разьмяшчэньня міжнародных сілаў бясьпекі з асноўным удзелам НАТО. У мінулы чацьвер сэрбскія ўлады прынялі мірны плян, які прадугледжваў гэтыя умовы. Сёньня мы зрабілі далейшы крок наперад. Краіны «васьмёркі» дамовіліся наконт тэксту рэзалюцыі Рады Бясьпекі ААН, якая дапаможа нам ажыцьцявіць гэтыя мэты: мір і бясьпеку для народу Косава і стабільнасьць для ўсяго рэгіёну. НАТО поўнае рашучасьці вярнуць касавараў дамоў, дзейнічаючы ў рамках саюзу і спосабам, які можа ўмацаваць дачыненьні паміж Расеяй і Захадам».

Сёньня, перад пачаткам сустрэчы у Кёльне дзяржсакратар ЗША Олбрайт сустрэлася з трыма лідэрамі косаўскіх альбанцаў: Руговам, Тачы і Чосьям. Яна настойвала на тым, каб альбанцы не правакавалі сэрбскія сілы падчас іхнага выхаду з правінцыі і на тым, што яны ў адпаведнасьці зь мірным плянам павінны пагадзіцца на раззбраеньне. Паводле слоў Гашыма Тачы, Армія Вызваленьня Косава мае намер у бліжэйшыя дні публічна абяцаць не атакаваць сэрбскія сілы.

***

Генэральны сакратар ААН Кофі Анан выказаў спадзяваньне, што далей падзеі будуць разгортвацца імгненна. «Спадзяюся, - сказаў Аннан, - што затым Рада Бясьпекі вельмі хутка, на працягу сутак ухваліць рэзалюцыю». У адпаведнасьці зь мірным плянам, Рада Бясьпекі павінна санкцыянаваць разьмяшчэньне міжнародных сілаў у Косаве і стварэньне там цывільнай адміністрацыі пад шыльдай ААН, якая будзе арганізоўваць вяртаньне косаўскіх уцекачоў. Генэральны сакратар ААН лічыць, што дасягнуць пагадненьня адносна лёгка, але цяжэй яго ажыцьцявіць. Дарэчы сёньня ў Жэнэве пасланьнкі ААН Більд і Кукан праводзяць сустрэчу з прадстаўнікамі ААН, НАТО, АБСЭ і Эўразьвязу, якія будуць удзельнічаць у пасьляваеннай адбудове Косава.

Усьлед за Мэдлін Олбрайт, Аннан таксама адзначыў занепакоенасьць і НАТО і этнічных сэрбаў у Косаве, што пасьля вываду югаслаўскіх войскаў іхнае месца зойме Армія Вызваленьня Косава.

***

Аптымізм адносна зыходу міжнародных кансультацыяў у пытаньні Косава выказаў таксама міністар замежных справаў ФРГ Ёшка Фішэр. Паводле ягоных словаў, ужо ўчора міністры ўзгаднілі 17 з 20 пунктаў будучай рэзалюцыі. Найбольш спрэчнымі пытаньнямі заставаліся: дачыненьні паміж НАТО і будучымі міратворчымі сіламі, калі НАТО павінна абвясьціць спыненьне агню, які павінен быць тэкст рэзалюцыі, якую ААН павінна прыняць наконт Міжнароднага Трыбуналу, што ўжо абвінаваціў прэзыдэнта Мілошавіча ў ваенных злачынствах. Дагэтуль Расея не пагаджаецца з тым, каб ейныя сілы, калі яны наагул далучацца да міжнароднага кантынгенту, падлягалі камандаваньню НАТО. Учора усе 15 членаў Рады Бясьпекі былі гатовыя апрацоўваць праект рэзалюцыі, аднак паседжаньне было адмененае. Эўрапейскі пасланьнік Ахцісаары, які сёньня накіраваўся ў Кітай, лічыць, што рэзалюцыя ААН хутчэй за ўсё будзе прынятая ў бліжэйшыя некалькі дзён. Акрамя таго, Расея і Кітай пасьлядоўна настойваюць на тым, каб усе далейшыя крокі ў дачыньнені да Югаславіі адбываліся пад эгідай ААН а ня НАТО. Яны ня хочуць галасаваць за рэзалюцыю, пакуль НАТО ня спыніць паветраныя ўдары па Югаславіі. «Перш трэба спыніць бамбаваньне, а ўсё астатняе прыйдзе потым. Мы выказваліся за гэта з самага пачатку», - заявіў расейскі амабасадар у ААН Сяргей Лаўроў. Без Расеі і Кітаю, якія валодаюць правам вэта, Рада Бясьпекі ня можа прыняць адпаведную рэзалюцыю. Пэкін дамагаецца таксама поўнага вытлумачэньня ўдару па сваёй амбасадзе ў Бялградзе. Альянс у сваю чаргу гатовы спыніць апэрацыю толькі пасьля відавочнага пачатку вываду сэрбскіх сілаў з Косава.

***

У міжчасе пасьля часовага скарачэньня амаль напалову налётаў авіяцыі НАТО, за мінулыя суткі саюзьнікі ўзмацнілі ўдары па ваенных аб'ектах Югаславіі і на тэрыторыі Косава. У прыватнасьці, яны былі нанесеныя па нафтаперапрацоўчых заводах у Панчаве і Новым Садзе. Агенцтва Танюг паведаміла, што ракета ўпала на жыльлёвы квартал у Новым Садзе. У выніку адна цывільная асоба загінула і 6 параненыя. Згодна з паведамленьнем Танюгу, загінулі таксама трое сялянаў у вёсцы недалёка ад гораду Болевач. Амэрыканскія зьнішчальнікі Б-52 атакавалі сэрбскія сілы каля альбанскай мяжы, дзе тыя вялі баі з Арміяй Вызваленьня Косава.

Сёньня галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі Вялікабрытаніі Чарлз Гатры патлумачыў прычыны ўзмацненьня паветраных атакаў НАТО:

(Гатры:) «Шчыра кажучы, ня бачна неадкладнага і відавочнага канца гвалтаў і рэпрэсіяў, што прадугледжвала бялградзкае пагадненьне зь мінулага тыдня. У сувязі з гэтым мы вярнуліся да папярэдняй стратэгіі і ўзмацнілі атакі. З магчымасьцямі і сродкамі, якімі валодае НАТО, мы можам вельмі лёгка зрабіць гэта ў любым месцы і часе ў залежнасьці ад патрэбы».

Між тым Македонія заявіла сёньня Бялграду афіцыйны пратэст у сувязі з абстрэлам дзьвюх вёсак на сваім баку. Учора Македонія заявіла, што за апошнія тры дні каля 50 мінамётных снарадаў упалі на дзьве памежныя вёскі з боку Сэрбіі. Паліцыя паведаміла, што пашкоджана некалькі будынкаў, але ахвяраў у людзях не было. Міністр унутраных справаў Траянаў сказаў на прэсавай канфэрэнцыі ў Скоп'е, што Македонія накіравала ў памежны раён дадатковыя сілы. Раней у часе свайго візыту на Тайвань прэм'ер-міністар Македоніі Георгіеўскі сказаў, што гэтыя атакі не ўяўляюць сабою пагрозы для ягонай краіны з прычыны прысутнасьці там сілаў НАТО. На тэрыторыі рэспублікі ўжо знаходзяцца 16 тысячаў вайскоўцаў НАТО, і мяркуецца, што ў хуткім часе іх будзе значна болей.

***

У сваю чаргу Югаславія абвінавачвае НАТО ў тым, што альянс спрабуе зьмяніць плян, дадаючы да яго новыя элемэнты. Паводле словаў прадстаўніка Міністэрства Замежных Справаў Вуявіча, гэткім чынам НАТО хоча выклікаць адмоўнае стаўленьне да Югаславіі з боку Рады Бясьпекі. Бялград дамагаецца таксама больш часу на вывад сваіх сілаў з Косава, а таксама хоча пакінуць там гэтулькі сілаў, колькі знаходзілася ў правінцыі ў мірны час. На практыцы гэта азначае ад 10 да 15 тысячаў вайскоўцаў. У адказ на гэтыя дамаганьні і аргумэнт, нібыта неабходна мець час на разьмінаваньне правінцыі, адзін з заходніх дыпляматаў заявіў: «Гэта хітрык, разьлічаны на тое, каб не выконваць ранейшых абяцаньняў. Мы ведаем, што сэрбы могуць выйсьці на працягу пары дзён, бо мы бачылі, як хутка яны увайшлі туды».

***

У часе, калі працягваюцца інтэнсіўныя дыпляматычныя намаганьні, ААН лічыць, што не зьмянілася сытуацыя косаўскіх уцекачоў і сотняў тысяч альбанцаў, перамешчаных у самым Косаве. Ведамства ААН у справах уцекачоў лічыць, што агулам свае дамы пакінулі каля мільёну касавараў, зь якіх пераважная большасьць перайшла ў суседнія краіны. Прадстаўнік ведамства Гедыні заявіла, што пагоршылася сытуацыя тых этнічных альбанцаў, якія засталіся на тэрыторыі Косава. Яны ў прыватнасьці становяцца закладнікамі апошніх баёў паміж УЧК і ўрадавымі сіламі. Паводле ейных словаў, ім не дазваляюць пакінуць раён і сэрбскія ўлады і самыя баі. Учора мяжу з Македоніяй і Альбаніяй перайшлі толькі 500 чалавек, ў тым ліку 96 былых вязьняў з турмы у Косаўскай Мітровіцы, якія праз памежны пункт у Морыне перайшлі ў Альбанію. Ведамства ААН занепакоенане таксама абстрэлам памежнага раёну Альбаніі. Паводле ААН, калі абстрэл ня спыніцца, трэба будзе эвакуаваць адтуль ня толькі ўцекачоў, але і мясцовае насельніцтва.

***

Між тым брытанскі тыднёвік Economist зьмясьціў разважаньне на тэму будучыні Слобадана Мілошавіча. Паводле тыднёвіка, ён больш не зьяўляецца для сьвету таямніцай. Мілошавіч адначасова і хітры і наіўны. Сёньня ён ужо не карыстаецца падтрымкай з боку свайго грамадзтва і мае рэпутацыю злачынца. На думку тыднёвіка, дагэтуль югаслаўскі прэзыдэнт геніяльна маніпуляваў грамадзкай думкай і ўмеў захаваць сваю ўладу і ўплывы. Аднак пачынаючы канфрантацыю з Захадам ён паступіў наіўна. Паводле Economist'а, ён памыліўся ўжо у 1989 годзе, калі зрабіў стаўку на нацыяналізм і «вялікую Сэрбію». Ён моцна памыліўся, лічачы, што НАТО ніколі не ўжыве сілу супраць яго. Зараз, разам з катастрофай усяго народу, непазьбежна набліжаецца і ягоная катастрофа. Абвінавачаньне ў ваенных злачынствах не магло не ўсхваляваць яго. У геаграфічным і тактычным сэнсе ён апынуўся ў пастцы, хоць нельга сказаць, што ён зусім ня мае куды дзецца. У Мілошавіча добрыя, сяброўскія сувязі з Грэцыяй і Кіпрам. Ягоны сын Марко знаходзіцца ў Рэспубліцы Паўднёвай Афрыкі, дзе робіць сямейныя інтарэсы. Паводле Economist'а, наўрад ці такія краіны як Беларусь і Расея дадуць яму прытулак, і акрамя таго наўрад ці нейкае менскае прадмесьце было б адпаведным для такога пэнсіянера, як Мілошавіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG