Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 31 сакавіка 1999 г.


Валянціна Аксак, Менск

Выпускнікам вышэйшых навучальных установаў Беларусі не патрэбна ведаць мову, гісторыю ды культуру краіны, у якой яны рыхтуюцца працаваць. Так вырашыла сёньняшняя ўлада, і рэшткі беларусазнаўчых прадметаў практычна вынішчаныя ва ўсіх ВНУ Беларусі.

У Беларусі, як вядома, няма ніводнай нацыянальнай вышэйшай навучальнай установы, але ва ўсіх ВНУ ад часу абвяшчэньня незалежнасьці краіны было ўведзенае абавязковае вывучэньне дысцыплінаў, якія спрыяюць фармаваньню нацыянальнага гуманітарнага сьветапогляду будучых беларускіх спэцыялістаў. Гаворка йшла не пра філёлягаў ці культуролягаў, беларуская мова, гісторыя ды культура якіх ёсьць прафэсіяй, а менавіта пра спэцыялістаў іншых сфэраў.

Краіну, дзеля якой зьбіраесься працаваць, неабходна ведаць, лічылі на пачатку 90-х улады Беларусі, а таму ва ўсіх ВНУ былі створаныя адмысловыя катэдры, спэцыялісты якіх выкладалі будучым хімікам-фізыкам, спартоўцам-вайскоўцам, аграномам-эканомам, будаўнікам-паштавікам чатыры нацыянальна-творчыя дысцыпліны: беларусазнаўства, мову, гісторыю ды гісторыю культуры роднай краіны.

Сёньня такія катэдры засталіся толькі ў Гомельскім ды Гарадзенскім унівэрсытэтах. Вынішчэньне нацыянальна-творчых прадметаў адбываецца згодна з плянамі Міністэрства Адукацыі. Распавядае Аляксей Пяткевіч, загадчык — пакуль што ацалелае — катэдры беларускай культуры Гарадзенскага Дзяржаўнага Ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы:

(Пяткевіч:) «Міністэрства Адукацыі, ствараючы тыпавыя пляны, выключыла зь іх па сутнасьці ўсе беларусазнаўчыя дысцыпліны на неспэцыяльных факультэтах і аддзяленьнях. Я маю на ўвазе студэнтаў усіх увогуле, якія сёньня фактычна пазбаўленыя магчымасьці слухаць курсы пра свой народ, пра ягоную гісторыю, культуру і літаратуру. Мы практычна праз вышэйшую школу рыхтуем будучыню Беларусі. Мы рыхтуем нацыянальную эліту — прынамсі павінны рыхтаваць. Я маю на ўвазе перш за ўсё курс «Уводзіны ў беларусазнаўства», які даваў усім студэнтам на пачатку іх навучаньня элемэнтарныя веды пра Беларусь і беларусаў. Праз гэты курс студэнты далучаюцца да ўсьведамленьня сябе як прыналежных да гэтай нацыі, да гэтай дзяржавы. І раптам яго выключылі з тыпавых плянаў — гэты асноватворчы курс. Ён падключаў студэнтаў да свайго народу, дапамагаў зразумець хто яны такія».

Якраз з гэтай прычыны сёньняшняя ўлада і выключыла беларусазнаўства з тыповых плянаў. Навошта ведаць свой народ, калі яго хутка наогул не павінна быць? А таму і мова ягоная будучым спэцыялістам непатрэбная, бо, як лічыць Аляксей Пяткевіч...

(Пяткевіч:) «... гэты курс, які чытаўся не адзін і ня два гады, даваў на новым узроўні, лепш чым у школе, нейкі комплексны погляд на мову народу, даваў уяўленьне пра мову як частку культуры, даваў уяўленьне пра мову як частку дзяржавы. Тое самае і курс «Гісторыя беларускай культуры». У тыпавых плянах быў курс «Гісторыя сусьветнай культуры» і быў курс «Гісторыя беларускай культуры». Цяпер створаны комплексны курс «Культуралёгія», які не расшыфроўваецца, і, па сутнасьці, нацыянальная культура выведзеная. Нават гісторыя Беларусі, якая таксама чыталася студэнтам усіх факультэтаў і спэцыяльнасьцяў, сёньня ў тыпавых плянах трактуецца як частка гісторыі сусьветнай...»

... а насамрэч — гісторыі расейскай зь яе героямі — Іванам Жахлівым, Пятром Вялікім, Аляксандрам Суворавым ды ўсімі іншымі, хто тым толькі й выславіўся ў беларускай гісторыі, што паліў, забіваў, гвалціў беларусаў. А веданьне такіх, з дазволу сказаць, «подзьвігаў» — шкоднае для славянскай еднасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG