Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 чэрвеня 1999 г.


Казімер Яноўскі, Гомель

Паводле «ўказаньня зьверху» ўчора ў Гомелі намаганьнямі гарадзкіх уладаў было арганізаванае сьвята вуліцы Пушкіна, прымеркаванае да 200-тых угодкаў з дня нараджэньня расейскага паэта.

На 460-мэтровай вуліцы былі злажданыя ажно тры канцэртныя пляцоўкі, выступалі выключна прафэсійныя артысты — гарадзкі сымфанічны аркестар, камэрны хор, салісты абласной фільгармоніі, акторы драматычнага тэатру. Гучала клясычная музыка, рамансы на вершы Аляксандра Пушкіна. Вынес свае падмосткі на вуліцу і лялечны тэатар, каб паказаць спэктакль паводле казкі «Пра папа і яго работніка Балду».

Усё гэта — толькі невялікая згадка пра ўшанаваньне ўгодкаў расейскага паэта. На працягу мінулага тыдня гэтая падзея адзначалася надзвычай шырока — у бібліятэках, палацах культуры, з удзелам вэртыкальных чыноўнікаў рознага калібру. Гарадзкія ўлады да гадавіны народзінаў нават рэканструявалі частку вуліцы Пушкіна — укладзена 150 мэтраў тратуарнай пліткі.

Падрабязна распавядаю пра сьвяткаваньне таму, каб параўнаць яго зь леташняй падобнай датай, што адзначалася 24 сьнежня — 200-тымі ўгодкамі з дня народзінаў яшчэ аднаго майстра паэтычнага слова — Адама Міцкевіча. Тады культурныя ўстановы і ўладныя структуры надзвычай млява рэагавалі на юбілей, хоць геній Адама Міцкевіча непарыўна зьвязаны з гісторыяй нашай Бацькаўшчыны. Дасьледнікі і цяпер ня могуць пэўна сказаць — якога ўплыву ў творчасьці Міцкевіча болей: беларускага ці польскага. Але, мусіць, сапраўды намя прарока ў сваёй айчыне, таму ўлады і чапляюцца за суседнія краіны і іхных прарокаў і ў гэтым сваім памкненьні яны нярэдка даходзяць да кур'ёзаў.

Так, прынамсі, здарылася і з ушанаваньнем угодкаў Пушкіна. Літаральна за тры дні да юбілею паэта першы намесьнік сташыні гарвыканкаму Мікалай Вусаў распарадзіўся ўсталяваць бюст Пушкіна каля паляўнічага дамка, дзе месьціцца мастацкі аддзел абласнога краязнаўчага музэю. Бюст адліў з уласнае медзі на заводзе «Цэнтраліт» гомельскі скульптар Геназь Гарбанёў. Галоўны архітэктар гораду Валер Быкаў паказаў месца — клюмба перад уваходам. Будаўнікі ўзяліся нават капаць яму пад фундамэнт, раскалупалі клюмбу, на добраўпарадкаваньне якой выдаткавана толькі што 20 мільёнаў рублёў. Такому самадурству супрацівіліся дырэктар музэю Муза Агай і ейны намесьнік Уладзімер Літвінаў. На іх думку, бюст на трохмэтровым пастамэнце сапсуе зьнешні выгляд паляўнічага дамка, які сам зьяўляецца помнікам першай паловы XIX стагодзьдзя. У архітэктурны ансамбль, што ахоўваецца дзяржавай, тым больш нельга ўмешвацца без адмысловай камісіі Міністэрства Культуры.

Скандал дайшоў да аблвыканкаму, і намесьнік старшыні па будаўніцтву Ўладзімер Цалка перапыніў «творчы сьверб» гарадзкіх чыноўнікаў. Праўда, у тых у запасе ёсьць яшчэ адна ідэя-фікс: усталяваць другі ў горадзе помнік расейскаму кампазытару Чайкоўскаму — насупраць абласной кнігарні. І гэта ў той час, калі аніякіх манумэнтальных адзнакаў ня маюць у горадзе нашы славутыя землякі — вядомы ў сьвеце псыхоляг Леў Выгодзкі, выдатны архітэктар Станіслаў Шабунеўскі, заснавальнік сучаснага беларускага тэатру Ўладзіслаў Галубок і, нарэшце, Іван Мележ, аўтар «Палескай Хронікі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG