Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 красавіка 1999 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Падзеі гэтага тыдня засьведчылі, што тэма нявернутых крэдытаў працягвае заставацца адной з галоўных у палітычным жыцьці Беларусі. 1 красавіка Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з кіраўнікамі сьледчых ворганаў Міністэрства Ўнутраных Справаў даў новы імпульс гэтай тэме. Прычын, зыходзячы з прэзыдэнцкіх установак, няцяжка здагадацца — якой катэгорыі беларускіх банкіраў найперш пагражаюць непрыемнасьці, зьвязаныя зь перасьледамі паводле крымінальнага кодэксу.

Паводле словаў Аляксандра Лукашэнкі, старшыня Нацыянальнага Банку, кіраўнікі іншых банкаў, што праходзяць сёньня па крымінальных справах, ня дзейнічалі па аднаму. На волі, сказаў сьледчым Міністэрства Ўнутраных Справаў прэзыдэнт краіны, працягваюць заставацца іхныя саўдзельнікі ў фінансавых злачынствах. Такім чынам, з вуснаў кіраўніка дзяржавы адкрыта прагучала заданьне праваахоўчым ворганам пашырыць кола асобаў, хто ў бліжэйшы час можа папоўніць лік ахвяраў цяперашніх уладаў.

Адметна тое, што ўжо цяпер няцяжка назваць кандыдатаў у так званую «групу рызыкі». Гаворыць былы старшыня праўленьня камэрцыйнага банку «Белінвестбанк» Віталь Казлоўскі:

(Казлоўскі:) «Тут будуць працаваць менавіта па крэдытах тых, хто ўдзельнічае, спрыяе, унутрана спачувае Міхаілу Чыгіру. Безумоўна, будуць вышукваць тых, хто жадае, каб прэзыдэнцкія выбары адбыліся сёлета. Калі чалавек адносіцца да гэтай катэгорыі, дык ён можа лёгка патрапіць пад махавік рэпрэсіяў».

Дарэчы, што тычыцца працы Міхаіла Чыгіра ў «Белаграпрамбанку». З вуснаў прадстаўнікоў цяперашніх уладаў пачалі гучаць абвінавачаньні ня толькі ў нібыта ўчыненых пяць гадоў таму фінансавых махлярствах зь ягонага боку, але й наогул ён крытыкуецца за тое — чаму выдаваў крэдыты камэрцыйным фірмам, а не займаўся крэдытаваньнем выключна суб'ектаў гаспадараньня аграрнага сэктару. Віталь Казлоўскі лічыць, што з пункту гледжаньня банкаўскай справы былы кіраўнік «Аграпрамбанку» дзейнічаў абсалютна прафэсійна.

(Казлоўскі:) «З пункту гледжаньня банкіра, калі б ён дзейнічаў ня так, было б проста анамальна. Чыгір крэдытаваў сельскую гаспадарку па нізкіх працэнтных стаўках, а вось кампэнсацыю за страты ён, як таго і патрабуе здаровая лёгіка, атрымваў у найбольш прыбытковых сэктарах грашовага рынку. Гэта слушны падыход».

Між іншым, паводле сп. Казлоўскага, у банкаўскім жыцьці Беларусі маюць месца і факты відавочна непрафэсійнага кіраўніцтва банкаўскімі ўстановамі, але вінаватыя пры гэтым не нясуць ніякай адказнасьці.

(Казлоўскі:) «У мяне ёсьць дакумэнт за подпісам Ермаковай. Гэта цяперашні старшыня праўленьня «Беларусьбанку», якая зьвяртаецца ў адзін з банкаў Нямеччыны зь лістом гэткага зьместу: «Просім разьмясьціць на вашых умовах...» Гаворка йдзе пра 55 мільёнаў дойчмарак. Што значыць «на вашых умовах»? Банк заўсёды зацікаўлены ў прыцягненьні крэдытных рэсурсаў па нізкай працэнтнай стаўцы, і такому просьбіту, як «Беларусьбанк», даюць самую нізкую стаўку — долі працэнта, хоць той самы нямецкі банк пры ўмелым разьмяшчэньні грошай можа даць і самую высокую стаўку, напрыклад 12%. Як назваць такое кіраўніцтва банкам і ці можна панесьці ў сёньняшняй Беларусі пакараньне за гэткую нядбайнасьць?»

Сапраўды, такім банкірам, як Надзея Ермакова зь «Беларусьбанку», хто верна служыць Аляксандру Лукашэнку і ўсяляк спрыяе захаваньню ў краіне ягонай палітычнай улады, рызыка патрапіць сёньня за турэмныя краты мінімальная. Гучная кампанія спагнаньня нявернутых крэдытаў найперш мае мэтай пазбавіць волі банкіраў іншай палітычнай арыентацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG