Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 сакавіка 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Высьветліць матывы, паводле якіх учора ў кватэру Старшыні Цэнтравыбаркаму Віктара Ганчара ўварваліся невядомыя ў скураных куртках, сёньня спрабавала Зінаіда Ганчар.

Гадзінным ператрусам, як удалося ўдакладніць, уіраваў намесьнік начальніка сьледчага ўпраўленьня гарадзкога УУС Ігар Томаш. У кватэры, сярод іншых, знаходзіўся сьледчы аддзела УУС Ляўковіч, які вядзе справу Ганчара. Нагадаю, што спачатку яны назвалі сябе супрацоўнікамі энерганагляду і пад гэтым выглядам уварваліся ў кватэру, моцна штурхануўшы Зінаіду Ганчар. Прад'яўляць дакумэнты яны адмовіліся, зрэшты, як і санкцыю на ператрус.

На працягу гадзіны яны шукалі наркотыкі і зброю, якіх так і не знайшлі. Затое знайшлі газэтныя публікацыі і звароты Зінаіды Ганчар у суд, якія і прыхапілі, сыходзячы. Віктар Ганчар пад час ператрусу знаходзіўся ў кватэры, але ніякіх пытаньняў яму не задавалі.

Пракурор Менску Купрыянаў адмовіўся сёньня паведаміць Зінаідзе Ганчар, ці даваў ён санкцыю на ператрус. А менавіта на яго спасылаліся ўчора людзі ў скураных куртках. На пытаньні радыё "Свабода" Купрыянаў таксама даваць адказы адмовіўся.

Сьледчы Ляўковіч заявіў Зінаідзе Ганчар, што не абавязаны даваць ёй нейкія тлумачэньні, бо крымінальная справа ўзбуджаная супраць Віктара Ганчара. І паколькі крымінальная справа ўзбуджаная паводле артыкула "прысваеньне паўнамоцтваў", то ў Ганчара, магчыма, захоўваецца зброя. Лёгікі ў гэтым адказе Зінаіда ганчар не знайшла.

(Зінаіда Ганчар:) "Гэта нейкі маразм. Прававы маразм. У мяне такое адчуваньне, што ворганы проста хворыя. Гэтак жа, як і кіраўнікі. Нічога не магчыма высьветліць. Год таму ў нас праводзілі ператрус, але гэта рабілася паводле закону, прадставіўшыся і паказаўшы ордэр на ператрус. Тут жа нейкі статак прыгналі. Прычым я не разумею, які сэнс было называцца "энерганаглядам"?".

Зінаіда Ганчар лічыць, што захады па запалохваньню Віктара Ганчара і яе будуць працягвацца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG