Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 красавіка 1999 г.


Валянцін Жданко, Менск

«Белорусская Деловая Газета» атрымала ад уладаў паведамленьне, што супраць кіраўніка выданьня будзе распачатая крымінальная справа.

1 красавіка рэдакцыя «Белорусской Деловой Газеты» атрымала паведамленьне з Кастрычніцкага раённага суду Менску пра тое, што ў дачыненьні да кіраўніка выданьня будзе распачатая крымінальная справа. Падставай для гэтага судзьдзя Бялянін, які падпісаў ліст, называе тое, што газэта своечасова ня выканала судовае рашэньне і не надрукавала абвяржэньня некаторых фактаў, выкладзеных у колішнім артыкуле пра міністра спорту Ананьева.

«Белорусская Деловая Газета» ня раз за апошнія гады апыналася на мяжы закрыцьця і вымушаная была працаваць у вельмі неспрыяльных умовах. Аднак, бадай, ніколі раней ціск з боку ўладаў ня быў такі грубы, без усялякай аглядкі на закон і проста на здаровы розум. Вось што гаворыць пра гэта галоўны рэдактар газэты Пётр Марцаў:

(Марцаў:) «На сёньняшні дзень я лічу, што ўсё гэта робіцца ў рамках нейкай агульнай кампаніі па барацьбе з нашай газэтай. Інфармацыя з суду Кастрычніцкага раёну пра тое, што будзе ўзбуджацца крымінальная справа за невыкананьне судовага рашэньня — гэта неадэкватныя захады. Паводле заканадаўства, адтэрміноўка выкананьня рашэньня суду караецца максымум штрафам. Да таго ж мы не адмаўляемся выконваць рашэньне суду».

У публікацыі пра міністра спорту, якая сталася прадметам судовага разбору, сапраўды былі дапушчаныя некаторыя недакладнасьці, хоць у газэце і цяпер лічаць, што правільна ўзьнялі праблему і што злачынна ў сёньняшніх умовах будаваць лядовыя палацы коштам у дзясяткі мільёнаў даляраў.

На думку Марцава, сваю ролю ў зыходзе справы адыграла тое, што міністар Ананьеў проста ў судзе адкрыта заявіў, што справа знаходзіцца пад асабістым кантролем Лукашэнкі.

Пасьля судовага вэрдыкту з рахунку газэты ўжо быў забраны мільярд рублёў. Газэта патрабавала, каб судовыя выканаўцы захоўвалі ўсе працэдурныя фармальнасьці і толькі з гэтай прычыны затрымала друкаваньне папраўкі. Ніхто не чакаў, што наступныя дзеяньні ўладаў будуць нагэтулькі неадэкватныя.

У рэдакцыі прывыклі да пільнай увагі з боку ўладаў, аднак апошнім часам гэтая ўвага стала выяўляцца адразу з многіх напрамкаў і ў самых нечаканых формах. Вось што паведаміў Пётр Марцаў:

(Марцаў:) «Апошні тыдзень у рэдакцыю і на мой адрас ды на адрас некаторых журналістаў прапаноўвалі матэрыялы з кампраматам на службовых асобаў дзяржавы. І чамусьці ўвесь час за грошы. І чамусьці кожны раз гэтыя грошы мы павінны былі прывезьці ў нейкую дзяржаўную кантору чыноўніку. Толькі вельмі недалёкі чалавек не здагадаўся б, што галоўнага рэдактара і журналістаў проста падстаўляюць, каб потым абвінаваціць у хабарніцтве».

Апроч таго, у гэты самы час управа фінансавых расьсьледаваньняў рыхтуе акт пра нібыта ўчыненае газэтай парушэньне закону, якое выявілася ў друкаваньні прававых дакумэнтаў, хоць у сапраўднасьці газэта зьмяшчае толькі камэнтары да нарматыўных актаў. Між тым, за гэтае ня ўчыненае парушэньне газэце зноў жа пагражае шматмільённы штраф.

У «Белорусской Деловой Газете» лічаць, што ўлады пачынаюць чарговую акцыю супраць недзяржаўных выданьняў і што ўсяму незалежнаму друку варта мець гэта на ўвазе, трымацца разам і быць гатовымі да горшага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG