Сям'я і адвакат Уладзімера Хілько працягваюць адчайнае змаганьне за жыцьцё былога старшыні праўленьня Ашчаднага Банку Беларусі. Меркавалася, што ўжо на пачатку бягучага тыдня ім удасца знайсьці паразуменьне з уладамі і перавесьці яго з турэмнага шпіталя ў Рэспубліканскі Навукова-Дасьледчы Інстытут Кардыялёгіі, каб зрабіць апэрацыю на хворым сэрцы. Аднак на сёньняшні дзень улады пакуль не задаволілі хадайніцтва. Жонка Ўладзімера Хілько Зінаіда Сяргееўна паведаміла нашаму радыё, што разам з адвакатам зьняволенага банкіра Сьвятланай Маргулец яна ў апошнія дні прыкладала шмат намаганьняў, каб вызваліць свайго мужа з-за кратаў ды перадаць яго ў рукі прафэсароў менскага Навукова-Дасьледчага Інстытуту Кардыялёгіі. Аднак, паводле зьвестак супрацоўнікаў гэтай мэдычнай установы, 12 траўня сярод яе пацыентаў спадара Хілько яшчэ не было. Намесьнік дырэктара Інстытуту Сьвятлана Суджаева падзялілася са мной наступнай інфармацыяй: "Мы глядзелі яго камісійныя запісы ў турме і зрабілі заключэньне, што ён мае патрэбу ў апэрацыі аорта-каранарнага шунтаваньня – гэта значыцца, у кардыяхірургічнай апэрацыі. Аднак рашэньне аб накіраваньні Хілько з турмы ў наш інстытут прымаем ня мы", — заявіла доктар Суджаева. Нагадаю, што 3 траўня экс-старшыні Ашчаднага Банку праваахоўчыя органы прад'явілі канчатковае абвінавачаньне — яму інкрымінуецца парушэньне 167-га артыкулу крымінальнага кодэксу — перавышэньне службовых паўнамоцтваў. Як ні рупіліся ўлады знайсьці ў дзеяньнях Хілько больш страшнае злачынства — крадзёж банкаўскіх крэдытаў, гэта ім не ўдалося. Абсурднасьць, ці болей дакладна, жахлівасьць сытуацыі ў тым, што пошук віны былога банкіра афіцыйнае сьледзтва вяло ігнаруючы ўсялякія нормы гуманнасьці да падазронай асобы. У інваліда ІІ-й групы Хілько цяжкая форма сардэчнага захворваньня, ён перанёс два інфаркты, адзін зь якіх у сьледчым ізалятары КГБ. Фактычна ўсе сем месяцаў зьняволеньня банкір правёў у турэмным шпіталі, пры гэтым тыя, хто пасадзіў Хілько за краты, адкрыта ігнаравалі меркаваньні мэдыкаў. Доўгі час сам зьняволены, а таксама яго сям'я ды адвакат цярпліва чакалі, што ўлады зьлітуюцца над хворым. Па словах жонкі зьняволенага Зінаіды Хілько, ейны муж шчыра верыў, што сьледзтва хутка высьветліць ісьціну і ён будзе выпушчаны на волю, таму ня варта апэляваць да грамадзкасьці. "Ну вось і разабраліся — праседзеў сем месяцаў, давялі, можна сказаць, ужо да інваліда І-й групы. А што будзе далей — я ня ведаю, я кожны дзень прачынаюся з думкай, ці жывы ён", — сказала сп-ня Хілько. Паводле ейных словаў, у мінулую пятніцу ёй патэлефанавалі зь менскага офісу кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ і паведамілі, што гэтая міжнародная арганізацыя мае намер узяць пад кантроль лёс былога старшыні Ашчаднага Банку. У прыватнасьці, было паведамлена, што прадстаўнік Арганізацыі Бясьпекі і Супрацоніцтва ў Эўропе ў бліжэйшы час плянуе сустрэцца з Уладзімерам Хілько. Апроч АБСЭ, Зінаіда Хілько афіцыйна зьвярнулася з просьбай заступіцца за мужа і да Беларускага Гельсынскага Камітэту. Як патлумачыла яна нашаму радыё, прычынаю звароту па дапамогу да гэтых структураў сталася немагчымасьць цывілізаваных стасункаў зь цяперашняй кіруючай элітай краіны. Зінаіда Сяргееўна, паводле ейных словаў, тройчы зьвярталася па абарону да прэзыдэнта Беларусі, пяць лістоў накіравала да пракурора, спадзяючыся на іхнае заступніцтва, але ўсё безвынікова, і тады было вырашана, што пра справу і сёньняшні лёс доктара эканамічных навук, акадэміка і высокапрафэсійнага банкіра-практыка павінна ведаць шырокая беларуская грамадзкасьць.

Самае папулярнае
1