Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 красавіка 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Сёньня - другі дзень візыту ў Беларусь міністра абароны Расеі Ігара Сяргеева. Сёньня маршал Сяргееў правёў перамовы са сваім менскім калегам Аляксандрам Чумаковым і прэмьерам Сяргеем Лінгам. Маршал таксама выступіў ў ваеннай акадэміі Беларусі.

Выступаючы перад слухачамі акадэміі, маршал Сяргееў заявіў, што ў сувязі з баявымі дзеяньнямі НАТА супраць Югаславіі Расея ўнясе карэктывы ў сваю ваенную дактрыну. Акцэнт будзе зроблены на падтрыманьне вышэйшай ступені баявой гатоўнасьці сілаў ядзернага стрымліваньня, і разьвіцьцё войскаў супрацьпаветранай абароны. Ігар Сяргееў лічыць, што новая задача бясьпекі патрабуюць падвышэньня дзяржаўных выдаткаў на абарону да 3,5 % ад валавага ўнутранага прадукту. У бягучым годзе ваенны бюджэт Расеі складае 2,6 адсоткі. Міністр не ўдакладніў сутнасьць зьменаў, якія будуць унесеныя ў расейскую ваенную дактрыну, але на ўзроўні экспэртаў у Маскве абмяркоўваецца ўжываньне ядзернай зброі з боку Расеі ў выпадку нават неядзернай агрэсіі супраць яе ці яе саюзьнікаў.

Афіцыйны парадак дня візыту расейскага міністра не прадугледжвае ніякіх сэнсацыяў. Мяркуецца, што ў пятніцу ён правядзе сумесную калэгію міністэрстваў абароны двух краінаў, на якой будуць абмеркаваныя далейшыя асьпэкты дэклярацыі аб далейшым яднаньні Беларусі і Расеі, а таксама пытаньне ўніфікацыі заканадаўстваў аб рэалізацыі вайсковай маёмасьці і праблемы раззбраеньня і кантролю за ўзбраеньнямі.

Але па-за кадрам афіцыйнага парадку дня, магчыма, будуць абмеркаваныя больш сур'ёзныя пытаньні. На мінулым тыдні прэзыдэнт Лукашэнка заявіў, што ваенна-паветраныя сілы і войскі супрацьпаветранай абароны Беларусі ў бліжэйшы час атрымаюць найноўшае ўзбраеньне. Дарэчы, пад час візыту Сяргеева прадугледжаная ягоная сустрэча з прэзыдэнтам Лукашэнкам, якая адбудзецца ў пятніцу.

Напярэдадні візыту Сяргееў заявіў у інтэрвью агэнцыі "Інтэрфакс", што мае намер абмеркаваць са сваімі менскімі суразмоўцамі пляны стварэньня сумеснага беларуска-расейскага кантынгенту.

Учора, прыехаўшы на Беларусь, ён прама не падцьвердзіў гэтага, адзначыўшы толькі, што будзе абмяркоўваць, як узмацніць бясьпеку ў галіне абароны, "маючы на ўвазе той "беспредзел", які адбываецца сёньня ў сьвеце". Сяргееў таксама паведаміў, што ўжо фактычна вырашана пытаньне аб тым, што на беларускіх заводах будзе ажыцьцяўляцца зборка баявых самалётаў СУ-27.

Сёньня ў другой палове дня расейскі міністр абароны вылецеў у Баранавічы, каб наведаць расейскую радыёлакацыйную станцыю раньняга папярэджаньня аб ракетным нападзе, якая месьціцца ў Ганцавічах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG