Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 красавіка 1999 г.


Кандыдат у Прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь Міхаіл Чыгір. схоплены 30 сакавіка, будзе знаходзіцца пад вартай як мінімум яшчэ тры месяцы. Такое рашэньне прыняў сёньня Цэнтральны суд Менску. Працэс адбываўся ў адсутнасьць Міхаіла Чыгіра, і сёньня яму было прад'яўленае афіцыйнае абвінавачваньне паводле дзвюх артыкулаў Крымінальнага кодэксу: "крадзеж у асабліва буйных памерах" і "злоўжываньне службовым становішчам".

Рашэньне аб утрыманьні Міхаіла Чыгіра ў сьледчым ізалятары яшчэ як мінімум тры месяцы прыняў намесьнік старэйшага суддзі Цэнтральнага суда Менску Карлуновіч на зачыненым двухгадзінным судовым працэсе. У пятніуц выцягае дзесяцідзнны тэрмін, калі Міхаіл Чыгір утрымліваўся ў статусе затрыманага.

Рашэньне аб утрыманьні кандыдата ў Прэзыдэнты пад вартай было прынятае на падставе вылучанага сёньня ж афіцыйнага абвінавачваньня. Як паведаміў нашаму радыё сьледчы ў справе Чыгіра Аляксей Лаўрынюк, экс-прэмьеру вылучанае абвінавачваньне паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу - "крадзеж у асабліва буйных памерах" (арт.91. частка 4) і "злоўжываньне службовым становішчам" (арт.166, частка 2). Камэнтаваць вылучанае абвінавачваньне сьледчы Лаўрынюк адмовіўся.

Хадайніцтва аб зьмяненьні меры стрыманьня напісаў сам Міхаіл Чыгір, але сёняшні судовы працэс адбываўся без ягонай прысутнасьці. Адваката ў Чыгіра няма.

На судовы працэс была дапушчаная жонка Юлія, якая здолела атрымаць статус абаронцы. Камэнтуючы рашэньне суду, Юлія Чыгір заявіла нашаму радыё:

(Юлія Чыгір:) "Яго схавалі туды дзеля таго, каб пазбавіць магчымасьці ўдзелу ў выбарчай кампаніі, каб ён не перашкаджаў Лукашэнку, і гэта - чыста палітычная справа. Праз некаторы час, я думаю, усе аб гэтым будуць ведаць, і пераканаюцца ў гэтым. Ну а сёньня - што зробіш, у каго ўлада, у таго і сіла".

Сёняшняе рашэньне суддзі Карлуновіча, як мінімум, азначае, што кандыдат у Прэзыдэнты Міхаіл Чыгір пад час галасаваньня ў травені будзе знаходзіцца ў вязьніцы.

Юрась Карманаў, Менск.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG