Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 красавіка 1999 г.


Віталь Тарас, Менск

Аляксандар Лукашэнка выказаў сёньня шкадаваньне ў сувязі з удзелам прэзыдэнта Ўкраіны Леаніда Кучмы ў вашынгтонскай сустрэчы з нагоды юбілею НАТО. Пра гэта ён заявіў падчас сустрэчы з дэлегацыяй украінскай Вярхоўнай Рады ў Менску. Між тым прэзыдэнт Лукашэнка рыхтуецца да сустрэчы з Барысом Ельцыным, падчас якой зьбіраецца абмеркаваць пытаньне і аб стварэньні саюзнай дзяржавы, і аб далучэньні СРЮ да саюзу Беларусі й Расеі, і аб дачыненьнях з краінамі СНД.

Аляксандар Лукашэнка падчас сёньняшняй сустрэчы з украінскай дэлегацыяй ухваліў апошнія захады ўкраінскага парлямэнту, які асудзіў дзеяньні НАТО супраць Югаславіі. Пры гэтым, згодна з паведамленьнямі афіцыйных СМІ, ён выказаў шкадаваньне ў сувязі з тым, што ягоны ўкраінскі калега не зрабіў падобных заяваў і ўзяў удзел у юбілейнай сустрэчы Паўночнаатлянтычнага Саюзу.

Яшчэ на мінулым тыдні падчас перамоваў з расейскім міністрам абароны Сяргеевым Лукашэнка рэзка скрытыкаваў кіраўнікоў краінаў СНД за іхны ўдзел у вашынгтонскай сустрэчы з нагоды 50-годзьдзя НАТО і нават абяцаў паставіць рубам пытаньне аб гэтым у гэтую сераду ў Маскве на сустрэчы з прэзыдэнтам Ельцыным. Дарэчы, замежныя дыпляматы, акрэдытаваныя ў Менску, зьвярнулі ўвагу, што на афіцыйны прыём з удзелам маршала Сяргеева насуперак пратаколу не былі запрошаныя ваенныя аташэ з амбасадаў краінаў НАТО.

Свой няўдзел у сустрэчы Лукашэнка назваў «адказаў на агрэсію НАТО». Акрамя таго ён фактычна паставіў пад сумнеў і далейшыя хаўрусьніцкія дачыненьні з партнэрамі па СНД. Нагадаем, што ў Вашынгтон на мінулым тыдні выправіліся кіраўнікі ўсіх краінаў садружнасьці акрамя Беларусі, Расеі ды Кыргызстану, а чатыры краіны — Азэрбайджан, Грузія, Туркмэністан і Ўзбэкістан — разглядаюць пытаньне адносна мэтазгоднасьці далейшага ўдзелу ў ташкенцкай дамове аб калектыўнай бясьпецы.

На гэтым фоне перамовы Лукашэнкі з маршалам Сяргеевым і публічныя заявы аб стварэньні ў найбліжэйшай будучыні супольнай беларуска-расейскай вайсковай групоўкі наўрад ці здольныя палепшыць і без таго ўжо напружаныя дачыненьні большасьці краінаў СНД з Масквой і Менскам. Безумоўна, не засталіся незаўважанымі і словы маршала Сяргеева пра тое, што «на месцы Югаславіі магла б быць Беларусь». І хоць той самы Сяргееў заявіў у Менску, што ён ня лічыць памылкай вывад ядзернай зброі зь Беларусі, у маскоўскай прэсе яе называюць цяпер ня йнакш як «антынатаўскім фарпостам» на захадзе Расеі.

Іншыя суседзі Беларусі відавочна не ў захапленьні ад такой трансфармацыі партнэра па СНД, а тым болей ад пэрспэктываў стварэньня траістага саюзу Менск—Масква—Бялград.

Між тым Лукашэнка працягвае падрыхтоўку да сустрэчы з Барысом Ельцыным, заплянаванай на сераду. Сёньня ў адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі пад ягоным старшынствам прайшла нарада, афіцыйна прысьвечаная падрыхтоўцы дамовы з Расеяй аб стварэньні саюзнай дзяржавы, а таксама ўрэгуляваньню крызысу вакол Югаславіі. Хоць яшчэ на мінулым тыдні Лукашэнка публічна заяўляў, што адказ на прапанову кіраўніцтва Югаславіі аб далучэньні да саюзу Беларусі й Расеі будзе стрыманы, іншымі словамі — сьпяшацца ў гэтай справе ня варта, сёньня ён падкрэсьлівае, што перамовы ў Маскве будзе весьці, паводле ягонага выразу, адкрыта й патрабавальна, бо «прыйшоў час вызначыцца». Што канкрэтна мелася на ўвазе — стане ясным, мабыць, праз два дні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG