Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 траўня 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Пяць дзён працягваўся візыт ў Беларусь кіраўніка рабочай групы парляманцкай асамблеі АБСЭ Адрыяна Сэвэрына. За гэты час ён сустрэўся з прадстаўнікамі афіцыйнай улады, кіраўнікамі палітычных партыяў ды дэпутатамі Вярхоўнага Савету, сябрамі няўрадавых арганізацыяў.

Па словах Адрыяна Сэвэрына, пад час шматлікіх перамоваў абмяркоўваліся тры асноўныя тэмы: перарэгістрацыя палітычных партыяў і няўрадавых арпанізацыяў, палітычныя наступствы прэзыдэнцкіх выбараў, падрыхтаваных Цэнтравыбаркамам, і пэрспэктывы вольных і справядлівых выбараў.

Кіраўнік рабочай групы парляманцкай асамблеі АБСЭ заявіў:

(Сэвэрын:) "У сьвятле сур'ёзнай занепакоенасьці палітычных партыяў і няўрадавых арганізацыяў Беларусі адносна нядаўна прынятых умоваў іхняй перарэгістрацыі, рабочая група ўзьняла гэтыя пытаньні і прадставіла суразмоўцам стандарты АБСЭ адносна рамачных умоваў для партыяў і недзяржаўных арганізацыяў у адкрытых грамадзкіх супольнасьцях".

Спадар Сэвярын паведаміў, што атрымаў запэўніваньне ад урадавых структураў, што працэс перарэгістрацыі будзе праходзіць справядліва. Кіраўнік рабочай групы заявіў, што парушэньне роўнага падыходу будзе мець вельмі сур'ёзныя наступствы для нацыянальных і міжнародных інтарэсаў Беларусі.

Пільная ўвага падчас перамоваў была нададзеная і прэзыдэнцкім выбарам.

(Сэвэрын:) "Удзел шмат каго з грамадзянаў у спробе правесьці прэзыдэнцкія выбары, якія, паводле меркаваньняў шмат якіх краінаў, павінныя праводзіцца сёлета, заслугоўвае павагі ў краінах з дэмакратычным кіраваньнем - сябрах АБСЭ. Неабходна стварыць найвышэйшую ступень яднаньня паміж апазыцыйнымі сіламі. Рабочая група была паінфармаваная пра тое, што падчас выбарчай кампаніі мелі мейсца адміністрацыйны перасьлед і юрыдычныя забароны. Утрыманьне ў сьледчым ізалятары аднаго з кандыдатаў у прэзыдэнты нараджае шмат пытаньняў і павінна быць тэрмінова спынена."

На думку сп.Сэвэрына, хаця падчас выбараў перасьлед і меў мейсца, але шырокамаштабнай кампаніі супраць апазыцыі не праводзілася. Сп. Сэвэрын падкрэсьліў, што з прычыны перашкодаў і не чакалася, што перадвыбарчая кампанія будзе адпавядаць стандартам АБСЭ. Ён разглядае яе як крок у накірунку ўсталяваньня палітычнага дыялёгу паміж уладамі і апазыцыяй. Адказваючы на пытаньне, ці лічыць АБСЭ выбарчую кампанію сапраўднымі прэзыдэнцкімі выбарамі, Адрыян Сэвэрын заўважыў, што ягонае знаходжаньне ў Беларусі ў гэтыя дні ня мела на мэце нагляд за выбарамі, і таму ён ня можа камэнтаваць а ні факты, а ні лічбы. Ён ізноў паўтарыў, што гэта можа быць пачатковым пунктам для перамоваў.

Спробы наладзіць дыялёг былі ці не асноўнай мэтай візыту.Спадар Сэвэрын паведаміў, што рабочая група мае намер у чэрвені правесьці ў Бухарэсьце слуханьні з удзелам прадстаўнікоў беларускіх уладаў, апазыцыі і няўрадавых аврганізацыяў. Некалькі разоў кіраўнік рабочай групы падкрэсьліў, што мэтай дыялёгу павінныя стаць шляхі правядзеньня ў Беларусі дэмакратычных выбараў.

Учора ў інтэрвью радыё "Свабода", якое было дадзенае пасьля сустьрэчы са спадарпом Сэвэрынам, спьпікер Вярхоўнага Савету Сямён Шарэцкі заявіў, што дыялёг можа весьціся толькі аб тым, як выконваць Канстытуцыю. На думку сп. Шарэцкага, АБСЭ павінна прытрымлівацца такога ж пункту гледжаньня, паколькі яна не прызнае вынікаў рэфэрэндуму 1996 году.

У часе сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі я спытаў спадара Сэвэрына, якой пазыцыі АБСЭ прытрымлівавецца на самой справе. Ён адказаў, што пакуль рана казаць пра тое, што можа быць падмуркам перамоваў, і нават дадаў, што ня можа ўзгадаць ніякіх папярэдніх умоваў дыялёгу, якія б выстаўлялі ягоныя беларускія суразмоўцы.

"Перамовы - гэта прэрагатыва беларускіх палітычных бакоў, - заявіў сп. Сэвэрын. - Нашая мэта - зьвесьці гэтыя бакі. Мы будзем праяўляць стратэгічную цьвёрдасьць і тактычную гнуткасьць".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG