Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 сакавіка 1999 г.


Уладзімер Глод, Менск

5 сакавіка ў Менску будзе знаходзіцца афіцыйная дэлегацыя Літвы на чале зь міністрам замежных справаў гэтай краіны Альгірдасам Саўдаргасам.

У сьпіс афіцыйных кіраўнікоў Беларусі, якія будуць весьці перамовы зь міністрам замежных справаў Літвы, уваходзяць прэзыдэнт Лукашэнка, прэм'ер Лінг, міністар замежных справаў Латыпаў і віцэ-прэм'ер Кокараў. Удзел апошняга — віцэ-прэм'ера Кокарава — азначае, што галоўнай тэмай перамоваў будзе праблема вяртаньня запазычанасьці нашай краіны сваёй суседцы за карыстаньне электраэнэргіяй, якая вырабляецца на Ігналінскай атамнай станцыі. на карысьць такога прагнозу сьведчыць і тое, што сябры дэлегацыі зь Літвы маюць намер наведаць Міністэрства Эканомікі, Прамысловасьці, канцэрны «Белрэсурсы» і «Белэнэрга».

Аб праблеме вяртаньня запазычанасьці за электраэнэргію зь Літвы мы ўжо распавядалі некалькі разоў. Нагадаем толькі, што сума, я кую Беларусь дагэтуль ня выплаціла суседзям, наблізілася да 100 мільёнаў даляраў. Прыкладна тыдзень таму афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі Беларусі распаўсюдзілі паведамленьне пра тое, што ўлады дзьвюх краінаў быццам бы дасягнулі пагадненьня. Маўляў, Беларусь разьлічыцца з суседзямі пастаўкамі мноства тавараў — ад лядоўняў да тэлевізараў. Але, як цяпер высьвятляецца, гэтая інфармацыя вельмі й вельмі далёкая ад праўды.

У амбасадзе Літвы ў Менску я атрымаў зусім іншыя дадзеныя. Абяцаньне ўраду Беларусі пагасіць даўгі за электраэнэргію шырокім наборам тавараў выклікала ў Вільні вялікую трывогу. Тут добра разумеюць, што цэны на беларускія тавары ў сярэднім на 40% ніжэйшыя за мінімальны ўзровень, усталяваны Эўразьвязам. І калі ў Літву завязуць беларускіх тавараў на 100 мільёнаў даляраў, дык яны будуць дэмпінгаваць мясцовы рынак, а гэта ў сваю чаргу выклікае дэфляцыю і можа пагражаць банкруцтвам многім заводам і фабрыкам Літвы. У сувязі з гэтым міністар гаспадаркі Літвы Гедымінас Мішкініс патлумачыў пазыцыю свайго міністэрства. Яна фіксуе гэткі падыход: Літва згодная браць зь Беларусі толькі сыравіну або тавары, якія мясцовая прамысловасьць увогуле не вырабляе. Менавіта з такімі прапановамі і прыяжджае ў Менск дэлегацыя на чале зь міністрам замежных справаў Літвы. І тут іх, як лічаць у амбасадзе, чакаюць цяжкія перамовы.

А ў чацьвер 4 сакавіка ў Менск прыехалі некалькі дэпутатаў Сойму Літвы. Яны сустрэліся з Шыпуком і Малафеевым, наведалі Міністэрства Сельскай Гаспадаркі й Харчаваньня Беларусі. Прыбыцьцё дэпутатаў Сойму адразу выклікала надзвычайную рэакцыю, паколькі добра вядома, што абсалютная большасьць Сойму прызнае адзіным легітымным ворганам найвышэйшай заканадаўчай улады ў Беларусі Вярхоўны Савет XIII скліканьня. Аднак непаразуменьне адразу высьветлілася. Кіраўнік парлямэнтарыяў — старшыня Сялянскай Партыі Рамунас Карбаўскас — патлумачыў, што іхны візыт неафіцыйны, паколькі рашэньне аб паездцы ў Беларусь Сойм не прымаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG