Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 траўня 1999 г.


Віктар Дзятліковіч, Масква

Палітычнае жыцьцё Расеі канцэнтруецца зараз выключна вакол дзьвюх тэмаў – імпічмэнт і адстаўка Яўгена Прымакова. Як заўжды бывае, калі ў расейскіх палітыкаў зьяўляюцца тэмы, вартыя іхнай бесьперапынай увагі, іншыя праблемы адыходзяць на другі плян, у тым ліку і інтэграцыя зь Беларусяй. Наш маскоўскі карэспандэнт Віктар Дзятліковіч паспрабаваў сёньня знайсьці людзей, якія яшчэ цікавяцца лёсам Беларуска-Расейскага саюзу.

Сёньня Дзяржаўная Дума Расеі пачала разглядаць абвінавачаньні на адрас Барыса Ельцына. Працэс імпічмэнту перайшоў у новую стадыю. Напярэдадні Прэзыдэнт Расеі пазбавіў пасады прэм'ер-міністра Яўгена Прымакова, гэтыя падзеі непасрэдным чынам адбіліся на працэсе інтэграцыі Беларусі і Расеі. Стала зразумела, што тэма адносінаў зь Беларусяй хоць і грае час ад часу значную ролю ў расейскім палітычным жыцьці, але не зьяўляецца першаснай.

Ад новае палітычнае сытуацыі ў Расеі пацярпеў перш за ўсё працэс падрыхтоўкі новае саюзнае дамовы паміж Беларусяй і Расеяй. 11 траўня ў Горадні плянавалася правесьці чарговае паседжаньне парлямэнцкага сходу Беларусі і Расеі. Дэпутаты меркавалі зацьвердзіць канчатковы праект саюзнае дамовы. Але менавіта на гэты тэрмін прыпала паседжаньне Думы, дзе разглядаецца імпічмэнт. Як вынік, у Горадню ніхто не паехаў, паседжаньне перанесенае на няпэўны тэрмін.

Старшыня камісіі па справах СНД Дзяржаўнай Думы Расеі Георгі Ціханаў у інтэрвію "Радыё Свабода" заявіў на гэты конт: "Я вельмі зьдзіўлены — мне падаецца, што паседжаньне парлямэнцкага сходу можна было правесьці, і разгляд імпічмэнту ня мог стаць гэтаму перашкодай". Прыхільнікі хутчэйшай інтэграцыі зь Беларусяй зьдзіўленыя, але ня маюць моцы, каб паўплываць на разьвіцьцё падзеяў. Спроба пазбавіць улады Барыса Ельцына падаецца дэпутатам Дзяржаўнай Думы больш важнай справай, чым стварэньне чарговага саюзу зь Беларусяй.

Такім чынам, працэс аб'яднаньня зноў спыніўся на няпэўны тэрмін. Пэсымізм у прыхільнікаў новага саюзу выклікае і адстаўка Яўгена Прымакова. Адказны чыноўнік выканаўчых структураў Беларуска-Расейскага саюзу ў прыватнай гутарцы адзначыў, што адстаўку Прымакова тут успрынялі вельмі нэгатыўна. Мой суразмоўца прызнаў, што ўрад Прымакова надаваў пытаньням інтэграцыі ўвагу большую, чым усе іншыя урады Расеі. "Падчас кіраваньня Прымакова, — сказаў гэты чалавек, — прадстаўнікі расейскіх структураў улады сталі падыходзіць да пытаньняў інтэграцыі больш адказна. Працэс падрыхтоўкі ўсіх дакумэнтаў у межах саюзу пачаў больш-менш кантралявацца, чаго не было раней".

Што чакае аб'яднаўчыя працэсы пасьля адстаўкі Прымакова і прызначэньня выконваючым абавязкі прэм'ера Сяргея Сьцяпашына, ніхто ня ведае. Вось што на гэты конт заявіў Георгі Ціханаў: "Сьцяпашын – гэта чалавек вельмі далёкі ад пытаньня аб'яднаньня зь Беларусяй, як і ад усіх іншых праблемаў. Але ёсьць надзея, што ён прынамсі ня будзе перашкаджаць". У гэтай сытуацыі, лічыць Ціханаў, шмат што будзе залежаць ад дзеяньняў Аляксандра Лукашэнкі. Георгі Ціханаў сказаў: "Прэзыдэнт Беларусі заўсёды быў для нас адзіным сапраўдным інтэгратарам, і калі ён ня зьменшыць тэмп, то вынікі павінны быць".

На думку расейскага дэпутата, Аляксандру Лукашэнку варта рабіць стаўку на Парлямэнцкі сход Беларусі і Расеі. "Мы падтрымаем любы радыкальны плян інтэграцыі", — заявіў Ціханаў. Але невядома, калі дэпутаты атрымаюць такую магчымасьць – у бліжэйшыя дні Дума будзе абмяркоўваць абвінавачваньні на адрас Барыса Ельцына. Калі хоць адзін з пунктаў абвінавачваньня падтрымаюць больш за 300 дэпутатаў, то працэс імпічмэнту будзе афіцыйна распачаты. Тады, сьцьвярджаюць многія назіральнікі, варта рыхтавацца да сур'ёзнага супрацьстаяньня думы і прэзыдэнта, якое можа скончыцца нават і роспускам Думы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG