Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 сакавіка 1999 г.


Галіна Айзэнштадт, Менск

Карэспандэнт беларускага радыё Сьвятлана Дабрыянік у рэпартажы з учорашняга пасяджэньня, праведзенага Аляксандрам Лукашэнкам з удзелам усіх сілавых міністраў і старшыні Камісіі па вяртаньні крэдытаў Леанідам Глухоўскім, заявіла, што паводле банкаўскіх дакумэнтаў Віктар Ганчар атрымаў і не вярнуў крэдыт на 300 000 даляраў. Лічбу крэдыту журналістка назвала, хутчэй за ўсё, са словаў прэзыдэнта, а той сумамі крэдытаў апэруе даволі адвольна. Так, старшыня камісіі Глухоўскі даклаў яму, што ня вернута каля 130 мільёнаў даляраў і 120 мільёнаў нямецкіх марак. Лукашэнка ж заяўляе, што, на ягоны погляд, раздадзена крэдытаў каля 500 мільёнаў даляраў, а вернута - толькі палова.

Таго самага Ганчара ён папракаў у студзені 1996 году ў невяртаньні 200 тысячаў даляраў — маўляў, Ганчар узяў ільготны крэдыт у банку, пабудаваў катэдж, і калі падлічыць усё разам, прыкладна такая сума і атрымаецца. Ганчар абвергнуў абвінавачаньні Лукашэнкі з трыбуны Вярхоўнага Савету. Ён патлумачыў дэпутатам, што ў інстытуце, дзе ён раней працаваў, раздавалі ўчасткі пад будаўніцтва лецішчаў. Ён таксама ўзяў, аднак лецішча так і не пабудаваў, вывеў толькі адзін фундамэнт. Няма ў яго, Ганчара, і ніякага катэджу, і ніякіх 200 000 даляраў ён не вінаваты.

У сакавіку таго самага 1996 году праваахоўчыя ворганы імкнуліся яшчэ нешта выцягнуць з гэтай гісторыі. На допыт у абласное ўпраўленьне МУС па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю выклікалі маладзечанскага сябра Ганчара, якому быў прададзены той самы зямельны ўчастак зь непабудаваным лецішчам. Ганчар зноў расказаў пра гэта з парлямэнцкай трыбуны і запатрабаваў, каб адпаведная камісія Вярхоўнага Савету праверыла правамоцнасьць дзеяньняў праваахоўчых ворганаў. Рэзюмэ, якім скончыў тады свой выступ Віктар Ганчар, было такое: "Я выхоўваўся на прынцыпах Зоі Касмадзям'янскай. І для мяне гэта ня фраза, а жыцьцёвы прынцып. Усіх не перавешаеце!".

Сёньняшнія паводзіны Ганчара ў турме сьведчаць, што ён сапраўды прытрымліваецца гэтых жыцьцёвых прынцыпаў. Што да тагачасных абвінавачваньняў у невяртаньні крэдытаў, дык яны паступова заглухлі. І вось - зноў выцягнутыя на Божы сьвет. Ушчуваючы сваіх падначаленых на згаданым пасяджэньні за тое, што дрэнна змагаюцца за вяртаньне крэдытаў, Лукашэнка абураўся: "Шмат хто з тых, хто браў гэтыя крэдыты, хто выдаваў, хочуць быць прэм'ерам, прэзыдэнтам, міністрамі. Гэтае жульлё сёньня рвецца да ўлады. А мы на гэта спакойна пазіраем".

Верагодна, калі б апанэнты ня "рваліся да ўлады", іх бы не чапалі. А так прэзыдэнт запрапанаваў кваліфікаваць невяртаньне крэдытаў як крадзеж у асабліва буйных памерах, з усімі вынікаючымі адсюль наступствамі. Ён жа вырашыў стварыць пры сабе спэцыяльны камітэт па барацьбе з карупцыяй. Некалі старшыня аналягічнай камісіі ў Вярхоўным Савеце ХІІ скліканьня Аляксандар Лукашэнка прыйшоў такім чынам да ўлады. Цяпер з дапамогаю антыкарупцыйнага камітэту ён спадзяецца яе ўтрымаць. Трэба ўсімі спосабамі адцягнуць увагу насельніцтва ад цяжкага эканамічнага становішча, перакласьці віну на іншых, прынамсі на тых, хто "не вярнуў крэдыты".

"У нас што, народ пераядае, ёсьць на што лекі купляць, нафтапрадукты?" - пытаўся Лукашэнка ў сваіх высокапастаўленых падначаленых, паабяцаўшы ім самыя суровыя пакараньні, калі яны ня зоймуцца як сьлед вяртаньнем крэдытаў. Бо на думку Лукашэнкі, на вернутыя крэдыты краіна здолее бязьбедна пражыць аж два гады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG