Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 чэрвеня 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Праект новай саюзнай дамовы канчаткова ўзгоднены ў рабочых групах. Пра гэта прэзыдэнт Лукашэнка паведаміў у мінулую пятніцу падчас сустрэчы з прэм'ерам Расеі Сяргеем Сьцяпашыным.

Пра наяўнасьць розных падыходаў да інтэграцыі ў Крамля і афіцыйнага Менску прэзыдэнт Лукашэнка заявіў яшчэ на пачатку красавіка. Супярэчнасьці сталі відавочнымі ў канды красавіка — падчас візыту Лукашэнкі ў Маскву і ягоных перамоваў з Барысом Ельцыным. Гаспадар Крамля ў даволе няветлівай форме адхіліў плян беларускага прэзыдэнта. Гэты плян прадугледжваў стварэньне моцных наднацыянальных ворганаў з шырокімі паўнамоцтвамі, у прыватнасьці — усталяваньне пасады саюзнага прэзыдэнта. Лукашэнка прапаноўваў да выбраньня саюзнага кіраўніка аддаць гэтую пасаду Барысу Ельцыну, а сам ён згаджаўся заняць пасаду саюзнага віцэ-прэзыдэнта. Але гэтая прапанова была адхіленая.

Расейскі плян прадугледжваў куды больш мяккія формы палітычнага аб'яднаньня. Пасьля перамоваў зь Ельцыным Лукашэнка, выступаючы ў праграме «Герой Дня» НТВ заявіў тады, што, відаць, прыйдзецца згадзіцца на расейскі варыянт. Тады ж галоўны прэзыдэнцкі распрацоўшчык інтэграцыйных праектаў Міхаіл Сазонаў у інтэрвію Беларускай Тэлевізіі выказаў думку, што, відаць, з рэальнай інтэграцыяй давядзецца пачакаць да таго часу, калі ў Расеі пройдуць прэзыдэнцкія выбары.

І вось цяпер, паводле словаў прэзыдэнта Лукашэнкі, праект саюзнай дамовы падрыхтаваны і ўзгоднены. Пра яго зьмест расказаў у інтэрвію для Радыё Свабода кіраўнік «камісіі міжнародных справаў» «палаты прадстаўнікоў» Аляксандар Козыр. Ён паведаміў, што ў праекце размова йдзе пра гэтак званую «мяккую канфэдэрацыю»: абедзьве краіны захоўваюць усе свае дзяржаўныя функцыі, дэлегаваньне паўнамоцтваў наднацыянальным ворганам мінімальнае, усе яны, як і цяпер, будуць мець дарадчы характар. Кіраваць саюзнай дзяржавай будзе найвышэйшы савет у складзе двух прэзыдэнтаў, прэм'ераў і кіраўнікоў нацыянальных парлямэнтаў.

Аляксандар Козыр паведаміў, што пасада саюзнага прэзыдэнта ў праекце не прадугледжаная. Адхіленыя нават пляны стварэньня саюзнага парлямэнту, які б абіраўся насельніцтвам абедзьвюх краінаў. Застаецца парлямэнцкі сход, які фармуецца з дэлегацыяў нацыянальных парлямэнтаў. Сп. Козыр адзначыў, што на большае расейскі бок напярэдадні парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў пайсьці ня можа. «А цераз расейскую сытуацыю не пераступіш», - дадаў мой суразмоўца. Ён сказаў таксама, што ў канцы чэрвеня павінна адбыцца паседжаньне парлямэнцкага сходу ў Горадні, на якім будзе разгледжаны прапанаваны праект.

Функцыянер «палаты прадстаўнікоў» выказаў думку, што такая «мяккая» мадэль інтэграцыі не запатрабуе зьменаў у канстытуцыях Беларусі й Расеі, і таму рэфэрэндуму ў справе аб'яднаньня хутчэй за ўсё ня будзе.

Такім чынам, падаецца, што пляны далучэньня Беларусі да Расеі пакуль ня спраўджваюцца. Але, магчыма, інтэграцыйная гульня яшчэ ня скончаная. Учора ў праграме НТВ «Итоги» галоўны рэдактар газэты «Коммерсант» Шакіраў і кіраўнік радыёстанцыі «Эхо Москвы» Венядзіктаў паведамілі, што ў Крамлі сярод іншага распрацоўваюцца пляны працягу прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Ельцына шляхам аб'яднаньня Расеі зь Беларусьсю. Праўда, абодва журналісты падкрэсьлілі, што разам з гэтымі сцэнарамі распрацоўваюцца і іншыя — ад працягу паўнамоцтваў Ельцына пасьля 2000 году шляхам увядзеньня надзвычайнага становішча да правядзеньня выбараў у вызначаны тэрмін з вылучэньнем кандыдатам ад партыі ўлады Сяргея Сьцяпашына ці ягонага першага намесьніка Мікалая Аксёненкі.

Размовы аб беларуска-расейскім аб'яднаньні як аб сродку захаваньня паўнамоцтваў Ельцына вяліся яшчэ ў 1995 годзе. Але тады яны нічым ня скончыліся. Цяпер сытуацыя іншая — Ельцын ужо ня можа балятавацца ў прэзыдэнты Расеі. Тым больш, што Захад наўрад ці будзе гучна пярэчыць такому экзатычнаму шляху працягу паўнамоцтваў Ельцына. Дзякуючы менавіта яму Расея ня «ўлезла» ў вайну на Балканах, што магло б мець непрадказальныя наступствы. Магчыма, Захад і згадзіўся б, так сказаўшы, абмяняць Косава на Беларусь. Але найбольш сур'ёзныя апанэнты такога сцэнару — не на Захадзе, а ў Расеі. Такі варыянт ня можа задаволіць ні Лужкова, ні Зюганава, ні Прымакова.

Таму, магчыма, пляны ў Крамлі складаюць розныя, але пакуль гульня беларускай картай пакідаецца да лепшых — або дакладней будзе сказаць — да горшых часоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG