Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 красавіка 1999 г.


Браніслава Станкевіч, Ворша

13 красавіка ў Воршы адбылося судовае паседжаньне, на якім разглядалася справа старшыні Рэспубліканскага Страйкавага Камітэту Сяргея Антончыка.

Сяргею Антончыку было выстаўленае абвінавачаньне ў «арганізацыі й правядзеньні несанкцыянаванага сходу на прадпрыемстве АТ «Ворша», які нібыта адбыўся 4 сакавіка сёлета. Як сьцьвярджае сам Сяргей Антончык, у той дзень на прахадной прадпрыемства адбывалася ўсяго толькі сустрэча аршанскіх рабочых з прадстаўнікамі Менскага трактарнага заводу, якія прыехалі ў Воршу зь візытам рабочай салідарнасьці.

Характэрна тое, што 4 сакавіка нават у аршанскіх міліцыянтаў, якія прыехалі на месца сустрэчы на патрульнай машыне, ня ўзьнікла ўражаньня ні пра які несанкцыянаваны сход або мітынг. Але паводле распараджэньня свайго начальства міліцыянты Юры Парфёнскі ды Анатоль Стволаў занатавалі асабістыя дадзеныя Сяргея Антончыка, які браў актыўны ўдзел у размовах з рабочымі.

А празь месяц, 6 красавіка, затрыманаму на выхадзе з аршанскага гатэлю Сяргею Антончыку было выстаўленае абвінавачаньне ў парушэньні артыкулу 167-1 адміністрацыйнага кодэксу ў сувязі з «парушэньнем парадку арганізацыі і правядзеньня сходаў, мітынгаў і вулічных шэсьцяў». Тады ж, 8 красавіка, адбылося першае судовае паседжаньне, на якім Сяргей Антончык запатрабаваў адваката і сьведкаў. Дзеля немагчымасьці тэрмінова выканаць ягонае патрабаваньне, а таксама на асабістую просьбу Сяргея Антончыка судовае паседжаньне было перанесенае на 13 красавіка.

Учора судовае паседжаньне нарэшце адбылося. У якасьці грамадзкіх абаронцаў Сяргея Антончыка выступалі сябры праваабарончай арганізацыі «Вясна-96» Уладзімер Падгол і Валянцін Стэфановіч. Быў прысутны таксама і вядомы журналіст Валеры Шчукін.

Словы Сяргея Антончыка пра ўсяго толькі сустрэчу рабочых на акцыйным таварыстве «Ворша» пацьвердзіў і лідэр вольнага прафсаюзу прадпрыемства Сяргей Русецкі і нават намесьнік начальніка аховы прадпрыемства Аляксандар Лазухін, чые пісьмовыя паказаньні, як высьветлілася, пасьля «стылёвай» міліцэйскай апрацоўкі пачалі разыходзіцца з тым, што мелася на ўвазе насамрэч. А выкліканыя на паседжаньне ў якасьці сьведкаў аршанскія міліцыянты, імкнучыся быць бясконча шчырымі перад высокім судом, ня толькі засьведчылі, што пабачанае было мала падобнае да сходу, але й распавялі пра наяўнасьць як мінімум двух супрацоўнікаў Камітэту Дзяржаўнай Бясьпекі, прысутных на сустрэчы.

Выканаўца абавязкаў судзьдзі Алена Дзямешчанка, адчуўшы пэўную няёмкасьць становішча, перанесла прачытаньне прысуду Сяргею Антончыку на сёньня, 14 красавіка. А 12-тай гадзіне прысуд стаўся вядомы. Аршанскі гарадзкі суд прызнаў Антончыка вінаватым у сувязі з удзелам у працы несанкцыянаванага сходу. Сяргею Антончыку прысуджаны штраф памерам 10 мільёнаў беларускіх рублёў.

Відаць, немалаважную ролю ў такім заканчэньні справы адыграла тое, што пасьля сустрэчы менскіх і аршанскіх рабочых да адміністрацыі акцыйнага таварыства «Ворша» былі выстаўленыя патрабаваньні аб падвышэньні заробку ў 2,5 разы і аб паляпшэньні ўмоваў працы. Акрамя таго Сяргей Антончык запрошаны ў якасьці незалежнага экспэрта прадстаўнікамі працоўнага калектыву гэтага прадпрыемства ў працоўнай спрэчцы з адміністрацыяй. Ён па-ранейшаму лічыць, што галоўнае — не судовыя справы і іх вынікі, а рэальная дапамога аршанскім рабочым.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG