Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 сакавіка 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Беларускія ўлады працягваюць зьдзеквацца з тых апанэнтаў палітычнага рэжыму, якія з розных прычынаў апынуліся ў турмах або чакаюць вырашэньня свайго лёсу ў сьледчых ізалятарах.

Палітычныя — гэта такія вязьні, умовы ўтрыманьня якіх самыя горшыя. Такую выснову можна зрабіць, калі даведаесься пра ўмовы ўтрыманьня і абыходжаньне за кратамі з былымі дэпутатамі Вярхоўнага Савету Ўладзімерам Кудзінавым, Андрэем Клімавым, былым міністрам сельскай гаспадаркі Васілём Лявонавым ды былой кіраўніцай НацБанку Тамарай Віньнікавай.

Распавядаючы сёньня пра свайго мужа Ўладзімера Кудзінава Зоя Кудзінава спасылалася на зьвесткі прадстаўнікоў місіі АБСЭ ў Беларусі, якія днямі наведалі ў менскай турме былога дэпутата Кудзінава. Паводле гэтых зьвестак, умовы ўтрыманьня Кудзінава з часоў першага наведаньня турмы місіяй АБСЭ на пачатку году не палепшыліся, робіць выснову Зоя Кудзінава. Яна заўважае, што кіраўніцтва турмы на вуліцы Кальварыйскай абяцала паслу Гансу-Георгу Віку паклапаціцца пра тое, каб былы дэпутат не адчуваў у турме ўціску. Аднак становішча ягонае не палепшылася. Кудзінава распавядае: «Ложак мужа так і не перамясьцілі ніжэй з трэцяга ярусу, дзе вельмі небясьпечна і горача». Яна паведамляе таксама, што Ўладзімера не аднавілі на былым працоўным месцы, дзе ён працаваў палову году. За ім па-ранейшаму вядзецца нагляд нават у турме. І нарэшце, Кудзінаву не дазволілі чарговае спатканьне з роднымі, якое павінна было адбыцца ў сакавіку. Зоя Кудзінава робіць выснову: турэмшчыкі абяцаюць палепшыць умовы ўтрыманьня вязьняў, але нічога ня робяць дзеля выкананьня сваіх абяцаньняў. «Яны ўвесь час даказвалі нам з мужам, хто ў іх там гаспадар, а зараз вырашылі прадэманстраваць тое самае назіральнікам з АБСЭ», - заяўляе Зоя Кудзінава.

Гэтак сама абураецца ўмовамі ўтрыманьня за кратамі свайго мужа Тацяна Клімава. Дэпутат Андрэй Клімаў вось ужо чатырнаццаць месяцаў знаходзіцца ў сьледчым ізалятары праз падазрэньне ў парушэньні крымінальнага кодэксу. Аднак гэтага часу аказалася недастаткова, каб завяршыць сьледзтва і выставіць дэпутату абгрунтаваныя абвінавачаньні. Клімаў упэўнены, што праўдзівых доказаў супраць яго прадстаўлена ня будзе. «Справа цалкам сфальсыфікаваная і тлумачыцца мэтамі перасьледу мяне як палітычнага праціўніка прэзыдэнта Лукашэнкі», - перадае на волю Клімаў. На думку Тацяны Клімавай, пазыцыя непрызнаньня абвінавачаньняў, ад пачатку занятая яе мужам, мела наступствам надзвычай жорсткае абыходжаньне зь ім у турме. Клімава кажа: «Андрэй схуднеў больш, чым на 20 кіляграмаў, колер твару шэры, здфароўе падарванае. Аднак ён не саступае і далей адмаўляецца ад удзелу ў сьледчых мерапрыемствах».

Былі міністар сельскай гаспадаркі Васіль Лявонаў па-ранейшаму знаходзіцца ў менскім сьледчым ізалятары ў чаканьні судовага працэсу, пра які ўжо неаднаразова казалі, што ён мае адбыцца хутка. Да суду аднак справа ніяк не даходзіць. Чаму? «Лявонаў яшчэ не закончыў азнаямленьне з матэрыяламі справы», - заяўляюць у пракуратуры краіны. Між тым адвакат Лявонава Вольга Зубава лічыць, што матэрыялы справы Лявонава проста ня ўтрымваюць праўдзівых доказаў віны былога міністра, і менавіта гэтым тлумачыцца чарговая затрымка сьледзтва.

Ня выключана таксама, што ўлады чакаюць вынікаў працэсу ў Кіраўску, дзе судзяць былога старшыню акцыйнага таварыства «Расьсьвет» Васіля Старавойтава. «Калі на гэтым працэсе будзе прызнана, што Старавойтаў даваў хабар Лявонаву — справа былога міністра хутка зьявіцца ў судзе», - лічаць адвакаты абодвух абвінавачваных. Між тым сам Васіль Лявонаў працягвае адмаўляцца ад атрыманьня ад Старавойтава хабару ў выглядзе мэблёвага гарнітуру.

Пакуль нічога новага не адбываецца ў лёсе былой старшыні НацБанку Тамары Віньнікавай. Вось ужо трэці тыдзень яна знаходзіцца на лячэньні ў менскім вайсковым шпіталі пад міліцэйскай вартай. Лячэньнем аднак гэта цяжка назваць. Як паведаміў адвакат Гары Паганяйла, які днямі наведаў Віньнікаву ў шпіталі, ёй дагэтуль не прызначаная апэрацыя. «Ва ўмовах вайсковага шпіталя Віньнікава не атрымвае неабходнага ёй лячэньня». Між тым яе стан вельмі сур'ёзны — летась у яе была знойдзеная пухліна. Патрэбнае хірургічнае ўмяшаньне, якое можна зрабіць толькі ва ўмовах спэцыяльнай клінікі. Аднак туды Віньнікаву не кладуць, спасылаючыся на тое, што там няма ўмоваў для аховы. У выніку хвароба прагрэсуе», - робіць сумную выснову Гары Паганяйла.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG