Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 сакавіка 1999 г.


Сёньня нямецкая газэта Sueddeutsche Zeitung надрукавала рэдакцыйны артыкул пад назовам «Барацьба за ўладу ў Беларусі — Гіганцкі калгас праходзіць праверку на дэмакратыю».

У панядзелак у Беларусі рэгістрацыяй кандыдатаў пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія. Таксама ў панядзелак у Менску пачаліся працэсы супраць 15 сяброў камісіі, за якой стаяць амаль усе апазыцыйныя партыі Беларусі, а таксама супраць дэманстрантаў, якія пратэставалі супраць саюзу Беларусі з Расеяй.

У 1996 годзе Лукашэнка правёў рэфэрэндум, у якім грамадзяне краіны мусілі выказацца наконт паправак да канстытуцыі, паводле якіх кіраўнік дзяржавы атрымваў неабмежаваную ўладу і працягваў тэрмін свайго прэзыдэнцтва да 2001 году. Правядзеньне рэфэрэндуму супярэчыла Канстытуцыі. Аднак неўзабаве пасьля гэтага Лукашэнка распусьціў парлямэнт і прызначыў новы, у які ўвайшлі ягоныя паслухмяныя прыхільнікі. Заходнія краіны не прызнаюць новы парлямэнт, для іх тэрмін Лукашэнкавага прэзыдэнцтва канчаецца сёлета ў ліпені, як гэта й прадугледжвалася падчас абраньня.

Паводле адмененай Лукашэнкам Канстытуцыі, выбары прэзыдэнта мусяць адбыцца 16 траўня. Беларуская апазыцыя па ўсёй краіне ўжо рыхтуецца да гэтай падзеі, не баючыся рэпрэсіяў з боку беларускай сакрэтнай паліцыі. Менскія апазацыянэры паведамілі пра шматлікія выпадкі гэткіх рэпрэсіяў на прэсавай канфэрэнцыі, якая адбылася напрыканцы мінулага тыдня ў Варшаве.

Беларуская апазыцыя атрымвае падтрымку і ад расейскіх дэмакратаў, у Маскве нават быў адчынены банкавы рахунак для падтрымкі разагнанага Лукашэнкам парлямэнту. Затое расейскія камуністы і нацыяналісты падтрымваюць Лукашэнку. Група расейскай фашыстоўскай арганізацыі на пачатку лютага ўваччу ахоўнікаў парадку зьбіла прадстаўнікоў беларускай дэмакратычнай арганізацыі.

Паводле апытаньняў Лукашэнка карыстаецца шырокай папулярнасьцю ў сваіх землякоў. Абодва зарэгістраваныя альтэрнатыўнай выбарчай камісіяй кандыдаты - былы прэм'ер Міхаіл Чыгір і лідэр Народнага Фронту Зянон Пазьняк - ня мелі б ніякіх шанцаў, калі б у выбарах пагадзіўся ўзяць удзел Лукашэнка. Папулярнасьці Лукашэнкі мала пашкодзіў і цяперашні глыбокі эканамічны крызыс - дзякуючыб стараньням прапагандысцкага апарату і паслухмяных сродкаў масавай інфармацыі. На думку дэмакратычнай апазыцыі, гэтая былая савецкая рэспубліка застаецца ў руках колішніх кадраў КГБ, да якіх некалі належаў і Лукашэнка.

А якая справа захаду да Беларусі? Балоты, лясы, гіганцкі адсталы калгас з прагнілай эканомікай і дзесяцьцю мільёнамі жыхароў, дзевяць мільёнаў зь якіх жывуць як жабракі і мараць пра вяртаньне сьветлай савецкай мінуўшчыны. За гэта лёс падараваў гэтай былой савецкай рэспубліцы Аляксандра Лукашэнку, які верыць, што эканомічны рост можа слухацца ягоных загадаў, і які заклікае іншыя краіны пайсьці ягоным шляхам вялікіх дасягненьняў. Але Лукашэнка ня толькі сыстэматычна руйнуе сваю краіну, ён топча нагамі правы і свабоды чалавека: свабоды друку болей не існуе, апазыцыя душыцца рэпрэсіямі і паводле надуманых абвінавачаньняў садзіцца за краты. І гэтага дастаткова, каб адчуць неспакой за Беларусь.

Калі Лукашэнка распусьціў законны парлямэнт краіны - гэта не спадабалася краінам Захаду і яны пазбавілі яго фінансавай дапамогі - гэта была слушная пастанова. Цяжэй будзе зрабіць наступны крок: што рабіць, калі Лукашэнка не дазволіць правесьці прэзыдэнцкія выбары? Калі б Захад дзейнічаў пасьлядоўна, ён бы мусіў парваць усе дачыненьні з дыктатарскім рэжымам у Менску. Аднак гэта якраз было б на карысьць прыхільнікам аднаўленьня СССР.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG