Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 чэрвеня 1999 г.


Віталь Цыганкоў, Прага

Кіраўніцтва Нямеччыны атрымала ліст ад кіраўніцтва Югаславіі, у якім прэзідэнт Мілошавіч сцьвярджае, што ён гатовы вывесьці войскі з Косава і пагадзіцца на прысутнасьць ў правінцыі войскаў ААН. Адначасова Мілошавіч патрабуе неадкладнага заканчэньня бамбаваньняў НАТА, калі пагадненьне будзе дасягнутае.

Ліст ад Мілошавіча, у якім фармальна прымаюцца асноўныя прынцыпы мірнага ўрэгуляваньня, распрацаваныя вялікай сямёркай і Расеяй, быў дасланы якраз тады, калі прэзыдэнт Фінляндыі Марты Ахтысаары рыхтуецца да паездкі ў Бялград. Падчас гэтага візыту можа адбыцца першая з моманту пачатку натаўскіх авіяўдараў сустрэча Мілошавіча з заходнім лідарам. Дарэчы, паездка Ахтысаары на працягу сёняшага дня неаднаразова адкладвалася, і дасюль канчаткова не зразумела, ці адбудзецца яна ўвогуле.

Назіральнікі сцвярджаюць, што візыт фінскага прэзыдэнта адлюстроўвае ўпэўненасьць заходніх урадаў, што Мілошавіч пачынае саступаць пад ціскам бамбаваньня. Гэта факт таксама паказвае, што сканчаецца час для пошуку дыпляматычнага вырашэньня, каб пазьбегнуць магчымага ўводу наземных натаўскіх войскаў у Косава.

Прэзыдэнт Клінтан глыбока сумняецца ў неабходнасьці ўвядзеньня наземных сілаў у Югаславю, але вайсковыя штабісты упэўненыя, што падрыхтоўка да апэрацыі павінна быць зробленая за бліжэйшыя некалькі тыдняў. У чацьвер прэзыдэнт мусіць сустрэцца са сваімі ваеннымі дарадчыкамі дзеля абмеркаваньня магчымых варыянтаў выкарыстаньня наземных войскаў. Але галоўнакамандуючага войскамі НАТА генерала Уэсьлі Кларка, які гаворыць, што наземнае ўварваньне неабходнае, папрасілі не прысутнічаць на гэтай сустрэчы.

Ліст Мілошавіча нямецкаму ўраду, аднак, утрымлівае ня больш чым згоду на "прысутнасьць ААН, мандат ды іншыя элементы якой будуць вызначаныя рэзалюцыяй Рады Бясьпекі". Гэтая абавязацельства далёкае ад патрабаваньняў НАТА, што кантынгэнт замежных войскаў у Косаве павінен мець у аснове сілы альянсу.

Умовы НАТА ўключаюць поўны вывад усіх сэрбскіх сілаў з Косава, прыняцьцё Белградам міжнароднага кантынгенту з войскамі альянсу ў ягонай аснове і вяртаньне дадому каля мільёну этнічных альбанцаў.

"На меньшае мы ня пойдзем" - заявіла Дзяржсакратар ЗША Мэдэлін Олбрайт учора на прэсавай канферэнцыіі пасьля сустрэчы з міністрам замежных справаў Італіі Ламбэрта Дыні. "Калі гэтыя ўмовы не прымаюцца і іхняе прыняцьцё не падцверджанае, тады я ня думаю, што для альянсса будзе магчымым прысьці да згоды наконт спыненьня бамбаваньня" - сказаў Дыні. Такая заява ад прадстаўніка краіны, якая найбольш настоўліва жадае спыненьня бамбаваньня, паказвае, што клінтанаўская адміністрацыя пераканала сваіх хаўрусьнікаў, што толькі відавочнае прызнаньне паразы Мілошавічам будзе дастатковым для сыненьня авіяўдараў і адкрыцьця шляху для мірнага пагадненьня.

З-за таго, што дагэтуль перамовы з Мліошавічам вяліся расейскім пасланьнікам Чарнамырдзіным, НАТО непакоіцца, што югаслаўскі прэзідэнт мог атрымаць няпоўную вэрсію патрабаваньняў альянсу. Ды й увогуле, маючы справу з Мілошавічам, заўсёды ўзьнікаюць некаторыя складаныя пытаньні. Першае -- які сыгнал павінен даць югаслаўскі кіраўнік, каб прадэманстраваць, што ягонае абавязацельства сапраўднае. "Ён парушае адно абяцаньне за другім" - сказаў учога міністр замежных справаў Брытаніі Джордж Робінсан. - Мы не павінны і не мусім давяраць ягоным словам. Мы можам судзіць яго толькі па тым, што ён робіць".

Апошнімі днямі больш увагі зьвяртаецца на іншы аспэкт авіяўдараў НАТА - нанясеньне вялікай шкоды прыроднаму асяродьдзю, што пагражае экалёгіі Югаславіі і суседніх краінаў. Да негатыўных наступстваў бамбаваньня дадаецца таксама і панішчэньне мясцовага асяродьдзя, выкліканае надзвычайным наплывам уцекачоў у непадрыхтаваныя для гэтага гарады і лягеры.

Прадстаўнікі Рэгіянальнага Экалягічнага цэнтру Цэнтральнай ды Ўсходняй Эўропы ў інтэрвію нашаму Радыё заявілі, што ніхто ня можа ведаць дакладных дадзеных пра пашкоджаньні. Шэф інфармацыйнага адьдзелу гэтага цэнтру Мэры Маккінлі кажа: "У нас ёсьць прадстаўніцтвы ў Белградзе, Скоп'е, тыране, Сафіі, Бухарэсьце. Яны спрабуюць сабраць як мага больш інфармацыі пра удзеяньне касаўскіх падзеяў на прыроднае асяродьдзе. Мы ведаем, вядома, што адбываецца вельмі шмат экалягічных разбурэньняў. Але я бы не давяраў таму, хто сцвярджае, што мае дакладныя дадзеныя пра маштабы пашкоджаньняў".

Югаслаўскія афіцыйныя асобы сцьвярджаюць, што ўдары НАТА па хімічнаму комплексу каля Белграду і бамбаваньне нафтазаводаў выклікала масіўныя, доўгатэрміновыя забруджваньні ды іншую экалягічную шкоду. Амбасадар Югаславіі ў Аўстрыі Радо Сьмілкавіч кажа, што НАТА сьвядома рызыкуе атруціць мільёны людзей. Прэса паведамляе пра разьліў нафты ў Дунай, што спрычынілася да гібелі рыбы і заражэньня сістэмы воднага забесьпячэньня. Міністр прыроднага асяродьдзя Румыніі надрукаваў артыкул, у якім выказаў глыбокую занепакоенасьць заражэньнем вады, асабліва Дунаю і Чорнага мора. Ён заявіў, што кіслётныя дажджы пашкодзілі пладовыя дрэвы і пчаліныя пасекі на тэрыторыі Румыніі.

На пагаршэньне умоваў прамысловага рыбалоўства скардзяцца прадстаўнікі італьянскай рыбнай прамысловасьці.

Прадстаўніца Рэгіянальнага экалягічнага цэнтру Цэнтральнай і Усходняй Эўропы Маккінлі кажа, што Белградскае прадстаўніцтва цэнтру падрыхтавала даклад пра пашыраную і моцную экалягічную шкоду, але гэтыя дадзеныя пакуль не могуць быць падцверджаныя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG