Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 траўня 1999 г.


Сталіся вядомыя некаторыя падрабязнасьці зьнікненьня Юрыя Захаранкі. Як вядома, Каардынацыйная Рада Палітычных Сілаў, якую ачольвае Мікола Статкевіч, стварыла грамадзкую камісію для расьсьледаваньня абставінаў зьнікненьня Юрыя Захаранкі. Узначаліў камісію старшыня юрыдычнай камісіі Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Партыі «Народная Грамада», былы пракурорскі работнік Алег Волчак. Што ўдалося высьветліць камісіі? Пра гэта мы запыталіся ў старшыні Каардынацыйнай Рады Палітычных Сілаў Міколы Статкевіча. (Статкевіч:) «Камісія зьмясьціла аб'яву ў газэтах. Быў вылічаны квартал, дзе магло адбыцца зьнікненьне, у гэтым квартале былі вывешаныя аб'явы з кантактным тэлефонам. Ужо ўчора мы прынялі некалькі званкоў сьведкаў, якія бачылі, як адбываўся напад на Юрыя Захаранку.

Абставіны былі такія. Паводле розных зьвестак, 5-6 чалавек (цемнавата, людзі маглі памыліцца) знаходзіліся ў засадзе. 3 чалавекі сядзелі ў машыне («жыгулі» цёмнага колеру) і 3 чалавекі на вуліцы. На вуліцы Магілеўскай, 8 корпус 3. Калі чалавек (паводле апісаньняў — мы давалі прыкметы — Юры Захаранка) параўняўся з гэтымі людзьмі, на яго адбыўся напад. Яго пачалі круціць. Ён клікаў на дапамогу, крычаў: «Помогите!» Але на жаль ніхто на дапамогу яму не прыйшоў. Яго скруцілі, кінулі ў машыну «жыгулі» цёмнага колеру, і машына зьехала ў кірунку вуліцы Жукоўскага.

Частка людзей, якія ўдзельнічалі ў выкраданьні, сышлі пехатою. Гэтых людзей бачылі. Цяпер мы ўдакладняем гэтую інфармацыю і ўдакладняем іхныя прыкметы. Таму просьба да тых, хто слухае гэтую перадачу і хто знаходзіўся ў пятніцу 7 траўня каля 10-тай гадзіны вечара каля дома №8 корпус 3 на вуліцы Магілеўскай — паведаміць па тэлефоне 63-04-82 дадатковыя абставіны. Нас найперш цяпер цікавіць нумар машыны (хоць ён мог быць зьменены) і прыкметы асобаў, якія ўдзельнічалі ў выкраданьні».

(Радкевіч:) А што далей вы будзеце рабіць з гэтай інфармацыяй? Ці вы яе далей перадасьцё ў праваахоўчыя ворганы?

(Статкевіч:) «Я думаю, што самастойнае расьсьледаваньне будзе працягвацца, але ўжо камісія зьбярэцца і высьвятліць — што яна будзе рабіць далей. Мы магчыма й перадамо гэтую інфармацыю праваахоўчым ворганам, але адначасова з гэтым будзе працягвацца самастойнае расьсьледаваньне.

Назіраюцца ўжо такія дробныя факты ўціску й запалохваньня. Напрыклад, дэманстратыўнае сачэньне за мною — але гэта ўсё сьмешна.

Гледзячы па «почырку», яны дзейнічалі вельмі непрафэсійна, бо іхныя твары былі бачныя, бо яны дазволілі ахвяры крычаць. Я думаю, што тут магчымыя дзьве вэрсіі — або гэта дзейнічалі міліцыянты, супрацоўнікі Міністэрства Ўнутраных Справаў (яны дастаткова непрафэсійна дзейнічаюць — ведаю па сабе), або, калі была задзейнічаная нейкая спэцслужба, яна дзейнічала праз падкантрольных гэтай спэцслужбе крымінальнікаў. У першым выпадку сп. Захаранка можа знаходзіцца ў адным зь ізалятараў — на месяц да высьвятленьня асобы. У другім выпадку абставіны могуць быць больш сумныя. Тым ня менш сьледзтва працягваецца, і мы безумоўна не дамо нас выкрадаць, забіваць як баранаў».

(Радкевіч:) Я слушна Вас зразумела — толькі грамадзкая камісія дала абвестку ў газэты? Праваахоўчыя ворганы, якія афіцыйна вядуць сьледзтва, гэтага не зрабілі?

(Статкевіч:) «Абсалютна так».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG