Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 30 сакавіка 1999 г.


Сяргей Навумчык, Прага

Прадстаўнікі ўкраінскіх ведамстваў па надзвычайных сытуацыях і ахове навакольнага асяродзьдзя паспрабавалі прыцішыць занепакоенасьць насельніцтва з прычыны таго, што нядаўняя паводка ў забруджанай чарнобыльскай зоне можа паспрыяць распаўсюджаньню радыянуклідаў, у тым ліку і ў вадзе, якая ўжываецца насельніцтвам.

У сакавіку паводка ахапіла шмат якія рэгіёны Ўкраіны. На Валыні вада ўзьнялася на паўтара-два мэтры, і каля дзесяці тысячаў жыхароў Валынскай вобласьці трапілі ў зону стыхійнага бедзтва. Ня лепшая сытуацыя была і ў Закарпацьці, дзе і жытло, і нават глеба зносіліся патокамі вады.

Ужо тыдзень таму вада ў заходніх раёнах Украіны пачала сыходзіць. Затое на поўначы, дзе сьнег сыходзіць крыху пазьней, вада ў рэках пачала імкліва прыбываць. Украінскія сродкі масавай інфармацыі падаюць трывожныя рэпартажы з зоны, набліжанай да Чарнобыля.

Асаблівую небясьпеку выклікае верагоднасьць таго, што вада можа вымыць радыянукліды з глебы ў 30-кілямэтровай зоне і вынесьці іх у Дняпро.

Паводле афіцыйных дадзеных, штодня ўзровень вады ўздымаецца на адзін сантымэтр; сёньня, у сярэднім, ён складае 35 сантымэтраў.

Як паведамляе агенцтва Associated Press, Міністэрства па надзвычайных сытуацыях прагназуе, што ўжо 2 красавіка вада можа дасягнуць узроўню ад аднаго да палутара мэтраў, што будзе найвышэйшым паказчыкам ад 1986 году, калі адбылася Чарнобыльская катастрофа.

Як вядома, пасьля чарнобыльскага выбуху радыяактыўныя хмары ішлі з поўдня на поўнач, з тэрыторыі Украіны ў Беларусь. Сёньня наадвварот — вада з забруджаных раёнаў Беларусі ідзе па Дняпру, па іншых рэках на Ўкраіну.

І ня толькі на Ўкраіну.

Пра адметнасьці сёлетняе паводкі я папрасіў распавесьці публіцыста Анатоля Казловіча — аўтара некалькіх кніжак і дзясяткаў артыкулаў, прысьвечаных экалягічным праблемам беларускага Палесься. Прычым галоўнаю іхнаю тэмаю, калі казаць пра ўласна экалёгію, была менавіта чысьціня вады ды глебы.

(Казловіч:) «Сама паводка — гэта звычайная зьява для палешукоў, для Беларусі, але сёлетняя паводка — яна першая пасьлячарнобыльская. Такіх высокіх паводак яшчэ не было пасьля аварыі. Прыпяць і ейныя прытокі разьліліся, увабралі радыяактыўны бруд і пагналі яго ў Дняпро, у Кіеўскае вадасховішча, у Чорнае мора. І што ў гэтай сытуацыі робіць Украіна? Там маглі б панізіць узровень Кіеўскага вадасховішча, і тады вада зь Беларусі хуценька сьцякла б у гэтае вадасховішча, і не была б затопленая такая вялікая тэрыторыя ў Беларусі. Але ўкраінцы ведаюць, што калі панізіць узровень вадасховішча, дык брудная, радыяактыўная вада яго запоўніць, і застанецца ў ім назаўсёды радыяцыя, якая ніколі нікуды не сьцячэ. Таму яны прапускаюць радыяактыўны паток па верху, транзытам прапускаюць праз сваё вадасховішча. Далей бруд ідзе ў Чорнае мора і ва ўсясьветны акіян».

(Навумчык:) А якое выйсьце? Зразумела, што гэтая сытуацыя непрыемная для Беларусі, але можна ўявіць, што калі б панізілі ўзровень у вадасховішчы, дык яна была б ужо на стагодзьдзі непрыемная і для Ўкраіны. Ці ёсьць нейкае выйсьце кардынальнае?

(Казловіч:) «Выйсьце можа быць толькі адно. Нарэшце прызнаць, што Чарнобыль — гэта не бяда Беларусі, гэта — бяда ўсеагульная, бяда ўсяго чалавецтва. І украінцам, і нам самім ня справіцца з гэтай бядой. І калі людзі на плянэце зразумеюць, што Чарнобыль сёньня ўжо плыве ў акіян, тады, можа, нешта выдаткуюць, каб дапамагчы нам — і ў ААН, і ў іншых сусьветных арганізацыях. Мы самі з гэтай навалай ня справімся».

Агенцтва Associated Press паведамляе, з Кіева, што намесьнік міністра па надзвычайных сытуацыях Володымір Колоша, як і ягоны калега зь міністэрства аховы навакольнага асяродзьдзя Анатоль Ятчык, перакананыя, што ўзровень вады ўяўляе невялікую небясьпеку.

У якасьці аргумэнту прыводзіцца тое, што зусім нядаўна больш за 130 дамбаў уздоўж Дняпра былі ўзмоцненыя. У раёне Кіева, сьцьвярджаюць афіцыйныя асобы, канцэнтрацыя радыянуклідаў не перавысіць нават паловы той нормы, якая лічыцца дапушчальнаю для пітной вады.

Аптымізм афіцыйных асобаў з Кіева можна паставіць пад сумнеў.

Па-першае, паняцьце «небясьпечны ўзровень радыяцыі» — вельмі ўмоўнае паняцьце, і ніхто сёньня ня скажа дакладна, што небясьпечна, а што — не. Некаторыя навукоўцы нават сьцьвярджаюць, што гэтыя так званыя «малыя дозы» могуць самым непрыемным чынам выявіцца празь дзесяцігодзьдзі ў наступных пакаленьнях. Дый сёньня ў адносна чыстых зонах дзіцячая сьмяротнасьць — зусім іншая, чым да Чарнобыля.

А па-другое, калі забруджаная вада будзе затрыманая дняпроўскімі дамбамі і, будзем спадзявацца, ня трапіць у кіеўскія кватэры — дык у Чорнае мора яна пойдзе бесьперашкодна, а далей, як кажуць, паўсюдна.

З гэтымі самымі так званымі «малымі дозамі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG