Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 траўня 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Непаразуменьні паміж кіраўніцтвам БНФ і Цэнтральнай выбарчай камісіяй у чарговы раз узьніклі з нагоды вызначанай ЦВК працэдуры правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў.

Сутнасьць прынятай ЦВК Пастановы зводзіцца да таго, што выбары ў цяперашніх умовах будуць цягнуцца дзесяць дзён - з 6 па 16 травеня. І двое сябраў участковых камісіяў будуць абыходзіць кватэры выбаршчыкаў са скрынямі.

Сваю нязгоду з гэткім варыянтам яшчэ да янога прыняцьця выказаў кандыдат у Прэзыдэнты Зянон Пазьняк, які даслаў адмысловы факс. Пастанова, тым ня менш, была зацьверджаная. Сойм БНФ, у сваю чаргу, накіраваў скаргу на дзеяньні ЦВК у Вярхоўны Савет, палічыўшы Пастанову Выбарчайкамісіі незаконнай. Як паведаміў нашаму радыё кіраўнік выбарчага штабу Пазьняка Сяргей Папкоў,

(Папкоў:) "Мы атрымалі Пастанову Цэнтральнай выбарчай камісіі, яна не адпавядае Закону аб выбарах Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Фактычна, Цэнтральная выбарчая камісія зьмяняе мэханізм галасаваньня, і паколькі Закон аб выбарах Рэспублікі Беларусь з'яўляецца законам прамога дзеяньня, то мяняць яго ня мае права ЦВК. Яна павінна арганізаваць выбары згодна з гэтым законам. Таму мы зараз накіравалі ў Вярхоўны Савет афіцыйную заяву ў сувязі з гэтай пастановай, дзе патрабуем правесьці выбары па закону).

(Карэспандэнт:) Калі я Вас правільна зразумеў, вы патрабуеце, каб выбары былі праведзеныя ў адзін дзень і каб былі створаныя ўчастковыя стацыянарныя камісіі?

(Папкоў:) "Так, мы абавязаныя абараніць нашых людзей. Фронт выдзяліў ва ўчастковыя камісіі амаль усю сваю арганізацыю, і мы хвалюемся аб легітымнасьці гэтых выбараў".

(Карманаў:) Я заўважу, што ў Цэнтральную выбарчую камісію на пасаду сакратара ўвайшоў сябра Беларускага Народнага Фронту Барыс Гюнтар. Як вы думаеце, Сяргей Пятровіч, чым кіравалася Цэнтральная выбарчая камісія, калі прызначала менавіта такую працэдуру прэзыдэнцкіх выбараў?

(Папкоў:) "Я думаю, што яна паддалася ціску гэтага рэжыму. Гэтага нельга рабіць. Так, рэжым цісьне, але ж схіляцца, адхіляцца ад закона мы ня маем права".

Сяргей Папкоў зазначыў, што кампанія агітацыі за Зянона Пазьняка працягваецца. праводзяцца пікеты, распаўсюджваецца агітацыйная літаратура.

Старшыня ЦВК Віктар Ганчар, каментуючы зварот Сойму БНФ да Вярхоўнага Савету, паведаміў, што Пастанова ЦКВ прынятая ў поўнай адпаведнасьці з Законам аб выбарах прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Артыкул 32 гэтага Закона гаворыць пра тое, што ў выпадку немагчымасьці зьвярнуцца ў выбарчую камісію Цэнтравыбаркам мае права зарганізаваць галасаваньне ў мейсцы знаходжаньня выбаршчыка. Віктар Ганчар параіў перадвыьарчаму штабу БНФ сканцэнтраваць увагу на агітацыйнай кампаніі.

У Сакратарыяце Вярхоўнага Савету, куды, ўласна, і патрапіла скарга Сойму БНФ, нашаму радыё паведамілі, што заўтра, 4 травеня, адбудзецца пашыранае паседжаньне Прэзыдыуму Вярхоўнага Савету, дзе і будзе разгледжаная скарга БНФ. Прэзыдыюм Вярхоўнага Савета павінен даць тлумачэньне адносна законнасьці Пастановы ЦВК. І калі пастанова будзе прызнаная Вярхоўным Саветам законнай, галасаваньне ў Беларусі распачнецца праз тры дні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG