Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 30 красавіка 1999 г.


Віталь Тарас, Менск

Сёньня намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Іван Пашкевіч сустракаўся ў Маскве з генэральным дырэктарам ОРТ Ігарам Шабдурасулавым. Хоць афіцыйных паведамленьняў пра гэтыя перамовы пакуль не было, стала вядома, што на іх закраналася ў прыватнасьці праблема акрэдытацыі журналістаў ОРТ у Менску.

Прыкладна месяц таму кіраўніцтва ОРТ зьвярнулася з афіцыйнай просьбай аб акрэдытацыі пры беларускім МЗС карэспандэнта гэтай тэлекампаніі Віктара Дзятліковіча і апэратара Зьміцера Завадзкага, якія зьяўляюцца грамадзянамі Беларусі. У чацьвер на гэтым тыдні ў часе брыфінгу прэсавы сакратар міністра замежных справаў Беларусі Мікалай Барысевіч заявіў, што праблемы з акрэдытацыяй менскага бюро ОРТ няма. Пытаньне з карэспандэнтамі вырашаецца. Ён патлумачыў, што пакуль былі пададзеныя дзьве заяўкі — адна на пастаянную акрэдытацыю для Завадзкага і адна на часовую для Дзятліковіча.

Фармальна тэрмін разгляду заяўкі на пастаянную акрэдытацыю яшчэ не прайшоў. Пытаньне з часовай акрэдытацыяй, як правіла, вырашаецца на працягу трох тыдняў. Аднак ёсьць падстава лічыць, што справа тут ня ў тэрмінах, а ў пэрсанале. Нагадаю, што да нядаўняга часу менскае бюро ОРТ узначальваў Павел Шарамет, які цяпер кіруе карэспандэнцкай сеткай тэлекампаніі ў Маскве. Летась у лютым разам са Зьміцерам Завадзкім ён быў умоўна асуджаны на адзін год Смаргонскім раённым судом за рэпартаж зь беларуска-літоўскае мяжы. Перад гэтым у сувязі зь перасьледам журналістаў ОРТ з боку беларускіх уладаў быў вымушаны часова пераехаць працаваць у Маскву іхны калега Дзятліковіч.

Не выклікае сумневу, што ўлады ў Менску, у прыватнасьці намесьнік кіраўніка адміністрацыі Пашкевіч, які адыграў значную ролю ў справе журналістаў ОРТ, не забыліся пра ўдзельнікаў тае справы і не зацікаўленыя ў аднаўленьні працы менскага бюро, ва ўсялякім выпадку ў ранейшым складзе. Адміністрацыі прэзыдэнта безумоўна хацелася б бачыць у якасьці тэлекарэспандэнтаў больш ляяльных журналістаў, дзеяньні якіх можна было б кантраляваць, а яшчэ лепш — накіроўваць. Больш за тое, як стала вядома з расейскіх крыніцаў, амбасадар Беларусі ў Маскве Грыгор'еў нядаўна раіў у тэлефоннай размове з гендырэктарам ОРТ Шабдурасулавым улічваць «пажаданьні» афіцыйнага Менску ў пытаньні акрэдытацыі карэспандэнтаў у Беларусі.

Як вядома, раней Іван Пашкевіч неаднойчы заяўляў аб намерах уладаў распачаць трансьляцыю другой праграмы беларускай тэлевізіі на канале ОРТ, паколькі гэтая кампанія, маўляў, ня толькі неаб'ектыўна асьвятляла палітычнае жыцьцё Беларусі, але і ня ў стане плаціць за трансьляцыю сваіх праграмаў. Аднак, з прыходам Шабдурасулава пазыцыі гэтай паўдзяржаўнай тэлекампаніі яўна ўмацаваліся — яна атрымала неабходны крэдыт ад расейскага ўраду для вырашэньня сваіх фінансавых праблемаў. У той самы час на арганізацыю другога дзяржаўнага тэлеканалу Беларусі хранічна не стае грошай. З гэтае прычыны, дарэчы, нічога не атрымваецца пакуль і зь вяшчаньнем «саюзнай» тэлевізіі для Беларусі й Расеі.

Такім чынам і палітычны ўплыў кампаніі ОРТ, якая застаецца адной з найбольш папулярных у Расеі, цяпер расьце. На гэтым фоне перамовы Івана Пашкевіча зь Ігарам Шабдурасулавым, які праводзіць цяпер сваю эфірную палітыку, ніякім чынам не маглі весьціся з пазыцыяў сілы. Таму й пытаньне з акрэдытацыяй карэспандэнтаў у Беларусі, кандыдатуры якіх прапануе гэтая тэлекампанія, застаецца адкрытым.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG