Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 19 траўня 1999 г.


Сёньня Старшыня ЦВК Віктар Ганчар, у часе прэсавай канфэрэнцыі абвесьціў, што ЦВК лічыць вынікі галасаваньня за абодвух кандыдатаў на прэзыдэнцкіх выбарах — несапраўднымі. Адказу на галоўнае пытаньне: колькі выбаршчыкаў аддалі свае галасы за Зянона Пазьняка і, адпаведна, за Міхаіла Чыгіра - старшыня ЦВК Віктар Ганчар так і ня даў. Пазыцыя Цэнтральнай Выбарчай Камісіі, выпрацаваная ў часе ўчорашняга паседжаньня, зводзіцца да таго, што прэзыдэнцкія выбары прызнаныя адбыўшыміся, але іхныя вынікі - несапраўдныя.

Бо,па-першае, афіцыйныя ўлады чынілі перашкоды ў правядзеньні выбарчай кампаніі; па-другое, не было магчымасьці наладзіць паўнавартасную агітацыю за кандыдатаў; па-трэцяе, кандыдат у прэзыдэнты Зянон Пазьняк, як заявіў у часе прэсавай канфэрэнцыі старшыня ЦВК Віктар Ганчар "цягам выбарчай кампаніі зрабіў антызаконныя дзеяньні, а таксама заклікаў сяброў выбарчых камісіяў ад БНФ байкатаваць гэтыя выбары".

Паводле словаў Ганчара, выбарам не была забясьпечаная падтрымка, як ён сказаў, "пэўных палітычных колаў. Выбары адбываліся на неспрыяльным тле вайны ў Югаславіі. Цягам трох месяцаў павінны быць прызначаныя новыя выбары", - заявіў Віктар Ганчар.

(Ганчар:) "Галоўны палітычны вынік якраз у тым, што гэтая кампанія зрабіла проста немагчымым далейшае выкананьне Лукашэнкам абавязкаў прэзыдэнта пасьля 20 ліпеня. Ён фактычна пазбавіўся, паводле вынікаў гэтай кампаніі, легітымнасьці, што будзе юрыдычна пацьверджана пасьля тэрміну завяршэньня ягоных паўнамоцтваў. Таму я разглядаю гэтую кампанію як моцны палітычны імпульс на тое, каб забясьпечыць правядзеньне нармальных прэзыдэнцкіх выбараў у адпаведнасьці з эўрапейскімі стандартамі для таго, каб выбары былі прызнаныя.

Прызначэньне паўторных выбараў будзе праведзенае пасьля шчыльных кансультацыяў з Прэзыдыюмам Вярхоўнага Савету і справаздачы Цэнтральнай Выбарчай Камісіі. Калі браць палітычныя аспэкты, то я спадзяюся, што паўторныя выбары будуць праходзіць бездакорна, у адпаведнасьці з Канстытуцыяй 1994 году і пры фармаваньні новых структураў улады без Лукашэнкі".

У выбарах цягам дзесяці дзён пакватэрнага галасаваньня, паводле спадара Ганчара, узяло ўдзел 4.000.804 чалавекі, ці 53.2% выбаршчыкаў. Выбары не адбыліся ў Гомельскай вобласьці, дзе прагаласавала толькі 49.7% выбаршчыкаў. Старшыня ЦВК заявіў, што адсоткі тых, хто ўзяў удзел у галасаваньні - дакладныя, бо яны спраўджаліся паводле трох мэтодык, і ў яго (Ганчара) няма падставаў не давяраць сябрам выбарчых камісіяў. Пры гэтым Ганчар зрабіў недвухсэнсоўную заяву:

(Ганчар:) "Калі хтосьці лічыць, што можна размаўляць пра мараль, калі ў краіне амаральны рэжым, то - тым больш - амаральна за барацьбу з гэтым рэжымам атрымліваць шматлікія гранты. Таму галоўнае ў палітыцы адэкватнасьць і толькі тады можна працаваць на дасягненьне канкрэтнага выніку".

Суму, у якую абыйшліся гэтыя выбары а таксама крыніцы іхнага фінансаваньня, Ганчар нашаму радыё не назваў, але заўважыў, што пра гэта будзе дакладзена Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету. Віктар Ганчар раскрыў некаторыя акалічнасьці падрыхтоўкі цяперашніх выбараў. Падчас сустрэчы Зянона Пазьняка, Міхаіла Чыгіра і Віктара Ганчара ў Варшаве ня быў падпісаны закрыты мэмарандум з чатырох пунктаў. Абраны кандыдат браў на сябе абавязкі: па-першае - абмежаваць прэзыдэнцкія паўнамоцтвы; па-другое - правесьці парлямэнцкія выбары; па-трэцяе - увесьці прапарцыйную сыстэму выбараў; па-чацьвертае - захоўваць сувэрэнітэт і незалежнасьць Беларусі.

Як паведаміў Ганчар, Зянон Пазьняк запрапанаваў унесьці яшчэ адзін (пяты) пункт:
ніякіх дачыненьняў зь імпэрскай Расеяй.

Міхаіл Чыгір адмовіўся падпісваць гэты пункт, і падпісаньне ўсяго мэмарандуму ў Варшаве было сарванае. Старшыня ЦВК не абмяжоўваў сябе ў выбары лексічных сродкаў, апісваючы паводзіны Зянона Пазьняка падчас і пасьля выбарчай кампаніі.

Праз тры месяцы, заяўляе Старшыня ЦВК, Беларусь чакае новая прэзыдэнцкая кампанія.

Юрась Карманаў Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG