Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 31 траўня 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Пасьлявыбарчай прэзыдэнцкай сытуацыі было прысьвечана пасяджэньне сойму БНФ, які адбыўся ў мінулую суботу і засьведчыў падзел думак у кіраўніцтве Фронту адносна далейшага лёсу гэтай найбуйнейшай палітычнай сілы Беларусі.

Сойм быў закрыты ад прэсы. Ніводнага дакумэнту на ім прынята так і не было.

Сойм, насуперак меркаваньню Зянона Пазьняка, пераважнай большасьцю галасоў санкцыянаваў удзел выкакаўцы абавязкаў старшыні БНФ Лявона Баршчэўскага ў "круглым стале" улады і апазыцыі, які пад эгідай АБСЭ павінен распачацца ў Бухарэсьце.

Паводле нашай інфармацыі, Зянон Пазьняк выклаў свае меркаваньні ў факсе. Зьняцьцё сваёй кандыдатуры на прэзыдэнцкіх выбарах, насуперак рашэньню Сойма, Пазьняк назваў «маральным крокам». З гэтым цалкам пагадзіўся намесьнік старшыні БНФ Сяргей Папкоў.

Намесьнікі старшыні БНФ Вінцук Вячорка і Юры Хадыка назвалі такі крок «памылкай». Зянон Пазьняк, у сваю чаргу, выказаўся адносна далейшага знаходжаньня на пасадзе намесьніка старшыні арганізацыі Юрыя Хадыкі. «Тут пяройдзены ўсе межы, - лічыць спадар Пазьняк. - Няма ніякіх сумневаў адносна ягонага далейшага знаходжаньня на пасадзе намесьніка».

Па-іншаму бачыць Зянон Пазьняк і лёс іншых намесьнікаў Фронту. Старшыня БНФ прапанаваў зьмяніць структуру кіраваньня Фронтам. Паводле прапановы Пазьняка, кіраваць арганізацыяй павінен старшыня і першы намесьнік, якога прызначае старшыня. Пры гэтым Сойм павінен толькі зацьвярджаць кандыдатуру намесьніка. Нагадаю, што зараз у БНФ шэсьць намесьнікаў, і рашэньні прымаюцца калектыўна.

Выканаўца абавязкаў старшыні БНФ Лявон Баршчэўскі паведаміў на Сойме, што гэтая жорсткая схэма кіраваньня абмяркоўвалася з Пазьняком у Варшаве. І, на думку Баршчэўскага, яна можа быць ужытая выключна ў выпадку, калі арганізацыя апынецца ў падпольлі, на нелегальным становішчы. Калі ж гэтая структура будзе актыўна навязвацца на ліпеньскім з'езьдзе БНФ, дык Баршчэўскі падасьць у адстаўку.

Гэтую інфармацыю нашаму радыё пацьвердзіў намесьнік старшыні Фронту Вінцук Вячорка.

(Вячорка: ) "Я думаю, што Сойм быў вельмі да месца, бо былі прагавораныя варыянты выбару стратэгіі. Уласна кажучы, выбар стратэгіі зводзіцца да таго, ці будзе БНФ рухам, адкрытым для працы на шырокім палітычным полі, ці ён будзе самазамыкацца. Я думаю, што размова пра ўсе арганізацыйныя навацыі пойдзе на з'езьдзе. Бо толькі з'езд можа ўносіць нейкія зьмены ў арганізацыйную будову БНФ. Арганізацыйныя навацыі, зьвязаныя з пераўтварэньнем кіраваньня ў "вэртыкальныя", былі на Сойме адкрыта яўна падтрыманыя толькі спадаром Папковым".

Адказы на прапановы Зянона Пазьняка будуць атрыманыя на ліпеньскім з'езьдзе БНФ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG