Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 23 сакавіка 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Кампанія запалохваньня сяброў выбарчых камісіяў штодня папаўняецца новымі фактамі. Афіцыйныя ўлады па ўсёй Беларусі ўжываюць розных мэтадаў — ад арыштаў і папярэджаньняў да прымусу даваць расьпіскі аб выхадзе з складу выбарчых камісіяў.

Як паведаміў нашаму радыё прэсавы сакратар ЦэнтарВыбарКаму Аляксандар Коктыш, на 15 сутак арышту ў Клічаве асуджаны 22 сакавіка Міхаіл Долбік, старшыня Клічаўскай выбарчай камісіі, і Васіль Альшэўскі, сябар ініцыятыўнай групы Пазьняка. Абодвух фармальна асудзілі за дробнае хуліганства. У райаддзел міліцыі Долбіка і Альшэўскага выклікалі пры дапамозе падману. Там іх затрымалі і даставілі ў суд.

Ня менш арыгінальны мэтад вынайшла Горацкай акадэміі. Усіх сяброў тэрытарыяльных камісіяў, што працуюць у акадэміі, кіраўніцтва акадэміі прымусіла напісаць расьпіскі ў тым, што яны «патрапілі ў склад камісіі выпадкова, не жадаюць там працаваць і выходзяць з тэрытарыяльных камісіяў». Сябры выбарчых камісіяў, прозьвішчы якіх не называюцца, будуць звольненыя з акадэміі ў выпадку, калі й надалей будуць працягваць сваю дзейнасьць.

Пад пільнае вока адпаведных беларускіх ворганаў падпадаюць цэлыя арганізацыі. Сялянская Партыя Яўгена Лугіна і Беларуская Асацыяцыя Маладых Палітыкаў 22 сакавіка мелі надзвычай дзіўныя размовы з намесьнікам пракурора Цэнтральнага раёну Менску Андрэем Рамашэўскім. Як паведаміў нашаму радыё ўдзельнік размовы выканаўчы дырэктар Асацыяцыі Маладых Палітыкаў Аляксандар Цынкевіч, задаваліся тры пытаньні:

(Цынкевіч:) «Першае пытаньне было — хто зьяўляўся ініцыятарам вылучэньня нашых прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі. Другое пытаньне — дзе і як праходзіла паседжаньне Каардынацыйнай Рады. І трэцяе пытаньне — якім нарматыўным актам кіравалася нашая арганізацыя пры вылучэньні гэтых людзей у выбарчыя камісіі. Таксама намесьнік пракурора сп. Рамашэўскі запрапанаваў адказы на гэтыя пытаньні — даў нам «шпаргалку» — і паказаў, як адказала на гэтыя пытаньні Сялянская Партыя Лугіна».

(Карманаў:) Інакш кажучы, сам пракурор задаваў вам пытаньні і сам прапаноўваў адказы?

(Цынкевіч:) «Ён сказаў, што перад ім ляжаў пратакол вылучэньня нашага кандыдата ў выбарчую камісію, і там у пратаколе ўсё расказана — ад каго сыходзіла ініцыятыва».

Аляксандар Цынкевіч заўважыў, што гэтыя дзіўныя, на ягоную думку, размовы вядуцца падчас перарэгістрацыі грамадзкіх арганзіацыяў і партыяў. Высновы з гэтых размоваў арганізацыі й партыі павінны зрабіць самі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG