Сёньня пасьля дзесяці дзён галадоўкі з камэры спэцразьмеркавальніку быў вызвалены Старшыня Цэнтравыбаркаму Віктар Ганчар. Зараз ён знаходзіцца дома, але ля яго знаходзяцца лекары "хуткай дапамогі". Стан здароў'я Віктара Ганчара вельмі кепскі. Паводле ягоных словаў, у спэцразьмеркавальніку яго катавалі.
Жонка Зінаіда заявіла пра неабходнасьць ўзбуджэньня паводле гэтых фактаў крымінальнай справы. Разам з тым, сёньня улады вылучылі да Ганчара абвінавачваньне паводле 190 артыкулу Крымінальнага Кодэксу - "прысваеньне службовых абавязкаў". Паводле словаў жонкі, Ганчар вельмі схуднеў, і стан нырак пасьля сухой галадоўкі выклікае найбольшую занепакоенасьць. Ганчар мочыцца крывёю. Ён зь цяжкасьцю можа гаварыць. Сёньня а 14 гадзіне Ганчара павінны былі выпусьціць са спэцразьмеркавальніку на Акрэсьціна. Але тым, хто сабраўся сустракаць Старшыню Цэнтравыбаркаму, начальнік гэтай установы Палудаў паведаміў, што Ганчара ўжо некалькі гадзінаў як няма. Пасьля вяртаньня Ганчара дадому ягоная жонка паведаміла: (Зінаіда Ганчар:) "Сёньня раніцай яны вывезьлі яго ў ізалятар часовага ўтрыманьня і вылучылі абвінавачваньне паводле крымінальнага артыкулу. Ён адмовіўся ўсё падпісваць. Паўтары гадзіны яны трымалі яго ў нейкай камэры, у каменным мяху, лядоўні, патрабуючы падпісаць дакумэнты. Гадзіны паўтары яны вазілі яго па гораде, да Лагойскага паста ДАІ, і потым выкінулі яго ў сьнег. І вось ён адтуль дабіраўся сюды дадому. Ён быў у адным касьцюме і ў кашулі". Зінаіда Ганчар паведаміла, што супрацоўнікамі КГБ і Міністэрства ўнутраных справаў над Ганчаром у камэры былі ўжытыя катаваньні. У суботу, калі стала вядома, што Ганчара прымусова вывелі з галадоўкі, Зінаіда падала заяву ў пракуратуру з просьбай узбудзіць крымінальную справу паводле ўжываньня гвалту. Зараз яна заявіла, што будзе настойваць на ўзбуджэньні крымінальнай справы, бо тое, што рабілі з Ганчарому спэцразьмеркавальніку, яна назвала сапраўдным катаваньнем. (Зінаіда Ганчар:) "Прывезьлі яго ў спэцразьмеркавальнік, ён адразу ж абвясьціў пра галадоўку. У суботу ён пачаў мачыцца крывёю. Таму супрацоўнікі МУС і КГБ, якія ўсё гэта рабілі, задумаліся. У суботу яны ўключылі музыку на ўвесь паверх, выгналі ўсіх з камэраў. Вывелі яго ў калідор, і людзі ў масках скруцілі яго. Рукі прывязалі да ног, і адзін зь лекараў уліў яму пад прымусам, гвалтоўна 400 грамаў глюкозы. Ганчару зрабілася вельмі кепска, горш, чым было да гэтага". Ганчар паведаміў жонцы, што фізычны зьдзек над ім пачаўся з моманту ягонага затрыманьня. Зьдзекваліся супрацоўнікі МУС, якія разьбілі ў аўтамабілі шкло і гвалтам выцягнулі адтуль Ганчара. (Зінаіда Ганчар:) "Калі яны выцягнулі яго з машыны, на яго апранулі кайданкі і імкнуліся падвесіць да стойкі - верхніх перылаў у аўтобусе. Адна рука ў яго дагэтуль кепска функцыянуе, яны нейкім чынам перакруцілі яму рукі, а галавой, шыяй перагнулі праз пэрылы. Адзін у масцы закрываў яму вушы, Ганчар хрыпеў, задыхаўся". Пад час гэтага інтэрвію Зінаіда згубіла прытомнасьць.