Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 сакавіка 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

У нядзелю пятыя ўгодкі прыняцьця Канстытуцыі 1994 году на вуліцы Менску выйшлі адзначыць тыя, хто зь нецярплівасьцю чакае сёлятніх прэзыдэнцкіх выбараў. Удзельнікаў акцыі, у сваю чаргу, чакалі міліцыянты.

Спробы затрыманьня пачаліся яшчэ на пляцы Якуба Коласа, дзе а трынаццатай гадзіне сабраліся прадстаўнікі сацыял-дэмакратаў (іх лідар Мікола Статкевіч выступіў арганізатарам акцыі), Беларускага Народнага Фронту, Аб'яднанай грамадзянскай партыі і яе маладзёвага згуртаваньня - "Грамадзянскага форуму", а таксама "Хартыі-97". Акрамя сьцягоў гэтых партыяў, луналі сьцягі Эўрапейскага Саюзу. Шэсьце і мітынг прайшлі пад лёзунгам "У адстаўку!".

(Галасы:) "У адстаўку! У адстаўку!".

У традыцыйным шэсьці ад пляцы Якуба Коласа да Вопернага тэатру прыняло удзел, паводле арганізатараў, да 7 тысячаў удзельнікаў. Гэта больш, чым зьбіралі апошнія акцыі апазыцыі.

(Карэспандэнт:) "Вы прымаеце ўдзел у акцыі разам з немаўляці, якое нясеце на рукох".

(Жаночы голас:) "Таму што я не хачу, каб мае дзеці былі падняволенымі. Я хачу, каб яны жылі ў вольнай краіне, без Лукашэнкі".

(Галасы:) "Жыве Беларусь!".

Наколькі рэальнае зьвяртаньне да Канстытуцыі 1994 году? Экс-прэмьер Міхаіл Чыгір, які жадае быць прэзыдэнтам паводле Канстытуцыі 1994 году, заявіў:

(Чыгір:) "У мяне ў гэтым няма сумненьняў. Па-першае, праз выбары. Я думаю, на сёняшні дзень усё менш застаецца людзей, якія ня вераць у рэальнасьць выбараў, і калі памятаеце, у канцы мінулага году ў гэтую ідэю верыла ня больш чым 10 адсоткаў нашага насельніцтва. Спытайце сёньня ў людзей - больш чым палова верыць, што выбары адбудуцца".

Выконваючы абавязкі Старшыні БНФ Лявон Баршчэўскі лічыць, што Канстытуцыя 1994 году павінна быць іншай.

(Карэспандэнт:) "Скажыце, Лявон Пятровіч, на Вашую думку, ці варта сьвяткаваць дзень Канстытуцыі? Я нагадаю, што пад час яе прыняцьця Апазыцыя БНФ у Вярхоўным Савеце была супраць артыкулаў, якія ўводзілі пасаду прэзыдэнта менавіта з такімі паўнамоцтвамі".

(Баршчэўскі:) "Нашая пазыцыя з нагоды прэзыдэнцтва засталася нязьменнай, Мы супраць інстытуту прэзыдэнцтва менавіта з рычагамі ўзурпаваньня ўлады. Але мы за вяртаньне "статус-кво". Менавіта на базе той Канстытуцыі, якая прынятая 15 сакавіка 1994 г., можна ажыцьцявіць вяртаньне да парлямэнцкай дэмакратыі, і механізм гэты відавочны, і яго павінен запачаткаваць прэзыдэнт. Ён павінен дабраахвотна пайсьці на гэтую рэформу".

Удзельнікі мітынгу канстатавалі, што цяперашні прэзыдэнт Лукашэнка ўзурпаваў усе ўладныя паўнамоцтвы і зьмяніць сытуацыю здольныя толькі травеньскія прэзыдэнцкія выбары.

Адразу пасьля мітынгу была затрыманая міліцыяй актывістка БНФ Апанасевіч Галіна. Зьвесткаў пра іншых затрыманых пакуль няма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG