Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 31 траўня 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Вынесены прысуд у справе Васіля Старавойтава. Старшыня акцыянэрнага таварыства "Расьсьвет" асуджаны на два гады пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці. Суд палічыў яго вінаватым па сямі артыкулах Крымінальнага Кодэксу. Па трох артыкулах Старавойтаў быў апраўданы. Былыя падначаленыя Старавойтава - Яўстратаў і Шапавалаў - атрымалі па пяць гадоў турмы. (Эфір 30 траўня).

Іхнія адвакаты заяўляюць, што ня будуць аспрэчваць гэты прысуд, між тым адвакат Старавойтава ўжо падала касацыйную скаргу.

У суботу, а 8 гадзіне вечара, нарэшце быў зачытаны апошні ліст прысуду; Старавойтаў і абодва ягоныя падначаленыя прызнаныя судом вінаватымі і асуджаныя да турэмнага зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці. Розьніца паміж прысудамі толькі ў тэрмінах зьняволеньня.

Двойчы гэрой сацпрацы Старавойтаў быў прызнаны вінаватым па сямі артыкулах Крымінальнага Кодэксу (большасьцю - эканамічных) і апраўданы па трох арптыкулах. Суд палічыў яго нявінаватым у незаконным захоўваньні зброі, незаконным прадпрымальніцтве ды вытворчасьці нядобраякаснай прадукцыі.

Такім чынам, "марка" "Расьсьвету" абароненая, яна прызнаная жобрай, а вось кіраўнік гаспадаркі - суцэльны злачынца, вырашыў суд. Паводле ягонага рашэньня, Старавойтаў скраў у дзяржавы многія мільёны грошаў, даваў хабар, займаўся кантрабандай, недаплочваў падаткі, незаконна дамагаўся крэдытаў. Перавысіў службовыя паўнамоцтвы, калі на базе калгасу стварыў акцыянэрнае таварыства, у якім, фактычна, гаспадарыў, як хацеў. Разам усе гэтыя дзеяньні цягнулі на некалькі дзясяткаў гадоў турма, і Старавойтаў іх, пэўна, атрымаў бы, нягледзячы на свой узрост. Але, па нашым заканадаўстве, пакараньні не складваюцца, а выкарыстоўваецца большае зь іх.

Пракурор прасіў Старавойтаву даць пяць гадоў турмы, суд знайшоў магчымым абмежавацца двума, улічваючы тое, што асуджаны - ветэран вайны, мае ўрадавыя ўзнагароды, якія, дарэчы, атрымаў за тую ж дзейнасьць, якая разьглядалася судом, да таго ж, ён стары і хворы чалавек.

"Васіль Канстанцінавіч, не хвалюйцеся, усё будзе добра. Паўтары гады Вы адседзілі, праз некалькі месяцаў выйдзеце на волю" - гэтак супакойвалі абвінавачанага судьдзі пасьля таго, як зачыталі свой вэрдыкт.

Між тым Старавойтаў не хаваў, што памыліўся ў сваіх чаканьнях выйсьці зь клеткі ўжо ў залі суда. Ён быў вельмі разгублены і сказаў журналістам, што зь ім абышліся несправядліва.

Адвакат Страмкоўская прапанавала Старавойтаву падаць апэляцыю на вынесены прысуд, з чым ён адразу пагадзіўся. Адразу ж у судовай залі апэляцыя была падпісаная.

Якія шанцы бачыць абарона Старавойтава на зьмяненьне прысуду? Адвакат Страмкоўская называе іх мінімальнымі, але яна перакананая, што замагацца трэба. На ейную думку, да такога старога і хворага чалавека, якім зьяўляецца Старавойтаў, суд мог паставіцца больш гуманна.

"Гуманізму перашкаджае палітыка" - кажа Страмкоўская і адзначае, што суд палічыў перавыхаваньня 74 - гадовага чалавека немагчымым ва ўмовах іншых, якрамя турмы. "Улада яўна разьлічвае на тое, што Старавойтаў зьвернецца да яе зь лістом аб памілваньні, але пакуль такіх плянаў у майго падабароннага я ня ведаю", - заявіла адвакат Страмкоўская.

Яна кажа, што адзіным рэальным шанцам на датэрміновае вызваленьне Старавойтава бачыць амністыю. Але пра яе можае хадайнічаць толькі адміністрацыя турмы. Такім чынам, некалькі месяцаў у калёніі Старавойтаў усё роўна адседзіць. Тэрмін ягонага вызваленьня - лістапад бягучага году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG