Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 сакавіка 1999 г.


Алесь Лазоўскі, Менск

У Беларусі ўжо заведзеная крымінальная справа паводле фактаў замаху на цяперашні лад. У гэтай сувязі сёньня з пракурорскай санкцыі быў праведзены ператрус у рэдакцыі гарадзенскай газэты «Пагоня». Былі канфіскаваныя карыкатуры і лісты чытачоў.

Наступным крокам уладаў у дачыненьні да сродкаў масавай інфармацыі пасьля папярэджаньняў Дзяржкамдруку сталіся ператрусы ў рэдакцыях выданьняў. Сёньня гэта адбылося ў рэдакцыі гарадзенскай газэты «Пагоня», якая раней ужо атрымала такое папярэджаньне.

Распавядае рэдактар «Пагоні» Мікола Маркевіч:

(Маркевіч:) «Вобыск праводзілі супрацоўнікі Ленінскага РАЎС гораду Горадні на чале з намесьнікам начальніка РАЎС Галаўко у прысутнасьці 3-4 КГБэшнікаў. Усяго разам прысутнічала каля 12 чалавек. Было заяўлена, што ўзбуджаная крымінальная справа — дзе, кім, калі і супраць каго — паводле факту замаху на існуючы лад, гвалтоўнае зьвяржэньне існуючай улады і захопу гэтай улады. У адказ на пытаньне «Чаму вы прыйшлі менавіта ў газэту?», рэдакцыі газэты было абвешчана, што пракурорам Ленінскага раёну сп. Рублеўскім дадзеная санкцыя на вобыск памяшканьня і забраньне дакумэнтацыі, зьвязанай з альтэрнатыўнымі выбарамі, карыкатураў ды йншай друкаванай прадукцыі»

(Лазоўскі:) Скажыце, калі ласка, што-небудзь знайшлі тыя людзі, якія былі ў вас?

(Маркевіч:) «Яны знайшлі ў нашым архіве шмат таго, што я лічыў ужо згубленым. Яны забралі некалькі ўлётак 5-6-гадовай даўнасьці — фронтаўскіх улётак, якія былі дасланыя сябрамі фронту поштай. Забралі некалькі карыкатураў...»

(Лазоўскі:) Што-небудзь, што датычыла выбараў сёлетніх, абвешчаных Вярхоўным Саветам?

(Маркевіч:) «Яны, відаць, не маглі гэтага знайсьці, таму што ня там шукалі. Рэдакцыя — гэта рэдакцыя, гэта сродак пашырэньня інфармацыі, і калі ў нас і зьяўляецца гэткая інфармацыя, дык мы ні ад кога яе не хаваем, а спрабуем на наступны дзень распаўсюдзіць. Так што яны маглі б, як кажуць, тут нават і не шукаць, бо мы ня ёсьць Цэнтральная Камісія ў справе выбараў прэзыдэнта».

(Лазоўскі:) Што вам было паведамлена ў сувязі з гэтым ператрусам? Рэдакцыя будзе далей працаваць? Яе зачыняць?

(Маркевіч:) «На гэты конт нічога паведамлена не было, з улікам той акалічнасьці, што прыблізна недзе каля тыдня назад «Пагоні» было абвешчанае Дзяржкамдрукам папярэджаньне, вось адбыўся гэты грубы, брутальны, абсалютна незаконны ператрус, які фактычна зводзіць да нуля свабоду слова, магчымасьць пашыраць інфармацыю ў Беларусі. Я думаю, што могуць быць нейкія іншыя, больш брутальныя крокі».

Ператрус у рэдакцыі доўжыўся больш за дзьве гадзіны. Тыя, хто яго праводзіў, прачытвалі літаральна кожную паперу і галасаваньнем вызначалі — ці далучаць яе да матэрыялаў, што падлягаюць канфіскацыі. Сярод іншых быў канфіскаваны ліст чытача газэты, які ня меў ніякага палітычнага зьместу.

Я запытаўся ў рэдактара «Пагоні», наколькі поўна ягонае выданьне асьвятляла дзейнасьць створанай Ганчаром Цэнтральнай Выбарчай Камісіі.

(Маркевіч:) «Мы рэгулярна інфармуем людзей, бо ведаем, што ёсьць попыт на гэтую інфармацыю, аб тым як дзейнічае гэтая камісія, як рэжым ставіцца да гэтай камісіі — фактычна ўсю інфармацыю аб дзейнасьці гэтага воргану мы друкавалі, друкуем і будзем друкаваць і надалей. Гэта не зьяўляецца незаконным. Гэта не зьяўляецца захопам улады».

(Лазоўскі:) Вы фактычна ў сваім адказе апярэдзілі маё наступнае пытаньне — якім чынам будзе ладзіцца ваша далейшая дзейнасьць у сувязі з асьвятленьнем працы ЦэнтарВыбарКаму?

(Маркевіч:) «Наш журналісцкі абавязак — паведамляць пра ўсе значныя для грамадзтва падзеі, якія адбываюцца ў краіне. Мы гэта будзем рабіць. Мы выканаем свой абавязак перад чытачамі, хоць бы нават таму, што гэта не супярэчыць нават тым законам, якія Лукашэнка таксама прызнае. Я ўжо не кажу пра міжнародныя дамовы, пра правы чалавека, пра нейкія іншыя дакумэнты, якія дазваляюць журналістам выконваць свой прафэсійны абавязак».

Мікола Маркевіч дадаў, што праведзеная акцыя не адаб'ецца на тэхналягічным працэсе выхаду газэты — калі, вядома, ня будуць ужытыя іншыя захады ўзьдзеяньня на яе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG