Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 красавіка 1999 г.


Галіна Айзэнштат, Менск

Сёньня Аляксандар Лукашэнка выступіў з штогадовым пасланьнем да «нацыянальнага сходу». Выхад зь цяжкай эканамічнай сытуацыі прэзыдэнт Беларусі бачыць у яшчэ больш жорсткіх патрабаваньнях да кадраў аж да пагрозаў турэмнымі нарамі.

«Я нашуся з гэтым народам, як з малым дзіцём. У гэтым мая віна», - эмацыйна вырвалася ў Аляксандра Лукашэнкі, калі ён чарговы раз адарваўся ад гатовага тэксту пасланьня. Колькі часу Лукашэнка кіруе краінай, столькі ён запэўнівае насельніцтва ў тым, што таму няма чаго пра нешта непакоіцца — прэзыдэнт сам за ўсіх і пра ўсё паклапоціцца. Ня дзіўна, што адна маладая жанчына, якая мае дзесяць дзяцей, запыталася ў Лукашэнкі падчас ягонага выезду ў адзін з рэгіёнаў краіны — калі нарэшце будуць плаціць дапамогу на ейных дзяцей. «Яна лічыць: нарадзіла дзіця — і на табе, Лукашэнка, расьці. Лукашэнка будзе дапамагаць, але й ты варушыся».

Між тым, варушыцца ў Беларусі каб пражыць становіцца з кожным днём усё цяжэй. І прычына прычынаў усё большай бездапаможнасьці беларускай эканомікі — у беспрэцэдэнтнай канцэнтрацыі ўлады ў адных руках, прэзыдэнтавых. І вось адзін з вынікаў: нягледзячы на гучныя рапарты летась, краіна засталася бяз збожжа і кармоў. І аказваецца — цяпер вядзецца, паводле Лукашэнкі, «перэброска ската» зь фермаў на комплексы, дзе ёсьць хоць нейкія кармы. Гэты факт Лукашэнка ставіць у заслугу сабе, бо, маўляў, не было б моцнай улады — не змаглі б захаваць жывёлу.

Дарэчы, АПК за чатыры зь лішнім гады прэзыдэнцтва Лукашэнкі ніводнага разу ме вярнуў краіне крэдыты, а гэта — мільярды й мільярды грошай, і нікога за іх невяртаньне ня судзяць, бо ў кіраўніках гаспадарак прэзыдэнт ня бачыць сваіх палітычных супраціўнікаў.

Тым ня менш, Лукашэнка ўпэўнены, што ў выбары генэральнага курсу мы не памыліліся. Досьвед Беларусі, паводле ягоных словаў, усё часьцей прымяняецца ў іншых краінах, чаму можна знайсьці пацьверджаньне ў пасланьні Ельцына Фэдэральнаму Сходу Расеі. Тым часам ва ўмовах такога генэральнага курсу каб выжыць адны беларускія прадпрыемствы, можна сказаць, гатовыя зьесьці іншыя. Так, Беларускі мэталюргічны завод закупляе мэтал у Расеі і прадае беларускім заводам за завышаную цану. Беларускі шынны камбінат патрабуе з МТЗ за сваю прадукцыю аплату наперад. МТЗ адмаўляецца, пагражаючы закупляць шыны на Ўкраіне, дзе яны таньнейшыя.

Які ж выхад зь цяжкай эканамічнай сытуацыі бачыць прэзыдэнт? Яшчэ больш жорстка і сурова патрабаваць з кадраў. Але, бадай, самая адметная рыса сёлетняга пасланьня прэзыдэнта «нацыянальнаму сходу», у адрозьненьне ад леташняга, — у беспрэцэдэнтна рэзкай крытыцы на адрас ЗША, Захаду ўвогуле і паслоў, што працуюць у Менску, якія ў паведамленьнях у свае МЗС даюць, маўляў, перакрыўлены малюнак сытуацыі ў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG