Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 траўня 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Пяць гадоў турмы з канфіскацыяй маёмасьці і пазбаўленьня на пяць гадоў пасьля вызваленьня права займаць кіруючыя пасады - такога пакараньня запатрабаваў магілеўскі пракурор Аляксандр Казакевіч для былога старшыні акцыянэрнага таварыства "Расьсьвет" Васіля Старавойтава.

Намесьнікам Старавойтава пагражаюць значна большыя тэрміны пакараньня турмой. Аляксандру Еўстратаву, які кіраваў транспартным цэхам - восем гадоў няволі. Алегу Шпапавалаву, былому начальніку рыбнай гаспадаркі "Расьсвета" - пракурор прапануе даць ажно дзесяць гадоў турмы. Абодвум таксама з канфіскацыяй маёмасьці.

Сёньня на працэсе ў судзе Кіраўскага раёну з апошнім словам выступілі былы старшыня "Расьсьвета" Васіль Старавойтаў, ягоны намесьнік Алег Шапавалаў.

Старавойтаў заявіў, што ўсё жыцьцё займаўся цяжкай сельскай працай, праводзіў рэфармаваньне гаспадаркі і дамогся значных посьпехаў - аб чым сьведчаць дзьве зоркі "героя". Старавойтаў прызнаў, што ў яго былі памылкі, але ён ня лічыць сябе злачынцам, які абагаціўся за кошт народа. На думку Старавойтава, будучыня за такімі сельскімі гаспадаркамі. у якіх людзі будуць гаспадарамі, а не падняволенымі, як калгасьнікі. "У самога сабе красьці ня будзеш" - сьцьвярджаў Старавойтаў.

Што тычыцца канкрэтных абвінавачваньняў у свой бок, былы старшыня "Расьсьвета" ухіліўся ад іх ацэнкі. Ён паўтарыў тое, што ўжо неаднойчы гучала ў судзе: "Што б я ні гаварыў, мяне ўсё роўна засудзяць. Таму вырашайце, як вам падказвае сумленьне".

Адвакат Старавойтава Вера Страмкоўская лічыць, што гэта была прамова мужнага чалавека. Страмкоўская, выступаючы ў судовых спрэчках, прасіла суд улічыць заслугі абвінавачваемага, ягонае партызанскае мінулае, 25 дзяржаўных узнагародаў, а галоўнае той факт, што Старавойтаў усё жыцьцё прысьвяціў рэфармаваньню калгаснай гаспадаркі. На ягоным вопыце, на ягоных посьпехах і памылках будуць вучыцца пакаленьні гаспадароў. Адвакат прасіла суд выкарыстаць адносна Старавойтава 42 артыкул Крымінальнага Кодэксу, - гэта пакараньне ніжэй ніжняй мяжы, а таксама выкарыстаць Закон аб амністыі і вызваліць Старавойтава ў зале суда пасьля абвяшчэньня прысуду.

Спадарыня Страмкоўская заявіла радыё "Свабода", што такі крок з боку суда будзе цалкам законным, нават калі па некаторых пунктах абвінавачваньня Старавойтаў будзе прызнаны вінаватым. Бо ён ужо адседзіў за кратамі больш як паўтары гадоў. Аднак, заўважыла адвакат, беларускія суды яшчэ ніколі не дэманстравалі міласэрднасьці ў дачыненьні да грамадзянаў, якіх улада лічыць сваімі палітычнымі праціўнікамі.

Судовы працэс у Кіраўску спынены да 13 травеня. У гэты дзень выступіць з апошнім словам былы памочнік Старавойтава Еўстратаў, і пасьля гэтага суд сыйдзе рыхтаваць свой вэрдыкт.

Між тым, мяркуючы па даўжыні паўзы, якая была ўзятая сёньня, ня выключана, што прысуд да 13 травеня ўжо будзе падрыхтаваны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG