Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 красавіка 1999 г.


Алесь Лазоўскі, Менск

На антыядзернай акцыі прысутнічаў наш карэспандэнт. Вось як разьвіваліся падзеі папярэдне...

Не даючы дазволу на правядзеньне антыядзернага шэсьця, улады меркавалі на сталічнай плошчы Якуба Коласа наладзіць мітынг да «дня яднаньня народаў Беларусі й Расеі». Але гэты мітынг скончыўся да часу, калі на плошчу пачалі зьбірацца ўдзельнікі антыядзернага шэсьця. Пэўны час на плошчы знаходзіліся і адны і другія, выказваючыся па праблеме інтэграцыі.

Вось што адказаў рабочы аднаго зь менскіх заводаў:

(Рабочы:) «Протест. Против этого. Беларусь у нас — большая часть, я уверен — против присоединения её к России, и мы, хоть нас и давят, запрещают нам выходить сюда, мы всё равно высказываем своё мнение».

Міліцыянты папярэджвалі прысутных аб несанкцыянаваным характары мерапрыемства, але ў выніку перамоваў яны прыйшлі да рашэньня дазволіць прысутным прайсьці да месца мітынгу на плошчы Парыскай Камуны. Перамовы вёў заяўнік акцыі Анатоль Лябедзька.

(Лябедзька:) «Міліцыянты дазволілі — гарвыканкам не дазволіў. Відаць, у любым выпадку наступствы будуць для тых, хто прымае ўдзел. Сёньня мяне запрашалі ў міліцыю, і сп. Саламец папярэдзіў аб асабістай адказнасьці».

(Удзельнікі акцыі скандуюць:) «Пазьняка — да хаты! Лукаша — за краты!» «Моладзь — за Беларусь!»

Такімі воклічамі падбадзёрвала сябе калёна падчас руху па праспэкце Скарыны. Калі яна збочвала на вуліцу Янкі Купалы, адбыўся інцыдэнт. На калёну напалі двое маладых людзей з азнакамі прыналежнасьці да РНЕ, вырвалі ў некага плякат і спрабавалі яго растаптаць. Міліцыянты, праўда, выхапілі іх з калёны, абшукалі і кінулі ў машыну без апазнавальных знакаў на задняе сядзеньне, і самі там аднак ня селі.

Калёна прыйшла да Опэрнага тэатру, дзе Анатоль Лябедзька і пачаў мітынг словамі, якія больш пасавалі да 1 красавіка:

(Лябедзька:) «Дарагія сябры! Ёсьць дзьве навіны: адна дрэнная і другая добрая. Дрэнная навіна: Аляксандар Лукашэнка жэніцца. Ведаеце, хто ягоная сяброўка? Ракета СС-25. Але ёсьць і добрая навіна: 15 траўня мы можам запусьціць гэтую ракету на каляземную арбіту. Мы кажам: НЕ ядзернай зброі ў Беларусі! І мы не дапусьцім, каб ядзерныя ракеты былі пад Менскам і ў Горадні».

Уладзімер Нісьцюк, дэпутат Вярхоўнага Савету, зьвярнуў увагу на тое, што любыя спробы зьмяніць бязьядзерны статус краіны падпадаюць пад юрыдычнае пакараньне. Ён як вайсковец зьвярнуў увагу і на такую небясьпеку:

(Нісьцюк:) «Калі нас вучылі ў акадэміях, нам казалі, што першым пунктам прыцэльваньня для ядзернай зброі, якая будзе ў вашых руках, павінны быць сродкі нападу вашага верагоданага супраціўніка. Беларусь ужо сёньня пад прыцэлам ядзерных сілаў альянсу НАТО. Мы ўжо маем дзьве расейскія станцыі, якія выконваюць стратэгічныя і тактычныя функцыі ў інтарэсах расейскага войска».

Простая беларуская жанчына, маці — як яе прадставілі на мітынгу — Галіна Куніна адказала на тую прапаганду, якая ліецца з экранаў тэлевізараў, апрацоўваючы насельніцтва ў патрэбным кірунку:

(Г.Куніна:) «Спадарства! Досіць нам лгаць! Усе мы маем мазгі. Мы разумеем, што ядзерная зброя, па-першае, выгадная тым, хто хоча ваяваць, і разьмяшчэньне ядзернай зброі на нашай Радзіме выгаднае толькі тым, хто хоча ваяваць, але ня нам! Мы хочам быць незалежнай і нэўтральнай, бязьядзернай дзяржавай!»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG