Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 траўня 1999 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Міжнародны Валютны Фонд адмовіўся прадаставіць беларускім уладам фінансавую дапамогу ў рамках надзвычайнага і кампэнсацыйнага крэдытаваньня. Такім чынам пастаўленая кропка ў пытаньні рашэньня фонду аб выдзяленьні 100 мільёнаў даляраў для эканамічных патрэбаў Беларусі. Пра гэта стала вядома сёньня ад дырэктара другога эўрапейскага ўпраўленьня МВФ Джона Одлінга-Смі, які наладзіў у Менску прэсавую канфэрэнцыю для журналістаў.

Сп. Джон Одлінг-Смі, які знаходзіўся ў Менску з 24 траўня, на пачатку сёньняшняй сустрэчы з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі выступіў з адмысловай заявай. У сваім дакумэнце ён даў ацэнку сёньняшняму стану беларускай эканомікі і выказаў шэраг рэкамэндацыяў дзеля яе аздараўленьня. У прыватнасьці было заяўлена, што эканамічная сытуацыя ў краіне робіцца ўсё болей цяжкаю, рост сукупнага ўнутранага прадукту рэзка замарудзіўся за апошні год — часткова ў сувязі з крызысам у Расеі, а частковба ў выніку абмежаванасьці стратэгіі, якая грунтуецца ў асноўным на хуткім росьце крэдытнай эмісіі ды штораз мацнейшым дзяржаўным кантролі. Пры гэтым прамоўца адзначыў, што кіраўніцтва Беларусі ўсё яшчэ не перакананае ў правільнасьці рэкамэндацыяў Міжнароднага Валютнага Фонду для эканамічнай палітыкі краіны.

Скончылася згаданая заява дырэктара другога эўрапейскага ўпраўленьня МВФ тым, што рух наперад у працы над кампэнсацыйным крэдытам немагчымы з прычыны слабой крэдытна-грашовай палітыкі ды маруднага прагрэсу ў галіне структурных рэформаў, асабліва ў сфэры лібэралізацыі валютнага рынку.

Такім чынам 26 траўня Міжнародны Валютны Фонд афіцыйна агучыў сваё адмоўнае рашэньне на леташнюю просьбу Беларусі выдзяліць ёй фінансавую дапамогу як ахвяры расейскага эканамічнага крызысу і неспрыяльнага леташняга надвор'я. На пытаньне нашага радыё — калі было прынятае гэтае рашэньне і якою была рэакцыя на яго кіраўнікоў Беларусі, сп. Джон Одлінг-Смі адказаў:

(Одлінг-Смі:) «Пастанова была прынятая ня ў нейкі канкрэтны дзень. Мы сачылі за разьвіцьцём сытуацыі ў эканоміцы Беларусі на працягу некалькіх апошніх месяцаў, і ў апошнія месяцы станавілася ўсё больш відавочна, што ў нас ня будзе магчымасьці выдзяліць Беларусі крэдыт у рамках CCFF. Што да рэакцыі кіраўніцтва краіны на такое рашэньне, то — так, яны, зразумела, былі расчараваныя, таму што кіраўніцтва краіны спадзявалася атрымаць гэты крэдыт. Але, як нам было сказана, давядзецца абыйсьціся безь яго, і яны паспрабуюць гэта зрабіць».

Як вядома, гэтую непрыемную для беларускіх уладаў навіну сп. Джон Одлінг-Смі перадаў ім яшчэ ўчора, падчас сустрэчы з кіраўнічымі асобамі краіны, у тым ліку зь яе цяперашнім прэзыдэнтам. Прадстаўнік фонду паведаміў журналістам, што на ўчорашнім спатканьні з Аляксандрам Лукашэнкам ён патлумачыў прэзыдэнту некаторыя моманты палітыкі МВФ. У прыватнасьці, да ведама Лукашэнкі было даведзена, што дзеяньні фонду не зьяўляюцца палітызаванымі, як гэта бачыцца беларускім уладам. МВФ як эканамічны інстытут, паводле словаў сп. Джона Одлінга-Смі, прымае рашэньні выключна на падставе эканамічных крытэрыяў.

Як прагучала на прэсавай канфэрэнцыі, замежны госьць на канкрэтных фактах патлумачыў высокапастаўленаму суразмоўцу, што іншага выніку ў справе кампэнсацыйнага крэдыту для Беларусі і быць не магло.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG