Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 30 сакавіка 1999 г.


Кастусь Бандарук, Прага

Пагаршэньне сытуацыі у Косаве схіляе прадстаўнікоў ЗША і НАТО да перагляду ваенных плянаў супраць Югаславіі. На думку экспэртаў, бамбаваньня вайсковых аб'ектаў Югаславіі недастаткова. Яны лічаць, што для паўстрыманьня сэрбскіх сілаў у Косаве, спыненьня генацыду этнічных альбанцаў, а таксама для прадухіленьня пашырэньня вайны на суседнія краіны неабходнае разьмяшчэньне наземных войскаў НАТО.

У кіраўнічых колах краінаў НАТО відавочнае нежаданьне уцягвацца ў непрадказальную вайну на Бальканах. «Ні мы, ні нашыя саюзьнікі па НАТО ня маем намеру пасылаць у Косава наземныя войскі», - паўтарыў за прэзыдэнтам Клінтанам віцэ-прэзыдэнт ЗША Эл Гор.

Добра ведаючы пра настроі уў амэрыканскім грамадзтве, адміністрацыя ЗША хацела б дасягнуць пастаўленай перад НАТО мэты аднымі паветранымі ўдарамі. «Пакуль што такая магчымасьць не разглядаецца», - заявіў таксама генэральны сакратар НАТО Саляна. Аднак ён адразу зрабіў агаворку, што «ня ведае, як будуць разьвівацца падзеі». Аднак ужыцьцё наземных войскаў у недалёкай будучыні ня выключанае. Як заявіў былы сябр Нацыянальнай Рады Бясьпекі Іво Далдэр, «калі існуе маральны імпэратыў абараняць косаўскіх альбанцаў, а я думаю, што ён існуе, паколькі мы прасілі гэтых людзей скласьці свой лёс у нашы рукі, мы ня можам абмежавацца толькі паветранымі ўдарамі, але мусім у рэшце рэшт разьмясьціць і аземныя войскі». Дагэтуль не было такога пляну, паколькі мала хто ў ЗША прадбачыў такую жорсткую рэакцыю Мілошавіча. «Мы пралічыліся. Мы думалі, што пасьля атакаў Мілошавіч будзе іх ахвярай, а тымчасам ён ператварыўся у новага Гітлера», - заявіў адзін з прадстаўнікоў адміністрацыі ЗША. Цяпер, калі паветраныя ўдары ня маюць уплыву на сэрбскі наступ у Косаве, удзел наземных сілаў становііцца непазьбежным. «Як жа 12 тысячаў вайскоўцаў НАТО ў Македоніі могуць спакойна глядзець на пакуты людзей за пару кілямэтраў далей і нічога не рабіць», - заявіў генэрал Жульвэн.

Палітычны аналітык з Джорджтаўнскага Ўнівэрсытэту Майкл О'Хэнлан лічыць, што НАТО ня толькі павінна разьмясьціць у Косаве наземныя сілы, але што Злучаныя Штаты абавязаныя ўзяць на сябе асноўны цяжар гэтай апэрацыі, бо толькі яны маюць усе тэхнічныя і матэрыяльныя магчымасьці каб пасьпяхова правесьці яе. На думку некаторых экспэртаў, няма сэнсу доўга разважаць, але трэба дзейнічаць, і прытым неадкладна. Як заявіў дырэктар Бруклінскага Інстытуту Зьнешняй Палітыкі Рычард Гас, «калі мы пойдзем на ўжыцьцё наземных войскаў — а сёньня ўсё выразьней бачна, што бязь іх цяжка будзе дасягнуць хацяб мінімуму пастаўленых намі мэтаў — мы мусім зрабіць усё, каб перамагчы. Калі пойдзем гэтым шляхам, неабходна паслаць як мага больш войска, найбольш баяздольнага, і зрабіць гэта як мага хутчэй».

На думку амэрыканскіх вайскоўцаў, у першую чаргу у Косава павінны прыбыць ад 30 да 40 тысячаў вайскоўцаў НАТО дзеля абароны і дзеля стварэньня «зонаў бясьпекі» для косаўскіх уцекачоў. Сілы НАТО павінны нэўтралізаваць 40 тысячаў вайскоўцаў югаслаўскай арміі ў Косаве і вакол правінцыі. Паводле Пэнтагону, у іхным распараджэньні — 400 танкаў, 300 бронетранспарцёраў і больш за 400 адзінак артылерыі. Камандзіры НАТО лічаць, што саюзная авіяцыя павінна кантраляваць паветраную прастору, зьнішчаць склады боепрыпасаў і паліва, а таксама ізаляваць іх ад магчымага папаўненьня. Адначасова супраць вайсковай тэхнікі і жывой сілы Югаславіі неабходна ужыць танкі і дальнабойную артылерыю. На думку камандзіраў НАТО, у апэрацыі павінна быць таксама шырока задзейнічаная вайсковая разьведка. Экспэрты лічаць, што агулам для супрацьстаяньня югаслаўскай арміі і альбанскім баевікам, можа спатрэбіцца ад 100 да 200 тысячаў вайскоўцаў НАТО і прытым прынамсі палову міжнароднага кантынгенту павінны складаць амэрыканцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG