Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 траўня 1999 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Прадстаўнікі Беларускага Гэльсінскага камітэту атрымалі днямі адказ з Генэральнай пракуратуры на свой зварот адносна факту публікацыі ў некаторых газэтах антысеміцкіх матэрыялаў. беларускія праваабаронцы чакалі гэтага адказу больш за год.

18 сакавіка мінулага году Старшыня БХК Тацьцяна Процька накіравала ў Генпракуратуру зварот з просьбаю даць юрыдычную ацэнку і прыняць адпаведныя меры да газэтаў "Славянский набат", "Славянская газета", "Личность", "Знамя юности", а таксама да праграмы беларускай тэлевізіі "Існасьць". Брадстаўнікі БГК лічылі, што гэтыя СМІ злоўжывалі свабодай інфармацыі і дапускалі на працягу 1997 году публікацыі і праграмы антысеміцкага зьместу.

На думку аўтараў звароту ў пракуратуру, рэдакцыі гэтых газэтаў наўмысна распальваюць ў Беларусі міжнацыянальную варожасьць. "Славянскі набат", напрыклад, зьмясьціў артыкул памерлага мітрапаліта піцярбурзскага і ладажскага Іаана "Крыўдна за Расею", у якім высокі праваслаўны іерарх цытуе адыёзныя "пратаколы сіёнскіх мудрацоў" і абвінавачвае габрэяў ледзь не ў ва ўсіх бедах цяперашняй Расеі. А журналісты культурна-рэлегійнай праграмы БТ "Існасьць" у адным са сваіх выпускаў сьцьвярджалі, што менавіта іўдзеі забілі ў 1690 годзе ў Беласточчыне Гурыева, якога праваслаўная царква кананізавала як пакутніка за веру.

Па словах актывістаў Гэльсінскага камітэту, падобныя антысэміцкія матэрыялы з'яўляліся і ў іншых газэтах камуна-патрыятычнай накіраванасьці. Аднак Генэральная пракуратура доўгі час не давала ніякага адказу на зварот праваабаронцаў. Супрацоўнікі ведамства Алега Бажэлкі нават сьцьвярджалі, што зварот БГК недзе згубіўся.

А тым часам "Славянскі набат" надрукваў на сваіх старонках копію звароту Гэльсінскага камітэту у пракуратуру, сураваджаючы гэты дакумэнт каментарамі-праклёнамі на адрас "прадаўшыхся сіяністам праваабаронцаў". Якім чынам зварот трапіў у газэту - у пракуратуры патлумачыць ня здолелі. Насьпяваў скандал. У лютым гэтага году Тацьцяна Процька паўторна зьвярнулася да Бажэлкі з просьбаю даць адказ на свой запыт. Тым больш, што за мінулы год хваля антысэміцкіх публікацыяў у гэтых газэтах ня зьменшылася. а на адрас Старшыні БГК сталі паступаць пагрозы фізычнай расправы.

І вось, нарэшце, пракуратура адрэагавала. У лісьце, падпісаным старшым пракурорам Упраўленьня агульнага нагляду Новікавым гаворыцца, што "па даручэньні Генэральнай пракуратуры Дзяржкамітэт па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў і Інстытут філясофіі і права Акадэміі навук правялі дасьледваньне і зрабілі выснову, што пералічаныя публікацыі спрыяюць фармаваньню непрыхільных адносінаў да габрэяў".

На думку пракурораў, падобныя артыкулы могуць выклікаць рэлігійную і нацыянальную варажнечу. Генпракуратура прызнае, што гэтыя газэты злоўжываюць свабодай слова, што супярэчыць беларускаму заканадаўству аб друку.

Паколькі кантроль за выкананьнем Закона аб друку з'яўляецца прэрагатываю Дзяржкамітэту па друку, пракуратура накіравала спадару Падгайнаму адмысловы ліст з прапановаю прыняць адпаведныя меры ў адносінах да выданьняў, якія распальваюць міжнацыянальную варожасьць.

Разам з тым аўтар адказу Генпракуратуры зьвярнуў увагу прадстаўнікоў БГК, што Дзяржкамдрук ужо прыняў меры да некаторых газэтаў - парушальніц заканадаўства. Так, напрыклад, 15 сакавіка гэтага году "Славянская газэта" была пазбаўленая рэгістрацыі якраз за апублікаваныя ў ёй матэрыялы антысеміцкага зьместу.

Актывісты БГК засталіся задаволеныя атрыманым адказам. Паводле іх словаў, пракуратура, хаця і праз год, але ўсё ж заняла прынцыповую пазыцыю адносна людзей, якія пастаянна парушаюць беларускія законы ксэнафобскія настроі ў грамадзтве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG